У кастрычніку 2020 году ў Беларусі ўсё яшчэ ішлі пасьлявыбарчыя пратэсты, на 11 кастрычніка быў заплянаваны чарговы нядзельны «Марш гонару». Напярэдадні, 10 кастрычніка, Лукашэнка нечакана прыехаў у СІЗА КДБ да арыштаваных лідэраў апазыцыі і правёў зь імі сустрэчу. Кадры зь яе пасьля растыражавалі ўсе праўладныя СМІ, некалькі чалавек адразу пасьля выйшлі на свабоду. Прыгадваем, што там было і як склаўся лёс удзельнікаў сустрэчы.
Што было на сустрэчы
Апроч Аляксандра Лукашэнкі, ягонага малодшага сына Мікалая, ягонага суправаджэньня і аховы на сустрэчы былі 12 чалавек, на той момант зьняволеных. Сустрэча доўжылася 4,5 гадзіны, пра што пазьней казала ўдзельніца, мэдыятар і сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Лілія Ўласава. Апанэнты Лукашэнкі гаварылі толькі 30-45 хвілін. Астатні час гаварыў Лукашэнка, то бок пад 90% працягласьці ўсёй сустрэчы.
Вядома, што на сустрэчы Лукашэнка пытаўся ў апанэнтаў аб зьменах у Канстытуцыі (яе зьмянілі ў лютым 2022 году). Канкрэтныя прапановы на сустрэчы агучыў Віктар Бабарыка. Ён казаў пра неабходнасьць падзелу ўлады, свабоду прыватнай уласнасьці. Але фактычна рэальнага падзелу ўлады пасьля прыняцьця новай Канстытуцыі не адбылося.
На сустрэчы, з словаў удзельнікаў, Лукашэнка даў два абяцаньні: прыняць абмежаваньні для прэзыдэнцкай пасады — 2 тэрміны па 5 гадоў — і ня ўдзельнічаць больш у выбарах прэзыдэнта.
Абмежаваньне сапраўды ўвялі ў Канстытуцыю ў 2022 годзе, аднак для Лукашэнкі абнулілі ранейшыя тэрміны, то бок ён можа прымаць удзел і ў наступных выбарах. Другога абяцаньня ён не стрымаў цалкам, пайшоў на выбары ў студзені 2025 году і застаўся ва ўладзе. Іх вынікі не прызналі міжнародная супольнасьць і апанэнты.
Большасьць удзельнікаў сустрэчы пасьля казалі, што яе нельга было назваць дыялёгам, максымум — абменам думкамі.
«Ён шчыра верыць, што ён найлепшы кіраўнік краіны, што яго падтрымлівае большасьць», — казаў пасьля сустрэчы яе ўдзельнік, юрыст выбарчага штабу Бабарыкі Ільля Салей.
Што стала з удзельнікамі
З 12 вязьняў — удзельнікаў той сустрэчы 9 ужо выйшлі з-за кратаў, трое застаюцца ў няволі. Некаторыя выйшлі на волю на наступны дзень пасьля той размовы з Лукашэнкам у СІЗА.
Дагэтуль за кратамі
Віктар Бабарыка — асуджаны на 14 гадоў пазбаўленьня волі прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, адбывае пакараньне ў калёніі № 1 у Наваполацку. Зь лютага 2023 па люты 2025 году Бабарыку трымалі ў рэжыме інкамунікада, зьвесткі ад яго не даходзілі нават да родных.
У красавіку 2023 году Бабарыку дастаўлялі ў аддзяленьне хірургіі Наваполацкай лякарні ў стане сярэдняй цяжкасьці. У яго знайшлі вадкасьць у лёгкіх. Іншым вязьням забараняюць кантактаваць зь Віктарам, за гэта іх караюць. Сёлета ў лютым яму дазволілі перадаць лісты ад родных, а таксама апублікавалі фатаздымкі і відэа зь ім. З словаў нядаўна вызваленага экс-палітвязьня Глеба Гладкоўскага, Бабарыка працуе ў пякарні.
«Выглядае загарэлым, паправіўся ў целе, нармальны. Выглядае добра агулам. Усе вельмі спадзяюцца, што яго таксама рыхтуюць да памілаваньня, проста прыводзяць у форму, каб выглядаў максымальна добра да моманту выхаду», — расказаў Гладкоўскі на прэсавай канфэрэнцыі вызваленых палітвязьняў у Вільні.
Эдуард Бабарыка — кіраўнік выбарчага штабу і сын Віктара Бабарыкі. Эдуард асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Сьпярша яму прысудзілі 8 гадоў, пасьля за нібыта «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі» дадалі яшчэ 2 гады. Трымаюць у калёніі № 8 у Воршы.
Пра Эдуарда ў зьняволеньні расказаў былы палітзьняволены Яўген Сямёнаў пасьля вызваленьня:
«Чалавек пакінуў вельмі глыбокі ўражаньне асабіста ў маёй душы. Мы шмат размаўлялі зь ім: пра кнігі, пра псыхалёгію, пра дзяўчат. Яму даволі цяжка, але ён вельмі моцны і вельмі трымаецца», — расказаў Яўген Сямёнаў.
Максім Знак — сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, адвакат. Максіма Знака асудзілі на 10 гадоў зьняволеньня. Яго трымаюць у калёніі № 3 «Віцьба». Вядома, што як мінімум 2,5 гады яго ізалявалі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу, турма ўнутры турмы). У зьняволеньні Знак напісаў кнігу «Зэкамэрон», а таксама стаў ляўрэатам прэміі «За парушэньне спакою — адважнаму пісьменьніку ў небясьпецы». Максіма трымаюць у рэжыме інкамунікада, сувязі зь ім ня маюць нават сваякі.
Выйшлі на волю
Сяргей Ціханоўскі — вызвалены і вывезены ў Літву сёлета 21 чэрвеня, пасьля сустрэчы прадстаўнікоў адміністрацыі Дональда Трампа з уладамі Беларусі. Актыўна займаецца блогерствам, сустракаецца з эўрапейскімі палітыкамі, праводзіць сустрэчы зь беларусамі дыяспары, нядаўна наведаў ЗША.
Лілія Ўласава — мэдыятарка, вядомая ў Беларусі юрыстка, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады. Выйшла на волю празь некалькі дзён пасьля сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ. Сьпярша ёй зьмянілі меру стрыманьня на хатні арышт, пасьля яго скасавалі. Нейкі час актыўна давала інтэрвію аб умовах той сустрэчы і аб сытуацыі ў Беларусі. З 2021 году публічнай інфармацыі пра яе няма.
Віталь Шкляраў — паліттэхноляг, вызвалены 19 кастрычніка 2020 году. 27 кастрычніка 2020 году Віталь Шкляраў вярнуўся ў ЗША ў суправаджэньні спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША ў справах закладнікаў. Быў прадусарам фільму «Minsk» пра першыя дні пратэстаў у Беларусі.
Ільля Салей — адвакат Марыі Калесьнікавай, вызвалены 16 красавіка 2021 году, выехаў зь Беларусі ў жніўні таго ж году. Летась у траўні Ільля стаў адвакатам у Вялікай Брытаніі, жыве ў Лёндане.
Аляксандар Васілевіч — сузаснавальнік мэдыя kyky.org і The Village, вызвалены ў лютым 2022 году, у ліпені таго ж году выехаў зь Беларусі.
Кірыла Бадзей — былы выканаўца абавязкаў старшыні праўленьня «Белгазпрамбанку». Як паведамлялі праваабаронцы, імаверна, выйшаў на волю ці па ўмоўна-датэрміновым вызваленьні, ці ў выніку абскарджаньня прысуду. Больш дакладнай інфармацыі няма.
Сяргей Дабралёт — былы намесьнік старшыні «Белгазпрамбанку», выйшаў на волю 9 сакавіка 2023 году. Чым займаецца цяпер, невядома.
Дзьмітры Рабцэвіч — дырэктар PandaDoc. Выйшаў на волю на наступны дзень пасьля сустрэчы з Лукашэнкам, даў інтэрвію дзяржаўнай тэлевізіі аб пэрспэктывах ІТ-сфэры ў Беларусі, зьбіраўся адкрываць новую ІТ-кампанію. Вядома, што ў кастрычніку 2020 году ён заснаваў кампанію «ПЦІ Салюшнс», якая была закрытая і зьліквідаваная ў 2024 годзе.
Юры Васкрасенскі — вызвалены на наступны дзень пасьля сустрэчы з Лукашэнкам, стаў актыўным праўладным сьпікерам, рэгулярна выступае ў дзяржаўнай тэлевізіі, дзе крытыкуе ўсіх прадстаўнікоў апазыцыі і хваліць Лукашэнку. У кастрычніку 2020 году заснаваў арганізацыю «Круглы стол дэмакратычных сілаў», якая мела выпрацоўваць прапановы ў Канстытуцыю. Да гэтай арганізацыі ніхто зь вядомых апазыцыйных палітыкаў не далучыўся.
Форум