Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры стаў вугорскі пісьменьнік Ласла Краснагоркаі


Ласла Краснагоркаі, архіўнае фота
Ласла Краснагоркаі, архіўнае фота

Імя ляўрэата сёлетняй Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры абвясьцілі у Стакгольме.

Уладальнікам Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 2025 году стаў вугорскі празаік і сцэнарыст Ласла Краснагоркаі.

Краснагоркаі лічаць найважнейшым жывым аўтарам Вугоршчыны. Ён дасьледуе ў сваіх творах тэмы постмадэрнісцкай дыстапіі і мэлянхоліі.

Швэдзкая акадэмія ўшанавала яго за «пераканаўчую і празарлівую творчасьць, якая сярод апакаліптычнага жаху пацьвярджае сілу мастацтва».

Ласла Краснагоркаі нарадзіўся ў горадзе Дзюла 5 студзеня 1954 году. У тагачаснай палітычнай сытуацыі Ласла толькі ў 11 гадоў даведаўся, што мае габрэйскія карані. Скончыў каледж, які спэцыялізаваўся на лаціне, затым вучыўся праву ва ўнівэрсытэтах Сэгеду і Будапэшту. Атрымаў навуковую ступень у вугорскай мове і літаратуры на факультэце гуманістыкі .

Пісьменьніцкую кар’еру пачаў у 1985 годзе. У 1987-м пакінуў родную Вугоршчыну, жыў у Нямеччыне, Кітаі, Манголіі.

У 2015 годзе Краснагоркаі атрымаў міжнародную Букераўскую прэмію, стаўшы першым вугорскім пісьменьнікам, уганараваным гэтай узнагародай.

Ягоны раман «Вайна і вайна» (1999) крытык часопісу «New Yorker» Джэймс Вуд апісаў як «адзін з самых трывожных досьведаў, якія я калі-небудзь меў як чытач».

Летась Швэдзкая акадэмія выбрала ляўрэаткай паўднёвакарэйскую раманістку Хан Ган. Нарвэскі пісьменьнік і драматург Юн Фосэ перамог у 2023 годзе, француская пісьменьніца Ані Эрно — у 2022-м. А дзесяць гадоў таму прэмію ўпершыню прысудзілі беларусцы — Сьвятлане Алексіевіч.

Нобэлеўскую прэмію ў хіміі за 2025 год атрымалі трое навукоўцаў — Сусуму Кітагава, Рычард Робсан і Омар Ягі. Яны ўзнагароджаныя «за распрацоўку мэталаарганічных каркасаў».

Нобэлеўскі камітэт прысудзіў прэмію 2025 году ў галіне фізыкі таксама траім навукоўцам. Гэта Джон Кларк, Мішэль Дэварэ і Джон Мартыніс. Прэмію прысудзілі «за адкрыцьцё макраскапічнага квантава-мэханічнага тунэляваньня і квантаваньня энэргіі ў электрычным ланцугу».

Нобэлеўская прэмія ў фізіялёгіі і мэдыцыне прысуджана за дасьледаваньні ў галіне імуналёгіі. Яе атрымалі трое навукоўцаў з ЗША і Японіі — Мэры Бранкаў, Фрэд Рэмсдэл і Сімон Сакаґуці. Іх адзначылі за дасьледаваньні, зьвязаныя з пэрыфэрычнай імуннай талерантнасьцю.

Літаратурная прэмія — чацьвёртая ўзнагарода, ляўрэатаў якой абвяшчаюць пасьля набэлістаў у мэдыцыне, фізыцы і хіміі. Прэмія міру будзе абвешчана ў пятніцу ў Осла, гэта адзіная нобэлеўская ўзнагарода, якая не ўручаецца ў Стакгольме. Нобэлеўскі тыдзень завяршаецца ў панядзелак уручэньнем Нобэлеўскай прэміі ў эканамічных навуках.

Кожная Нобэлеўская прэмія гэтага году прадугледжвае грашовую ўзнагароду ў памеры 11 мільёнаў швэдзкіх кронаў (1,1 мільёна даляраў). Прэміі афіцыйна ўручаць ляўрэатам на цырымоніі 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці швэдзкага вынаходніка і заснавальніка Нобэлеўскага фонду Альфрэда Нобэля (1833–1896).

Беларусь мае двух Нобэлеўскіх ляўрэатаў — гэта Алексіевіч і Алесь Бяляцкі, якому ўручылі Нобэлеўскую прэмію міру. Алексіевіч праз палітычны перасьлед вымушаная была пакінуць Беларусь, а Бяляцкі чарговы раз сядзіць у турме паводле сфабрыкаванага палітычнага прысуду.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG