Выбарчыя ўчасткі зачыніліся а 15:00 4 кастрычніка. Вынікаў галасаваньня чакаюць цягам некалькіх гадзін.
Большасьць апытаньняў перад выбарамі паказвалі, што мільярдэр Андрэй Бабіш і яго папулісцкая партыя ANO перамогуць на парлямэнцкіх выбарах, набраўшы каля 30% галасоў. Мільярдэр-папуліст Бабіш у сваёй кампаніі засяроджваўся на абяцаньнях павысіць заробкі і стымуляваць рост эканомікі, а таксама на спыненьні вайсковай дапамогі Ўкраіне.
Пры гэтым, нават калі партыя Бабіша пераможа на выбарах, ёй амаль напэўна давядзецца дамаўляцца пра кааліцыю з маргінальнымі партыямі, што наблізіць краіну да Вугоршчыны Віктара Орбана і Славаччыны Робэрта Фіцы ў стаўленьні да Ўкраіны і можа прывесьці да спыненьня дапамогі Кіеву і зьмяншэньня энтузіязму наконт удзелу Чэхіі ў заходніх інстытуцыях.
Цяперашні правацэнтрысцкі кааліцыйны ўрад прэм’ер-міністра Пэтра Фіялы аказаў Украіне значную гуманітарную і вайсковую дапамогу, але многія выбарнікі вінавацяць яго ў ігнараваньні ўнутраных праблемаў краіны.
Згодна з апытаньнямі, Spolu («Разам»), альянс правацэнтрысцкіх партыяў, у які ўваходзяць «Грамадзянскія дэмакраты» дзейнага прэм’ера Фіялы, можа набраць каля 20 працэнтаў галасоў, у той час як іншыя партыі цяперашняга празаходняга кааліцыйнага ўраду Stan («Старасты і незалежныя») і «Піраты», паводле прагнозаў, атрымаюць па 10–12 працэнтаў кожная.
Усе гэтыя партыі заявілі, што не зацікаўленыя ў стварэньні кааліцыі з ANO або нават у падтрыманьні яе галасамі для прыняцьця законаў як аднапартыйнага ўраду меншасьці.
Форум