УДАКЛАДНЕНЬНЕ: У першапачатковай публікацыі памылкова сьцьвярджалася, што ліст заходнім дыпляматам адрасавала сама Сьвятлана Ціханоўcкая — ён сыходзіў ад супрацоўнікаў ейнага Офісу. Таксама прадстаўнік КДБ зьвярнуўся праз інтэрнэт не да самой Ціханоўскай, а да супрацоўніка ейнага Офісу.
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі на просьбу Свабоды пракамэнтаваць гэтую інфармацыю заявіў наступнае:
«Ніякіх афіцыйных лістоў мы не рассылалі, але магу сказаць, што мы камунікавалі асабіста з дыпляматамі наконт сытуацыі, якая склалася».
Паводле крыніц Свабоды, у паведамленьні ад імя Офісу беларускай дэмакратычнай лідэркі гаворыцца, што ў выніку зьніжэньня ўзроўню аховы —
- Сьвятлана Ціханоўская засталася без асабістай аховы;
- была зьнятая ахова і штаб-кватэры ў Вільні, што прымусіла большую частку каманды Офісу перайсьці на дыстанцыйную працу;
- Ціханоўскую таксама папярэдзілі, што цягам двух-трох тыдняў ёй належыць пакінуць жыльлё, дзе яна была пад аховай апошнія пяць гадоў.
Паводле допісу Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, гэтае рашэньне літоўскага ўраду было прынята без папярэдніх кансультацый і сталася нечаканым.
У паведамленьні адзначаецца, што зьніжэньне аховы ўжо прывяло да таго, што ўзмацніўся ціск на сваякоў людзей з каманды Ціханоўскай у Беларусі.
Цяпер Офіс Ціханоўскай чакае падрабязнасьцяў ад Літвы наконт новай сыстэмы бясьпекі, што мае ўвесьці крымінальная паліцыя.
Разам з тым у Офісе разглядаюць і іншыя варыянты, у тым ліку магчымы пераезд, каб забясьпечыць найвышэйшы ўзровень аховы.
Каманда Ціханоўскай падзякавала Літве за падтрымку і адзначыла, што дзякуючы ранейшаму высокаму ўзроўню аховы не было ніводнага сур’ёзнага інцыдэнту зь бясьпекай. Пры гэтым, адзначаецца ў паведамленьні заходнім дыпляматам, статус Ціханоўскай як Госьці Ўраду Літвы застаецца, як і дыпляматычная акрэдытацыя Офісу. У гэтым яе запэўніў міністар замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.
У паведамленьні ад імя Офісу Ціханоўскай падкрэсьліваецца, што яны ня просяць заходнія ўрады пра дапамогу — прынамсі, на гэтым этапе.
Офіс Ціханоўскай працуе бязь зьменаў, нягледзячы на новыя ўмовы, а пляны застаюцца ў сіле, адзначаецца ў дыпляматычнай ноце.
Форум