Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лёс тых, хто вярнуўся, быў трагічны». 100 гадоў таму беларускія палітэмігранты прызналі Менск «адзіным цэнтрам»


Патсдамэр-пляц у Бэрліне ў 1925 годзе
Патсдамэр-пляц у Бэрліне ў 1925 годзе

Сьцісла

  • У 1920-я ўсё менш беларусаў лічылі, што Рада БНР у выгнаньні прадстаўляе іх інтарэсы.
  • Сытуацыя ў савецкай Беларусі была зусім ня кепскай у пляне пэрспэктыў нацыянальнага адраджэньня.
  • Большая частка дзеячаў БНР у той момант падтрымала ліквідацыю эміграцыйнага ўраду.
  • Сёньня мы ня бачым з боку рэжыму Лукашэнка ніякіх крокаў да прымірэньне з апазыцыяй.

Гісторык Аляксандар Пашкевіч распавядае пра абставіны і вынікі Другой Усебеларуская канфэрэнцыі, што прайшла сто гадоў таму, праводзіць непазьбежныя паралелі з нашым часам, і адказвае на пытаньне пра ўрокі гісторыі.

— 12-16 кастрычніка 1925 году ў Бэрліне адбылася Другая Ўсебеларуская канфэрэнцыя, нарада беларускіх палітычных дзеячаў у эміграцыі. На ёй было вырашана «прызнаць Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня». І перш чым пагаварыць пра ацэнку й нейкія гістарычныя паралелі, я папрашу вас коратка распавесьці пра тое, што ж адбылося роўна 100 год назад у Бэрліне. Чаму была склікана канфэрэнцыя і якія рашэньні яна прыняла?

— Канфэрэнцыя стала завяршальным актам тых працэсаў, якія ішлі некалькі гадоў.

Пасьля стварэньня БНР ягоны ўрад ня здолеў стварыць дзейную ўладу на тэрыторыі Беларусі, паспрабаваў дзейнічаць актыўна на міжнароднай арэне, дасягнуць прызнаньня і падтрымкі з боку тагачаснай міжнароднай супольнасьці. Пэўныя лякальныя посьпехі былі, але глябальнага посьпеху ў выглядзе стварэньня беларускай незалежнай дзяржавы і яе прызнаньня ўсімі вялікімі дзяржавамі дасягнуць не атрымалася.

Аляксандар Пашкевіч
Аляксандар Пашкевіч

Сусьветны досьвед паказвае, што гэта ў прынцыпе немагчыма дасягнуць у такіх умовах, калі ты ня не маеш свайго войска, не кантралюеш тэрыторыю краіны. Цягам часу справа дайшла да таго, што ў пачатку 1920-х гадоў у нашым рэгіёне ўсталявалася геапалітычная раўнавага, калі былі падпісаныя дамовы аб прызнаньні ўсіх межаў.

Беларусь мусіла разьвівацца па тых правілах і законах, якія мелі краіны-пераможцы. Яе частка ўвайшла ў БССР у складзе Савецкага Саюзу, другая частка ўвайшла ў склад Польшчы. Такім чынам, беларускі народ аказаўся падзелены.

На кожнай з гэтых частак мясцовыя беларускія дзеячы атрымалі магчымасьць праводзіць сваю палітычную дзейнасьць — вядома, у залежнасьці ад мясцовых умоў. У Савецкай Беларусі праводзілася палітыка беларусізацыі і каранізацыі, беларусы ўвайшлі ў структуры ўлады. У Польшчы беларусы маглі ўдзельнічаць у выбарах у парлямэнт і нават мелі там парлямэнцкую фракцыю.

Эміграцыйныя структуры ў такіх умовах прасядалі, бо, аказалася, што яны асабліва нікому не патрэбныя. Яны працягвалі сваю дзейнасьць, імкнучыся паказваць, што прадстаўляюць беларускае грамадзтва. Але ўсё менш людзей лічылі, што Рада БНР прэзэнтуе іх інтарэсы.

Таму гэтыя супярэчнасьці нарасталі, Рада сустракалася з усё большымі праблемамі, у тым ліку і фінансавымі, і арганізацыйнымі. Нават падтрымка нават з боку Літвы (якая з прычыны канфлікту наконт Вільні з Польшчай была зацікаўлена ў падтрымцы беларускага руху) таксама з часам зьнікла.

Таму ў пэўны момант зьявіліся з розных бакоў ініцыятывы, што ўрад БНР павінен альбо сваю дзейнасьць спыніць, альбо перафарматаваць. Такую лінію актыўна стаў праводзіць бальшавіцкі ўрад у Менску, які настойваў, каб урад БНР ня толькі закрыў сваю дзейнасьць, але і зрабіў гэта на карысьць уладаў БССР.

Урэшце такія дзеяньні і абставіны прывялі да таго, што склікалі гэтую канфэрэнцыю ў Бэрліне. На ёй пастанавілі, што ўрад БНР складае свае паўнамоцтвы і прызнае савецкі ўрад у Менску як адзінага паўнамоцнага прадстаўніка беларускага народу.

— Вядома, што легітымнасьць гэтага рашэньне адразу аспрэчвалася іншымі дзеячамі беларускага руху. Ці ёсьць кансэнсус гісторыкаў на гэты конт?

— Агульнай думкі, мяркую, няма. Шмат залежыць ад таго, як той ці іншы гісторык глядзіць на тагачасныя паўнамоцтвы Рады БНР.

Мая пэрсанальная думка, што паўнамоцтвы прымаць такія рашэньні ў людзей, якія прысутнічалі на канфэрэнцыі, былі. Аляксандар Цьвікевіч быў старшынём Рады народных міністраў БНР. Вядома, поўнага адзінства не існавала, але большая частка дзеячаў БНР у той момант гэты крок падтрымала.

«Прызнаньне Менску адзіным прадстаўніком беларускіх інтарэсаў выглядала як ня самы горшы варыянт»

— Аднак ці было тое рашэньне цалкам сьвядомым і добраахвотным? Ці можна казаць, што значную ролю ў яго прыняцьці адыграла дзейнасьць спэцслужбаў БССР, якія былі вельмі зацікаўленыя ў такім разьвіцьці падзеяў?

— Можна казаць, што ў той момант мэханізмаў непасрэднага ціску на дзеячаў БНР, якія знаходзіліся за мяжой, у савецкіх спэцслужбаў фактычна не было. Яны не маглі сказаць: «Давайце, маўляў, закрывайце вашу лавачку, альбо будзе вам вельмі кепска». Дзеячы Рады маглі проста заставацца на Захадзе, жыць сваім прыватным жыцьцём. То бок калі б самі дзеячы БНР гэтага не захацелі б, яны б гэта не рабілі.

Іншая справа, што сама сытуацыя падавалася так, што савецкая ўлада зрабіла шмат, каб пераканаць, што для беларускай нацыянальнай ідэі яна — найлепшае з усіх магчымых. Мы ведаем, што ў 1920-я гады сытуацыя ў савецкай Беларусі была зусім ня кепскай у пляне пэрспэктыў нацыянальнага адраджэньня. Праводзілася беларусізацыя, каранізацыя — і гэта было насамрэч.

Газэта «Савецкая Беларусь» за 15 лістапада 1925 году
Газэта «Савецкая Беларусь» за 15 лістапада 1925 году

Дзеячы БНР патрапілі ў такую сытуацыю, калі няма ніякіх магчымасьцяў праводзіць эфэктыўную дзейнасьць, калі праца робіцца ўсё большай фікцыяй, калі няма грошай нават на тое, каб паехаць на нейкі форум, калі цябе нават запросяць, ты ўсё роўна мусіш у кагосьці прасіць грошы. Людзі шукалі, што лепей для беларускай справы, і прызнаньне Менску адзіным прадстаўніком беларускіх інтарэсаў выглядала як ня самы горшы варыянт.

— Варта нагадаць, якім быў лёс тых, хто вярнуўся ў Менск.

— Лёс тых, хто вярнуўся, быў вельмі трагічны. Сытуацыя, калі ў Беларусі падтрымлівалася ўсё беларускае й можна было весьці працу па нацыянальным адраджэньні, скончылася ўжо праз 5 гадоў. У 1930 годзе была інсьпіраваная справа «Саюза вызваленьня Беларусі». Усе дзеячы БНР, якія прыехалі ў Менск, пад яе трапілі, і большасьць зь іх у выніку загінулі ў сталінскіх засьценках. Гісторыя паказала, што вяртацца ў Савецкую Беларусь было памылковым крокам.

Ініцыятар правядзеньні Другой Усебеларускай канфэрэнцыі ў Бэрліне Аляксандар Цьвікевіч у савецкай вязьніцы.
Ініцыятар правядзеньня Другой Усебеларускай канфэрэнцыі ў Бэрліне Аляксандар Цьвікевіч у савецкай вязьніцы. 10 сьнежня 1937 яго расстралялі ў Менску

— Калі пераходзіць да ўрокаў гісторыі, то што мы, сёньняшнія, можам вынесьці з тых падзеяў? Бо ў цяперашняй сытуацыі зноў для некаторых паўстае пытаньне пра «перагарнуць старонку». Ці ёсьць нейкі кампрамісны варыянт паміж поўнай капітуляцыяй тых, хто змагаецца з рэжымам Лукашэнкі, і працягам бескампраміснай барацьбы?

— Ёсьць сярэдні варыянт паміж працягам бескампраміснага змаганьня і «перагортваньнем старонкі» — гэта прыстасаваньне сваёй дзейнасьці да ўмоваў зьмененай рэчаіснасьці.

Геапалітычная сытуацыя ў нашым рэгіёне такая што, на жаль, беларускі дэмакратычны рух не складае такой сілы, якая можа нечага дасягнуць самастойна. Дэмсілы цалкам залежаць ад таго, як будзе складвацца ўвогуле сытуацыя, ад пазыцыі замежных партнэраў. Таму застаецца толькі гнутка на гэта рэагаваць, сачыць за зьменамі ў гэтых парадыгмах і пад гэта сваю палітыку прыстасоўваць.

Наконт «перагортваньня старонкі» — да гэтага павінна імкнуцца абодва бакі. Мы ня бачым з боку рэжыму Лукашэнка ніякіх крокаў да прымірэньня з апазыцыяй, нават да таго, каб паспрабаваць кагосьці перацягнуць на свой бок, як гэта было ў 1925-м годзе.

Так званая «камісія па вяртаньні» амаль за 3 гады разгледзела 70 справаў, зь іх толькі 30 задаволеныя. Гэта сьведчыць, што ніякага жаданьня вяртаць кагосьці няма, рэпрэсіі не спыняюцца, агрэсіўная рыторыка не спыняецца. Для пазытыўнай працы на беларускай глебе ўсярэдзіне Беларусі таксама не існуе ўмоў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG