Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрыдман: У Эўропе хапае краінаў, якія гатовыя прыняць Ціханоўскую


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

У эфіры «Свабоды Premium» палітоляг і гісторык Аляксандар Фрыдман выказаў меркаваньне, што калі бясьпека Сьвятланы Ціханоўскай у Літве ня будзе гарантаваная на належным узроўні, то неабходным будзе пераезд Офісу ў іншую краіну.

«Дарэмна думаць, што Офісам і іншымі структурамі не цікавяцца адпаведныя службы ў Беларусі. І калі нармальнага ўзроўню бясьпекі няма, то працаваць вельмі цяжка. Калі гэтага ня будзе, то я цалкам магу ўявіць, што будзе прынятае рашэньне пра Польшчу, Чэхію або ў іншую краіну. У Эўропе хапае краінаў, якія гатовыя прыняць Сьвятлану Ціханоўскую і яе Офіс», – лічыць Фрыдман.

Паводле палітоляга, выдаткі на Офіс Сьвятланы Ціханоўскай не такія і высокія, калі параўнаць іх з грашыма, якія ЭЗ выдаткоўвае на іншыя праекты ў розных краінах.

«А што атрымае Літва? Наўрад ці палепшацца адносіны з Лукашэнкам. Эканамічныя зрухі? Не. Грошы, якія Літва можа заашчадзіць, гэта не выратуе літоўскі бюджэт. Гэтае рашэньне без відавочных плюсаў для Літоўскай Рэспублікі». – лічыць Аляксандар Фрыдман.

Днямі стала вядома, што Літва зьмяншае ўзровень аховы Офісу Сьвятланы Ціханоўскай і яе самой. Для самой каманды Ціханоўскай гэта стала нечаканасьцю. Паводле крыніц Свабоды, супрацоўнікі Офісу беларускай дэмакратычнай лідэркі паведамілі прадстаўнікам урадаў заходніх краін, што Сьвятлана Ціханоўская засталася без асабістай аховы; была зьнятая і ахова штаб-кватэры ў Вільні, што прымусіла большую частку каманды Офісу перайсьці на дыстанцыйную працу; Ціханоўскую таксама папярэдзілі, што цягам двух-трох тыдняў ёй належыць пакінуць жыльлё, дзе яна была пад аховай апошнія пяць гадоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG