Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі міру 2025 году стала апазыцыйная лідэрка з Вэнэсуэлы


Марыя Карына Мачада
Марыя Карына Мачада

У Осла назвалі ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі міру 2025 году Марыю Карыну Мачада.

Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт вырашыў прысудзіць Нобэлеўскую прэмію міру 2025 году апазыцыйнай лідэрцы і дэмакратычнай актывістцы Марыі Карыне Мачада «за яе нястомную працу для падтрыманьня дэмакратычных правоў народу Вэнэсуэлы і за яе барацьбу за справядлівы і мірны пераход ад дыктатуры да дэмакратыі», — гаворыцца ў заяве Нобэлеўскага камітэту, якую агучыў старшыня Нарвэскага Нобэлеўскага камітэту Ёрген Ватнэ Фруднэс.

Ён назваў яе «змагаркай за мір», якая працуе дзеля аслабленьня «жорсткае ўтрыманьне ўлады» ўрадам Вэнэсуэлы, піша DPA.

«Дэмакратыя залежыць ад людзей... якія адважваюцца зрабіць крок наперад, нягледзячы на сур’ёзную рызыку», — сказаў Фруднэс.

Намінацыі на Нобэлеўскую прэмію міру 2025 году прымалі да 31 студзеня, усяго было 338 кандыдатаў.

Цягам 2025 году гучалі прапановы ўганараваць гэтай прэміяй прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Трамп выказваў жаданьне атрымаць прэмію, якую атрымалі чатыры яго папярэднікі — Барак Абама ў 2009 годзе, Джымі Картэр у 2002 годзе, Вудра Вільсан у 1919 годзе і Тэадор Рузвэльт у 1906 годзе. Усе, акрамя Картэра, атрымалі ўзнагароду, будучы на пасадзе, прычым Абама быў названы ляўрэатам менш чым праз восем месяцаў пасьля ўступленьня на пасаду — у такім жа становішчы, як Трамп зараз.

У 2024 годзе ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру стала арганізацыя ацалелых пасьля атамных бамбаваньняў Японіі «Ніхон Хіданкё» — гэта масавы рух тых, хто перажыў атамнае бамбаваньне Хіросімы і Нагасакі, таксама вядомых як хібакуся.

Арганізацыя атрымала Нобэлеўскую прэмію міру за намаганьні стварыць сьвету, свабоднага ад ядзернай зброі, і за дэманстрацыю праз паказаньні сьведак таго, што ядзерная зброя ніколі не павінна быць выкарыстаная зноў.

У 2023 годзе ляўрэаткай прэміі стала зьняволеная праваабаронца Наргес Мухамадзі з Ірану, якую цяпер улады Ірана выпусьцілі для лячэньня.

У 2022 годзе прэмію атрымалі зьняволены беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, які дагэтуль у турме, расейская праваабарончая група «Мемориал» і ўкраінская праваабарончая арганізацыя «Центр громадянських свобод».

Прэмія міру — адзіная з Нобэлеўскіх прэміяў, якую ўручаюць у Осла, а не ў Стакгольме. За гэты тыдзень былі абвешчаныя прэміі ў мэдыцыне, фізыцы, хіміі й літаратуры. Ляўрэатаў прэміі ў эканоміцы абвесьцяць у панядзелак.

Каму дасталіся іншыя прэміі 2025 году

Уладальнікам Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 2025 году стаў вугорскі празаік і сцэнарыст Ласла Краснагоркаі.

Краснагоркаі лічаць найважнейшым жывым аўтарам Вугоршчыны. Ён дасьледуе ў сваіх творах тэмы постмадэрнісцкай дыстапіі і мэлянхоліі.

Швэдзкая акадэмія ўшанавала яго за «пераканаўчую і празарлівую творчасьць, якая сярод апакаліптычнага жаху пацьвярджае сілу мастацтва».

Нобэлеўскую прэмію ў хіміі за 2025 год атрымалі трое навукоўцаў — Сусуму Кітагава, Рычард Робсан і Омар Ягі. Яны ўзнагароджаныя «за распрацоўку мэталаарганічных каркасаў».

Нобэлеўскі камітэт прысудзіў прэмію 2025 году ў галіне фізыкі таксама траім навукоўцам. Гэта Джон Кларк, Мішэль Дэварэ і Джон Мартыніс. Прэмію прысудзілі «за адкрыцьцё макраскапічнага квантава-мэханічнага тунэляваньня і квантаваньня энэргіі ў электрычным ланцугу».

Нобэлеўская прэмія ў фізіялёгіі і мэдыцыне прысуджана за дасьледаваньні ў галіне імуналёгіі. Яе атрымалі трое навукоўцаў з ЗША і Японіі — Мэры Бранкаў, Фрэд Рэмсдэл і Сімон Сакаґуці. Іх адзначылі за дасьледаваньні, зьвязаныя з пэрыфэрычнай імуннай талерантнасьцю.

  • Ляўрэатаў запрашаюць атрымаць узнагароды на цырымоніі 10 сьнежня, у гадавіну сьмерці Нобэля. Прэмія міру ўручаецца ў Осла, згодна зь ягоным жаданьнем, а іншыя цырымоніі ўзнагароджаньня праходзяць у Стакгольме.
  • Прэмія прадугледжвае грашовую ўзнагароду ў 11 мільёнаў швэдзкіх кронаў (1 мільён даляраў) з спадчыны стваральніка прэміі, швэдзкага вынаходніка Альфрэда Нобэля. Яна прысуджалася 117 разоў.
  • Сярод грамадзян Беларусі ёсьць двое нобэлеўскіх ляўрэатаў: Сьвятлана Алексіевіч (прэмія ў літаратуры 2015 году) і Алесь Бяляцкі (прэмія міру 2022 году).


Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG