Пры ўезьдзе ў Літву паліва ў баках не павінна быць больш за 200 літраў. За такое абмежаваньне выступіў міністар фінансаў Літвы Крыступас Вайтэкунас, перадае Delfi.
Ён адзначыў, што Польшча і Латвія ўжо ўвялі падобныя абмежаваньні.
«Калі бак грузавіка мае ёмістасьць адну ці нават паўтары тоны, гэтае абмежаваньне можа быць карысным, бо не сакрэт, што паліва не абавязкова расходуецца падчас паездкі грузавіка», — патлумачыў міністар фінансаў.
Паводле мытнага дэпартамэнту Літвы, 90% грузавікоў заяжджаюць у краіну з поўнымі бакамі, а выяжджаюць з напаўпустымі.
У лютым мытная служба Літвы заявіла, што існуюць сакрэтныя ўзгодненыя пункты для транзытных грузавікоў, дзе зьліваюць паліва. Тыповы грузавік за адну такую паездку можа зьліць ад 800 да 1000 літраў дызэльнага паліва, якое потым прадаюць на «чорным рынку». Паводле ацэнак мытнікаў, шкода для бюджэту Літвы можа сягаць 20 мільёнаў эўра на год.
У Польшчы ня больш за 200 літраў паліва можна ўвозіць у баку легкавога аўтамабіля ці аўтобуса. Для грузавікоў норма вышэйшая — 600 літраў (і яшчэ 200 — для грузавікоў-халадзільнікаў). Пры перавышэньні ліміту можна заплаціць мыта і ехаць далей.
У Латвіі з гэтага году дзейнічае абмежаваньне 200 літраў для ўсяго транспарту. Пры перавышэньні аўтамабіль церазь мяжу не прапусьцяць.
Форум