У прыродзе Беларусі больш чым праз 35 гадоў зноў зафіксавалі янота-паласкуна, паведаміў партал smartpress.by.
Як расказаў парталу старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтру біярэсурсаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Павал Велігураў, сьляды жывёлы знайшлі на абалоне ракі Бярэзіны ў Івейскім раёне, а непадалёк фотапастка зафіксавала самога зьвера.
«Атрыманыя факты разам з раней знойдзенай на трасе мёртвай жывёлінай сьведчаць пра пасяленьне папуляцыі гэтага віду», — сказаў Павал Велігураў.
Паводле біёляга, зараз адмыслоўцы плянуюць маніторынгавыя даследаваньні, каб вызначыць колькасць, арэал і дынаміку папуляцыі янотаў.
Пакуль застаецца незразумелым, адкуль яноты зьявіліся на Горадзеншчыне — з прыватных вальераў беларусаў ці з суседніх краін, дзе папуляцыі паласкуноў ужо сфармаваліся.
Вяртаньне янота-паласкуна — ня толькі заалягічная сэнсацыя, але і экалягічны выклік, мяркуюць заолягі.
«Заморскі госьць здольны наносіць шкоду мясцовым экасыстэмам, выціскаючы абарыгенныя віды. Трэба рэгуляваць яго колькасьць і прымаць захады для недапушчэньня яго распаўсюджваньня», — падкрэсьліў Павал Велігураў.
- У XX стагодзьдзі янотаў-паласкуноў з Паўночнай Амэрыкі актыўна расьсялялі ў Эўропе дзеля футравага промыслу.
- У Беларусі іх выпускалі ў прыроду ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя, але апошнія іх назіраньні ў дзікім асяродзьдзі былі яшчэ ў 1980-х гадах.
- З таго часу яноты-паласкуны лічыліся зьніклымі з фаўны краіны.
Форум