Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на Міністэрства абароны Латвіі.
Як і раней, забарона будзе дзейнічаць з 20 да 7 гадзін.
«Далейшыя рашэньні зьвязаныя з плянаваньнем апэрацыі NATO „Усходні вартавы“, а таксама з каардынацыяй дзеяньняў зь іншымі краінамі Балтыі», — адзначыў міністар абароны Латвіі Андрыс Спрудс.
Паводле яго слоў, падоўжыць забарону вырашылі з улікам «выпадкаў парушэньня паветранай прасторы ў іншых краінах NATO», а таксама таго факту, што абмежаваньні такога кшталту «даюць Нацыянальным узброеным сілам магчымасьць весьці больш дэталёвае назіраньне за паветранай прасторай, праводзіць вучэньні з выкарыстаньнем бесьпілётных лятальных апаратаў і супрацьдзеяньня ім, а таксама разгортваць і трэніраваць мабільныя баявыя падразьдзяленьні».
Апэрацыя NATO «Усходні вартавы» (Eastern Sentry) накіраваная на ўмацаваньне абароны ўсходняга флянгу альянсу пасьля інцыдэнту з расейскімі беспілётнікамі, што ўварваліся ў паветраную прастору Польшчы ў верасьні.
17 верасьня Міністэрства абароны Латвіі абвясьціла пра закрыцьцё паветранай прасторы краіны паблізу межаў з РФ і Беларусьсю ў цёмны час содняў.
11 верасьня, напярэдадні беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад-2025», Латвія закрыла на тыдзень сваю паветраную прастору ўздоўж усходніх межаў. Забарона датычылася лятальных апаратаў, што падымаліся на вышыню да 6 тыс. мэтраў. Пасьля ацэнкі рызыкаў было прынятае рашэньне падоўжыць абмежаваньні толькі ў цёмны час содняў, «калі пагроза зьяўляецца найбольшай».
Падставай для такіх мер сталі падзеі 10 верасьня, калі ў Польшчу масава ўварваліся расейскія дроны — упершыню за тры з паловай гады поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны. Частка дронаў заляцела ў Польшчу праз Берасьцейскую вобласьць. Варшава заявіла пра «акт агрэсіі». Для нэўтралізацыі беспілётнікаў былі задзейнічаныя сілы як Польшчы, так і іншых краінаў NATO.
Форум