Чакаецца, што мільярдэр Андрэй Бабіш і ягоная папулісцкая партыя ANO перамогуць, верагодна, сфармаваўшы кааліцыю з маргінальнымі партыямі, якія падтрымліваюць палітыку Вугоршчыны і Славаччыны, піша карэспандэнт Свабоды Рыкард Юзьвяк.
Прарасейская прапаганда праз TikTok паўплывала на кампанію, узмацняючы антысыстэмныя наратывы і падтрымку радыкальных партый. Многія з чэскіх выбарцаў, якія пойдуць да выбарчых скрыняў у выходныя, баяцца, што краіна можа збочыць са свайго праэўрапейскага шляху. А гэта пазбавіць аднаго з самых адданых прыхільнікаў Украіну, змаганьне якой за адбіцьцё паўнамаштабнага ўварваньня расейскіх войскаў набліжаецца да чатырох гадоў.
Большасьць апытаньняў паказваюць, што мільярдэр Бабіш і ягоная папулісцкая партыя ANO перамогуць на парлямэнцкіх выбарах 3-4 кастрычніка, атрымаўшы каля 30% галасоў. Гэта азначае, што Бабішу давядзецца фармаваць кааліцыйны ўрад з маргінальнымі партыямі, што наблізіць краіну да Вугоршчыны Віктара Орбана і Славаччыны Робэрта Фіца ў пляне поглядаў на Ўкраіну, патэнцыйна спыніць дапамогу Кіеву і зьнізіць энтузіязм адносна сяброўства Чэхіі ў заходніх інстытутах.
Хоць Прага ў такім выпадку ня цалкам будзе падзяляць пазыцыю Масквы, яна будзе больш актыўна заяўляць пра неабходнасьць неадкладнага спыненьня вайны і імкненьня да міру — хутчэй за ўсё, на ўмовах Крамля. Варта чакаць і менш рэзкай рыторыкі ў дачыненьні Кітаю.
Аналітык у апытаньнях грамадзкай думкі і палітычны аналітык Майкл Эшкрафт у сваім аналізе адзначыў, што чэхі могуць далучыцца да «тага, што з пункту гледжаньня Кіева, зьяўляецца трывожнай тэндэнцыяй у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, прычым існуючая пазыцыя ўрадаў Вугоршчыны і Славаччыны і новага прэзыдэнта Польшчы значна менш схільная абараняць сувэрэнітэт Украіны».
«Наступствы могуць уключаць ізаляцыю Ўкраіны ад заходнеэўрапейскіх партнэраў, парушэньне вайсковых паставак і далейшы раскол у альянсе», — дадаў ён.
Гэтак жа, як і ў Малдове, дзе на мінулых выходных у час выбараў расейская дэзынфармацыйная кампанія спрабавала адвабіць выбарцаў ад праэўрапейскіх партый, Крэмль спрабуе скарыстацца зьніжэньнем падтрымкі дапамогі Ўкраіне, што дапамагло Бабішу вярнуць папулярнасьць.
Чэская дасьледчая група выявіла амаль 300 ананімных старонак у TikTok, накіраваных на пашырэньне прарасейскіх наратываў і падтрымку радыкальных партый у апошнія тыдні выбарчай кампаніі.
Цэнтар дасьледаваньняў онлайн-рызык заявіў 28 верасьня, што чэскія акаўнты ў TikTok зь мільёнамі падпісантаў «сыстэматычна распаўсюджваюць прарасейскую прапаганду і падтрымку антысыстэмных партый праз маніпулятыўнае ўзаемадзеяньне».
Цэнтар дадаў, што згаданыя старонкі не зьвязаныя з адной палітычнай структурай, яны «аб’ядноўваюць падтрымку некалькіх антысыстэмных партый адначасова».
«Сумарны ахоп гэтых акаўнтаў складае ад 5 да 9 мільёнаў праглядаў на тыдзень, што больш, чым сумарныя афіцыйныя акаўнты лідэраў найбуйнейшых чэскіх палітычных партый у TikTok», — гаворыцца ў паведамленьні.
Выбар кааліцыі
Аналітыкі кажуць, што зараз галоўнае, на што трэба зьвярнуць увагу, гэта тое, якія партыі атрымаюць дастаткова галасоў, каб трапіць у парлямэнт, бо Бабішу, верагодна, спатрэбіцца кааліцыя для кіраваньня.
«Spolu» («Разам»), альянс правацэнтрысцкіх партый, які ўключае «Грамадзянскіх дэмакратаў» дзейнага прэм’ер-міністра Пэтэра Фіялы, мае каля 20% галасоў у апытаньнях, у той час як іншыя партыі цяперашняга празаходняга кааліцыйнага ўраду «Stan» («Мэры і незалежныя») і «Піраты», паводле прагнозаў, атрымаюць па 10-12%.
Усе гэтыя партыі заявілі, што не зацікаўленыя ўваходжаньнем у кааліцыю з ANO або нават у падтрымцы яе галасамі для прыняцьця заканадаўства ў якасьці аднапартыйнага ўраду меншасьці.
Але гэта перадвыбарчыя размовы, і пасьля галасаваньня тон можа зьмяніцца, асабліва на фоне росту асьцярог, што больш радыкальныя кааліцыйныя альтэрнатывы могуць сарваць празаходні курс Чэскай Рэспублікі. Як малодшыя партнэры па кааліцыі, яны могуць запатрабаваць ключавых пасадаў у Міністэрстве замежных спраў і Міністэрстве абароны.
Акрамя таго, у цяперашнім урадзе ёсьць фракцыі, асабліва ў «Грамадзянскіх дэмакратах», якія падзяляюць палітычныя пазыцыі ANO — яны адданыя NATO, але слабей падтрымліваюць сяброўства ў ЭЗ і выступаюць супраць прыняцьця эўра і палітыкі Брусэлю, такой як абавязковыя квоты на ўцекачоў і «зялёную ўгоду».
Але цэнтральнаэўрапейская краіна таксама можа радыкальна зьмяніцца, калі Бабіш аб’яднаецца зь любой зь цяперашніх апазыцыйных партыяў, якія больш радыкальныя за ANO. Сюды ўваходзяць ультраправая SPD, якая набірае ў апытаньнях больш за 10% галасоў, а таксама меншая ультраправая партыя AUTO («Аўтамабілісты за сябе») і ультралевая «Stacilo» («Досыць»), абедзьве зь якіх, як чакаецца, пераадолеюць бар’ер у 5%, патрэбны для атрыманьня месцаў у парлямэнце.
Кіраваньне зь любой зь іх, падобна, прывядзе да рэальнага збліжэньня з Орбанам і Фіцам, якія абодва крытычна ставяцца да дапамогі Ўкраіне і таксама знаходзяцца ў авангардзе краін Эўропы, якія працягваюць закупляць расейскую нафту і прыродны газ, нягледзячы на паўнамаштабнае ўварваньне Масквы ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
Ключавой фігурай у тым, што адбудзецца пасьля выбараў, зьяўляецца празаходні прэзыдэнт Пэтэр Павэл, які гуляе ролю ў фармаваньні ўраду, а таксама ў замежнай палітыцы агулам.
Павэл, былы высокапастаўлены генэрал NATO, даў зразумець, што не дапусьціць стварэньня ўраду, які занадта адхіляецца ад заходняга курсу.
Пастаянны ўдзельнік
Бабіш быў пастаянным удзельнікам чэскай палітыкі на працягу апошніх 15 гадоў, спачатку займаючы пасаду міністра фінансаў і віцэ-прэм’ер-міністра, перш чым кіраваць краінай з 2017 па 2021 год, а таксама спрабаваў стаць прэзыдэнтам, але быў пераможаны Паўлам на выбарах 2023 году.
Адзін з найзаможнейшых людзей краіны, які мае значныя долі ў аграбізнэсе і СМІ, знаходзіцца ў цэнтры ўвагі грамадзкасьці з-за судовых спрэчак і абвінавачваньняў у канфлікце інтарэсаў і махлярстве з субсыдыямі ЭЗ.
Аднак многія лічаць, што менавіта яго бізнэс-інтарэсы могуць утрымаць яго, а значыць і Чэхію, на Захадзе, бо добрыя адносіны паміж Чэхіяй і Францыяй, Нямеччынай і Аўстрыяй, а таксама пастаянны прыток сродкаў зь сельскагаспадарчых фондаў і фондаў ЭЗ важнейшыя за ўсё, што могуць прапанаваць Пэкін і Масква.
Апошнімі гадамі Бабіш абраў больш папулісцкі курс і быў адным са стваральнікаў найбуйнейшых папулісцкіх сілаў на кантынэнце — «Патрыёты Эўропы», палітычнай сям'і, якая таксама складаецца зь «Фідэс» Орбана, «Нацыянальнага аб’яднаньня Францыі» Марын Лё Пэн, «Vox» Гішпаніі і аўстрыйскай «Партыі свабоды». Ён таксама выказаў падтрымку партыі «Smer» Фіца, хоць тыя фармальна не ўваходзяць у альянс «Патрыёты Эўропы».
Аб’яднаўшыся супраць усяго, што зьвязана з Брусэлем, экалягічным рухам і іміграцыяй, яны таксама знайшлі б сымпатыю за межамі Цэнтральнай Эўропы, бо правыя папулісты розных адценьняў набіраюць абароты або знаходзяцца ва ўладзе ў многіх іншых заходніх сталіцах.
Форум