Экспарт чыгуначным шляхам беларускага бэнзіну ў Расею ў верасьні вырас у чатыры разы ў параўнаньні з папярэднім месяцам, паколькі Масква імкнулася вырашыць праблему дэфіцыту паліва, выкліканага нападамі Ўкраіны на яе энэргетычную інфраструктуру.
Пра гэта 7 кастрычніка паведамілі агенцтву Reuters крыніцы ў паліўнай галіне.
У апошнія тыдні некалькі расейскіх рэгіёнаў увялі нарміраваньне і часова замарозілі цэны на паліва з-за дэфіцыту папулярных відаў бэнзіну, выкліканага ўдарамі бесьпілётнікаў, што былі накіраваныя на нафтаперапрацоўчыя заводы, сярод іншых энэргетычных аб’ектаў.
Масква таксама абмежавала экспарт свайго бэнзіну і дызэльнага паліва. У гэтых умовах Расея павялічыла імпарт паліва зь Беларусі, каб пакрыць свой дэфіцыт.
Паводле крыніц агенцтва, у верасьні пастаўкі бэнзіну па чыгунцы зь беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў на ўнутраны рынак Расеі вырасьлі да 49 000 тон у дзень, а пастаўкі беларускага дызэльнага паліва ў Расею ў верасьні склалі 33 000 тон у дзень.
У той жа час транзыт бэнзіну зь Беларусі для далейшага экспарту праз расейскія парты ў мінулым месяцы павялічыўся прыкладна на 1% да 140 000 тон. З сакавіка 2021 года Беларусь выкарыстоўвае расейскія парты для перавалкі сваіх нафтапрадуктаў у адпаведнасьці з пагадненьнем аб супрацоўніцтве, падпісаным паміж Масквой і Менскам.
Аднак, паводле крыніц і разьлікаў Reuters, такія перавалкі зьнізіліся амаль на 40% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага года да 1,17 мільёна тон у пэрыяд са студзеня па верасень з-за зьніжэньня абʼёмаў перапрацоўкі.
Два нафтаперапрацоўчыя заводы Беларусі — Наваполацкі «Нафтан» і Мазырскі НПЗ — маюць гадавую магутнасьць па 12 мільёнаў тон, але звычайна яны вырабляюць каля 9 мільёнаў тон у год.
- Амаль 40% магутнасьцяў расейскіх НПЗ прастойваюць, гэта рэкорд.
- Каля 70% прыпыненьняў зьвязаныя з атакамі ўкраінскіх бесьпілётнікаў, падкрэсьліў прадстаўнік агенцтва.
- У выніку вытворчасьць бэнзіну і дызэльнага паліва ў Расеі скарацілася на 6% у жніўні і яшчэ на 18% у верасьні.
- Віцэ-прэм’ер Расеі Аляксандр Новак прапанаваў нарасьціць у кастрычніку пастаўкі беларускага бэнзіну ў Расею з 45 тыс. да 300 тыс. тон за месяц. Гэта вынікае са звароту Новака прэмʼер-міністру Расіі Міхаілу Мішусьціну, зь якім азнаёміўся «Коммерсантъ».
- 30 верасьня расейскі ўрад працягнуў часовую забарону на экспарт бэнзіну. Цяпер ён будзе дзейнічаць да 31 сьнежня 2025 года для ўсіх экспартэраў.
- Кабмін таксама ўвёў новую забарону на вываз за мяжу дызэльнага паліва, суднавага паліва і іншых газойляў. Гэтая мера дзейнічае да канца года.
Форум