Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трамп можа пакрыўдзіцца». Лукашэнка раскрытыкаваў Нобэлеўскі камітэт за прэмію міру


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

«Глупства поўнае», — так Аляксандар Лукашэнка адрэагаваў на тое, што сёлетнюю Нобэлеўскую прэмію міру прысудзілі не прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу.

«Трамп заслужыў гэтую Нобэлеўскую прэмію. І яму трэба было аддаваць — па ўсіх прычынах. Асабліва па тых прычынах, па якіх апошнім часам Нобэлеўская прэмія прысуджалася ўвогуле абы каму», — сказаў Лукашэнка, намякнуўшы на прэзыдэнта ЗША Барака Абаму, які атрымаў Нобэлеўскю прэмію ў 2009 годзе:

«Ну, узгадайце — справа мінулая — прэзыдэнту ЗША адпаведнаму, які ўвогуле нічога не зрабіў. Стаў прэзыдэнтам — атрымаў гэтую прэмію», — перадае адказ Лукашэнкі журналісту расейскага «Первого канала» тэлеграм-канал «Пул Первого».

«Трамп нямала зрабіў для міру. Яны вельмі кепскую паслугу аказалі самому мірнаму працэсу. Ва ўсіх пунктах. Трамп можа пакрыўдзіцца», — адзначыў Лукашэнка.

Далей ён зрабіў заяву, што «Нобэлеўскі камітэт ня міру прэмію прысудзіў, а прысудзіў прэмію тым, хто не зацікаўлены ў міры». Але тут жа дадаў пра ляўрэатку: «Я ня ведаю гэтага вэнэсуэльскага чалавека, і гаварыць не хачу».

І яшчэ раз падкрэсьліў, што «з усіх пазыцый, і асабліва на пэрспэктыву, каб Трампа прывязаць гэтай Нобэлеўскай прэміяй да мірнага працэсу, — трэба было яму даваць гэтую прэмію».

«Блізарукае рашэньне. Увогуле незразумела якое рашэньне», — падсумаваў ён.

Ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі міру 2025 году стала апазыцыйная лідэрка з Вэнэсуэлы Марыя Карына Мачада «за яе нястомную працу для падтрыманьня дэмакратычных правоў народу Вэнэсуэлы і за яе барацьбу за справядлівы і мірны пераход ад дыктатуры да дэмакратыі».

Сёлета амэрыканскі прэзыдэнт тэлефанаваў Лукашэнку і дзякаваў яму за вызваленых палітвязьняў у сваім блогу ў сацсетцы Х (былы Twitter) і на прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме, называючы Лукашэнку «паважаным чалавекам», «моцным лідэрам» і «моцнай асобай». Некаторыя экспэрты лічаць, што прыярытэтам палітыкі ЗША адносна Беларусі ёсьць выкарыстаньне Лукашэнкі для дыялёгу наконт міру ўва Ўкраіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG