Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Сейму Літвы заявіў, што краіна не зьмяншае, а павялічвае падтрымку Офісу Ціханоўскай


Юозас Олекас
Юозас Олекас

У сувязі са зьменай узроўню аховы лідэркі беларускай апазыцыі Сьвятланы Ціханоўскай і частковым пераходам яе Офісу на дыстанцыйную працу старшыня літоўскага парлямэнту зьняпраўдзіў сьцьверджаньні, што Літва адмаўляецца ад падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў.

Юозас Олекас заявіў 9 кастрычніка, што дапамога Літвы нікуды ня зьнікла і будзе працягвацца.

«Наша дапамога дэмакратычным сілам Беларусі захоўваецца і, напэўна, нават узмацняецца. Што тычыцца аховы, то гэта, так бы мовіць, ацэнка службамі, якія прымаюць рашэньні наконт таго, неабходная такая ахова ў гэты момант ці не», — сказаў Олекас журналістам, яго цытуе BNS.

Ён адзначыў, што Сейм падтрымлівае шчыльны кантакт зь беларускай апазыцыяй праз сустрэчы, дыскусіі й супольную працу.

Олекас сказаў гэта пасьля таго, як ахову Сьвятланы Ціханоўскай і памяшканьня ейнага Офісу замест Службы аховы кіраўніцтва пачало забясьпечваць Бюро крымінальнай паліцыі Літвы.

Навінавы партал LRT, які першым паведаміў пра гэта, назваў зьмену паніжэньнем узроўня аховы.

Прадстаўніца Офісу Ціханоўскай Ганна Красуліна паведаміла BNS, што праца ў памяшканьнях у Вільні абмежаваная, а некаторыя супрацоўнікі працуюць дыстанцыйна.

Каманда беларускай дэмакратычнай лідэркі адмовілася даваць падрабязную інфармацыю аб арганізацыі працы, спаслаўшыся на патрабаваньні бясьпекі.

Паводле праваахоўнікаў, пасьля зьмены рэжыму аховы Ціханоўская, ейны офіс і дом будуць па-ранейшаму пад аховай, аднак калі лідэрка беларускай апазыцыі будзе за мяжой, яе ахову мае забясьпечваць краіна, якая прымае.

Тыя, хто прыняў гэтае рашэньне, і палітыкі, якія яго падтрымліваюць, сьцьвярджаюць, што рэжым бясьпекі быў зьменены ў сувязі са зьменай узроўню пагрозы і што гэта тэхнічная зьмена.

Крытыкі падазраюць, што гэтае рашэньне мае палітычны характар і патурае тым, хто лічыць, што Ціханоўскай, якая прыбыла ў Літву ў 2020 годзе, надаецца празьмерная ўвага і на яе ахову вылучаецца занадта шмат рэсурсаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG