Прайшло больш за паўгода з моманту таямнічага зьнікненьня былой старшыні Каардынрацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. Дагэтуль невядома, дзе яна і ці жывая. Маёр контрвыведкі Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы ў адстаўцы, а цяпер супрацоўніца факультэту міжнародных зносін Беластоцкага ўнівэрсытэту доктар Ганна Грабоўска-Сівец лічыць, што Мельнікава вельмі даўно супрацоўнічала са спэцслужбамі ў Менску.
У этэры польскага тэлеканалу TVP Info 5 кастрычніка выйшла перадача пад назвай «Апэрацыя Мельнікава», які быў прысьвечаны зьнікненьню беларускі, піша агенцтва «Позірк».
«[Мельнікава] была навучана, былі пастаўлены вельмі канкрэтныя задачы. І гэтыя задачы на тэрыторыі Польшчы рэалізоўвала», — сказала Грабоўска-Сівец.
Узаеміны з былым мужам, які свабодна прыяжджаў да яе ў Польшчу зь Беларусі і вяртаўся назад, «былі формай сувязі», мяркуе адстаўная афіцэрка. Былы муж палітыка быў пад наглядам беларускіх спэцслужбаў, перакананая яна.
«[Гэта] падтрыманьне пастаяннага кантакту, прыкрытага вельмі надзейнай легендай», — дадала Грабоўска-Сівец, маючы на ўвазе сустрэчы былога мужа Мельнікавай зь іх дзецьмі.
«Гэта ідэальна ўпісваецца ў modus operandi, г. зн. спосаб функцыянавання выведкі і выдатна легендуе [гэты кантакт], — працягнула экспэртка. — Вельмі спэцыфічныя акалічнасьці зьнікненьня таксама можна растлумачыць мовай спэцслужбаў. Калі б я была заказчыкам, таксама бы зьвярнулася да такіх інструмэнтаў — праблемы са здароўем, зьнікненьне грошай» (гаворка аб сродках, якія прызначаліся для ініцыятывы «Кібэрпартызаны» і, па наяўнай інфармацыі, зьнятых экс-старшынёй КР з банкаўскага рахунку, — «Позірк».).
«Тое, што свайго агента абвінавачваем у злачынстве і правакуем сытуацыю, у якой ён уцякае, губляецца дзесьці бясьсьледна з гэтымі грашыма — гэта ідэальная легенда, вельмі папулярная <…> ў спэцслужбаў. Так што, па-мойму, тут усё цудоўна складваецца», — заявіла Грабоўска-Сівец.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Павал Латушка ў рэпартажы ў чарговы раз заявіў: ён ня верыць, што Мельнікава была агенткай спэцслужбаў Менску.
Паводле віцэ-старшыні КР Станіславы Гліньнік, якая склала паўнамоцтвы ў жніўні, першапачаткова разглядалася дзевяць асноўных вэрсій таго, што магло адбыцца зь Мельнікавай.
«На сёньня, напэўна, засталіся тры. Ёсьць вэрсія, што яна была супрацоўніцай беларускіх службаў з самага пачатку. Другая вэрсія — што стала супрацоўнічаць пад прымусам нядаўна. І трэцяя — што была спроба яе завэрбаваць і націснуць, якая пайшла ня ў тым напрамку», —дадала Гліньнік.
Пры гэтым яна дапускае, што Мельнікавай можа ня быць у жывых.
Што вядома пра зьнікненьне Анжалікі Мельнікавай
Пра тое, што 25 сакавіка зьнікла сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, паведаміў 28 сакавіка Павал Латушка. Ён сказаў, што падаў заяву аб зьнікненьні ў праваахоўныя органы Польшчы (у Анжалікі, акрамя беларускага, ёсьць польскае грамадзянства). З словаў Паўла Латушкі, апошні кантакт зь ёю адбылася 25 сакавіка раніцай. Візуальна падчас сазвону ў Зуме дэлегаты КР бачылі яе 21 сакавіка — пры гэтым невядома, адкуль яна выходзіла ў сувязь. Таксама стала вядома, што зьніклі і дочкі Мельнікавай, якія жылі зь ёю ў Варшаве.
27 сакавіка Павал Латушка падаў афіцыйны зварот у камэндатуру паліцыі Варшавы ў сувязі са зьнікненьнем Анжалікі і яе дачок. Ён адзначаў, што нефармальна інфармаваў паліцыю за «дзень-два» да 27 сакавіка. Асабіста ён бачыў Анжаліку ў канцы лютага ў офісе.
Паводле польскай паліцыі, Мельнікава ў канцы лютага вылецела за межы Эўразьвязу, у Лёндан, зь дзьвюма дочкамі. Былы муж Анжалікі выехаў з Польшчы ў Беларусь аўтобусам 23 сакавіка.
НАУ самастойна вызначыў, што мабільная прылада Мельнікавай была лякалізаваная на тэрыторыі Беларусі 19 і 25 сакавіка. Пры гэтым адзін зь яе гаджэтаў яшчэ 18 сакавіка знаходзіўся ў Варшаве.
4 красавіка сузаснавальнік ініцыятываў BY_help і BySol Аляксей Лявончык, які жыве ў Вялікай Брытаніі, падаў заявы аб зьнікненьні Мельнікавай у паліцыю Лёндану і ў нацыянальнае крымінальнае агенцтва Вялікай Брытаніі. У прэс-службе лёнданскай паліцыі 8 красавіка паведамілі выданьню ВВС, што не расьсьледуюць зьнікненьня Мельнікавай.
Журналістам «Люстэрка» 7 красавіка ўдалося датэлефанавацца да былога мужа Мельнікавай, які пацьвердзіў, што ён разам зь іхнымі дзецьмі знаходзіцца ў Беларусі. Таксама ён заявіў, што ня ведае, дзе цяпер Анжаліка Мельнікава.
Хто такая Анжаліка Мельнікава
Прадстаўніцу сьпісу «Каманда Латушкі і рух „За свабоду“» Анжаліку Мельнікаву абралі сьпікеркай Каардынацыйнай рады трэцяга скліканьня 11 ліпеня 2024 году ад блёку «Каманда Латушкі і Рух „За Свабоду“», які значна апярэдзіў астатнія кааліцыі колькасьцю атрыманых галасоў і ў выніку заняў 28 з 80 месцаў у КР.
Мельнікава скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Да 2018 году была намесьніцай генэральнага дырэктара «Кока-Кола Беўрыджыз Белоруссія», пасьля пайшла ў дэкрэтны водпуск. У 2020-м яе двойчы затрымлівалі на пратэстах, сям’я выехала зь Беларусі.
З чэрвеня 2022 году яна была каардынатаркай праектаў Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня на чале з Паўлам Латушкам.
Выступаючы на паседжаньні Каардынацыйнай рады 10 ліпеня 2024 году, яна назвала асноўнымі кірункамі сваёй дзейнасьці ў выпадку выбраньня «працу ў інтарэсах беларусаў і вырашэньне канкрэтных праблем людзей», пашырэньне паўнамоцтваў КР і яе ўзаемадзеяньня з АПК, узьняцьце ўзроўню і прэстыжу КР, структурызацыю і якаснае асьвятленьне яе працы.
Форум