Старшыня Нацыянальнага банку Ўкраіны Валерыя Гонтарава заявіла пра намер сысьці ў адстаўку, але пакуль не называе прозьвішча свайго наступніка, якім можа стаць былы грамадзянін Беларусі Дзьмітры Салагуб — цяперашні яе намесьнік.
«Гэта пытаньне да прэзыдэнта і Вярхоўнай Рады. Я пішу заяву пра адстаўку, а не прызначаю кагосьці на сваё месца», — заявіла Валерыя Гонтарава сёньня журналістам каля свайго будынку перад выездам на працу.
Сёньня актывісты, пераважна маладыя жанчыны, пікетавалі дом Валерыі Гонтаравай з патрабаваньнямі закрыцьця расейскіх банкаў ва Ўкраіне і яе адстаўкі. На плоце, які агароджвае яе маёнтак, актывісты намалявалі сьвіньню з расейскім сьцягам, знакі даляра, а таксама надпісы «Забойца», «Зладзейка», «Прыслужніца».