28 верасьня Коўл з словамі I’m on it (Я займаюся гэтым) перапосьціў допіс Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня, апублікаваны некалькімі днямі раней — 25 верасьня, у дзень нараджэньня Бяляцкага.
«Сёньня спаўняецца 63 гады ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру, заснавальніку праваабарончага цэнтру „Вясна“, палітвязьню Алесю Бяляцкаму. Гэта ўжо пяты ягоны дзень народзінаў за кратамі, дзе ён нядаўна перанёс апэрацыю. Вельмі важна дамагчыся вызваленьня Алеся і ўсіх 1200+ палітвязьняў у Беларусі...», — гаварылася ў допісе НАУ.
У камэнтарах на Х Коўла спыталі, «Калі гэта можа адбыцца?».
«Вельмі хутка», — адказаў прадстаўнік прэзыдэнта ЗША.
11 верасьня пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі былі вызваленыя з турмаў 52 палітычныя зьняволеныя. На пытаньне журналістаў Джон Коўл тады адказаў, што сьпіс на вызваленьне вызначалі ўлады Беларусі.
Раней, 5 верасьня, на прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон і Менск вядуць перамовы пра вызваленьне часткі з 1400-1500 зьняволеных у Беларусі, большасьць якіх палітвязьні. Вызваленых і астатніх зьняволеных Трамп назваў «закладнікамі».
Форум