7 кастрычніка ўрад Латвіі зацьвердзіў падрыхтаванае Міністэрствам транспарту распараджэньне аб абмежаваньні перасячэньня латвійска-беларускай і латвійска-расейскай межаў аўтобусамі пры міжнародных нерэгулярных пасажырскіх перавозках.
«У сувязі з геапалітычнай сытуацыяй і заклікам урада да жыхароў Латвіі ўстрымацца ад паездак у Беларусь і Расею, зафіксаваны рост патоку нерэгулярных арганізаваных аўтобусных перавозак, а таксама заторы на прымежных дарогах. Такая сытуацыя стварае дадатковыя рызыкі бясьпекі, у тым ліку пагрозу нелегальнай іміграцыі, дзеяньняў замежных спэцслужбаў і вярбоўкі грамадзян. Таму неабходна ўвесьці абмежаваньні на міжнародныя нерэгулярныя пасажырскія перавозкі пры перасячэньні межаў гэтых краін», — заявіў транспарту Латвіі Атыс Швінка
Распараджэньне забараняе перавозчыкам ажыцьцяўляць міжнародныя нерэгулярныя пасажырскія перавозкі аўтобусамі з перасячэньнем латвійска-беларускай і латвійска-расейскай мяжы ў пунктах пропуску «Патэрніекі» (з боку Беларусі «Грыгораўшчына»), а таксама «Грабнёва» і «Церахава» з 1 лістапада 2025 года па 31 кастрычніка 2026 года.
Забарона распаўсюджваецца на ўсіх перавозчыкаў, незалежна ад юрыдычнай асобы і краіны рэгістрацыі транспартнага сродку.
У якасьці альтэрнатывы захоўваюцца рэгулярныя пасажырскія перавозкі, арганізаваныя ў адпаведнасьці з міжурадавымі пагадненьнямі і заканадаўствам Латвіі, гаворыцца ў паведамленьні.
Нерэгулярныя перавозкі — гэта перавозкі пасажыраў, якія не ажыцьцяўляюцца па загадзя ўстаноўленым маршруце і раскладзе, а замаўляюцца разава юрыдычнымі або фізычнымі асобамі. Яны адрозьніваюцца ад рэгулярных перавозак, якія выконваюцца па вызначаным маршруце і графіку.
Платная электронная рэгістрацыю пры ўезьдзе зь Беларусі і Расеі
Электронная сыстэма ў Латвіі будзе апрацоўваць інфармацыю аб транспартным сродку, яго кіроўцу і пасажырах, грузе, які перавозіцца, і кантрольных дзеяньнях зь імі.
Усе аўтамабілі, якія ўяжджаюць у Латвію зь Беларусі і Расеі, павінны будуць папярэдне зарэгістравацца ў спэцыяльнай інфармацыйнай сыстэме. Пасьля ўхваленьня закону рэзэрвацыя электроннай чаргі будзе платнаю. Пра гэта раней паведаміла прэс-служба латвійскага ўраду.
Міністар транспарту Латвіі Атыс Швінка адзначыў, што новаўвядзеньне будзе выгаднае як перавозьнікам, так і кіроўцам транспартных сродкаў, бо ім не давядзецца доўга стаяць у чарзе для перасячэньня мяжы.
Цяпер перасекчы мяжу Латвіі з боку Беларусі можна праз адзіны пункт пропуску «Грыгораўшчына» (з боку Латвіі «Патэрніекі»).
Якія яшчэ заканадаўчыя акты наконт Беларусі ўхвалілі ў Латвіі
Раней улады Латвіі абавязалі беларусаў без латвійскай візы ці ДНЖ за 48 гадзін да ўезду падаць пра сябе вялікі аб’ём інфармацыі, у тым ліку аб службе ў войску.
Таксама Латвія рыхтуецца забараніць беларусам працаваць на абʼектах крытычнай інфраструктуры і набываць нерухомасьць у краіне. Абʼекты крытычнай інфраструктуры — тыя, што выконваюць важныя грамадзкія функцыі, а таксама забесьпячэньне аховы здароўя, бясьпекі, эканамічнага і сацыяльнага дабрабыту людзей.
Раней улады Латвіі выступілі за забарону паездак у Беларусь і Расею тым, хто працуе ў дзяржаўнай адміністрацыі, дэпутатам і супрацоўнікам Саэймы (парлямэнту).
Апрача таго, грамадзяне Беларусі і Расеі, якія ўяжджаюць у Латвію з краін Шэнгенскай зоны, мецьмуць запоўніць адмысловую заяву пра знаходжаньне ў краіне. Гэта прадугледжана правілам, якое распрацоўвае Міністэрства ўнутраных справаў Латвіі, заявіў у этэры латвійскай тэлевізіі міністар унутраных справаў краіны Рыхардc Козлаўскіс, піша Lsm.lv.