Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два беларускія чэмпіёны ня змогуць удзельнічаць у Паралімпіядзе


Ігар Бокі на п’едэстале Паралімпіяды-2020
Ігар Бокі на п’едэстале Паралімпіяды-2020

23-разовы паралімпійскі чэмпіён Ігар Бокі і 3-разовая чэмпіёнка Сьвятлана Саханенка засталіся па-за паралімпійскімі гульнямі. Прычынай сталі зьмены ў правілах для атлетаў з хваробамі вачэй.

Пра гэта паведаміў у эфіры тэлеканалу СТВ генэральны сакратар Паралімпійскага камітэту Беларусі Мікалай Шудзейка.

Нядаўна зьмяніўся Клясыфікацыйны кодэкс, і высокую ступень міяпіі выключылі зь спісу хвароб, зь якімі атлет мог трапіць на паралімпіяду.

Сьвятлана Саханенка (цяпер Маторына) — 3-разовая чэмпіёнка зімовых Паралімпійскіх гульняў 2018 году ў лыжных гонках на 15, а таксама 7,5 і 1,5 км.

Ігар Бокі з 2010 году заваяваў у плаваньні 79 залатых мэдалёў на найбуйнейшых спаборніцтвах і ўсталяваў 10 сусьветных рэкордаў.

Ён 21 раз станавіўся паралімпійскім чэмпіёнам, 28 разоў — чэмпіёнам сьвету і 30 разоў — чэмпіёнам Эўропы.

Сьвятлана Саханенка на Паралімпіядзе-2018
Сьвятлана Саханенка на Паралімпіядзе-2018

27 верасьня Міжнародны паралімпійскі камітэт прыняў рашэньне адмяніць частковую дыскваліфікацыю Беларусі і Расеі, уведзеную пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Масквы ва Ўкраіну ў 2022 годзе.

Гэта рашэньне адкрывае магчымасьць для беларускіх і расейскіх спартоўцаў выступаць пад дзяржаўнымі сьцягамі на зімовых Паралімпійскіх гульнях у Міляне і Картына-д’Ампэцца ў наступным годзе.

Аднак у шасьці зімовых відах спорту рашэньне пра допуск краін да спаборніцтваў Паралімпіяды застаецца за міжнароднымі спартовымі фэдэрацыямі, якія пакуль пакуль не зьнялі забарону на ўдзел беларускіх і расейскіх атлетаў:

  • біятлёне,
  • гарналыжным,
  • кёрлінгу на вазках,
  • лыжных гонках,
  • сноўбордзе,
  • хакеі.

19 верасьня Міжнародны алімпійскі камітэт дазволіў удзел беларускіх і расейскіх спартоўцаў у зімовай Алімпіядзе пры ўмове, што яны будуць выступаць пад нэўтральным сьцягам і выконваць патрабаваньні нэўтралітэту.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG