Сьцісла
- Андрэй Бабіш, правы папуліст і былы прэм’ер-міністр Чэхіі, выйграў выбары, набраўшы 35 працэнтаў галасоў, што выклікала занепакоенасьць у Бруселі з прычыны крытычнага стаўленьня Бабіша да ЭЗ.
- Бабіш мае намер стварыць аднапартыйны ўрад меншасьці, але можа сутыкнуцца з цяжкасьцямі ў перамовах з дробнымі правымі партыямі.
- Нягледзячы на крытыку палітыкі ЭЗ, такой як «Зялёная ўгода» і міграцыйны пакт, дзелавыя сувязі Бабіша і яго абавязаньні перад NATO сьведчаць аб прагматычным падыходзе да Брусэлю.
Перамога на выбарах правага папуліста Андрэя Бабіша нясе рызыку ператварэньня Чэхіі ў чарговае «праблемнае дзіця» для Брусэлю. У сваёй кампаніі ён абяцаў скараціць падтрымку Ўкраіны і супрацьстаяць ЭЗ у пытаньнях міграцыі і экалягічнай палітыкі.
Бабіш, былы прэм’ер і мільярдэр, якога часта называюць «чэскім Дональдам Трампам», лёгка атрымаў перамогу: яго партыя ANO («Так») набрала 35 працэнтаў галасоў.
Пасьля абвяшчэньня вынікаў Бабіш заявіў, што будзе дамагацца стварэньня аднапартыйнага ўраду меншасьці, але правядзе перамовы зь дзьвюма дробнымі партыямі, у тым ліку з крайне правай SPD, якія маглі б забясьпечыць яму большасьць у парлямэнце.
Пакуль у калідорах улады Брусэлю панікі няма. Некаторыя службоўцы адзначаюць, што Бабіш — «ня Робэрт Фіца і не Віктар Орбан».
Гэта спасылка на лідэраў Славаччыны і Вугоршчыны, якія апошнімі гадамі ствараюць шмат праблемаў для ЭЗ, затрымліваючы санкцыі супраць Расеі, прыпыняючы вайсковую і эканамічную дапамогу Ўкраіне, а таксама парушаючы прынцыпы вяршэнства права ў цэлым.
Дарэчы, Орбан стаў першым эўрапейскім лідэрам, які павіншаваў Бабіша зь перамогай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На парлямэнцкіх выбарах у Чэхіі перамагла правая партыя эўраскептыка-мільярдэра Андрэя БабішаФіліп Нэрад з аналітычнага цэнтру Globsec адзначыў у камэнтары для RFE/RL, што ўрад Бабіша будзе больш крытычным да буйных ініцыятываў ЭЗ, такіх як «Зялёная ўгода», мэта якой — скасаваць у Эўразьвязе ўплыў на клімат да 2050 году.
Ён таксама адзначыў, што Бабіш выступае супраць міграцыйнага пакту, які ўступіць у сілу налета і прадугледжвае стварэньне агульнай сыстэмы прытулку ў ЭЗ.
Аднак 71-гадовы палітык можа і ня стаць поўным саюзьнікам Будапэшту і Браціславы, што дае надзею на пэўную супрацу з Брусэлем.
«У цэлым Чэхія будзе менш у мэйнстрыме Брусэлю і больш супрацоўнічаць з Вугоршчынай і Славаччынай, але ня варта чакаць, што Прага будзе паўтараць іхныя крокі ўва ўсіх пытаньнях», — сказаў Нэрад.
Паводле эўрапейскіх і чэскіх службоўцаў, Бабіш адрозьніваецца ад двух сваіх калегаў у Вышаградзкай групе з трох прычынаў.
Па-першае, гэта характар яго перамогі. Хоць ANO выйшла ўперад, іншыя папулісцкая партыі — SPD, Motoriste sobě («Аўтамабілісты за сябе») і Stačilo! («Досыць!») — выступілі слабей, чым чакалася. Stačilo нават не адолела пяціпрацэнтнага бар’еру, што пазбавіла Бабіша патэнцыйнага партнэра ў кааліцыі.
Хоць народжаны ў Славаччыне Бабіш можа імкнуцца стварыць урад меншасьці, які складаецца толькі зь міністраў ад партыі ANO і будзе мець палітычную падтрымку з боку партыяў Motoriste sobě і SPD, аналітыкі адзначаюць, што перамовы паміж гэтымі сіламі, хутчэй за ўсё, будуць складанымі.
Яго ўрад можа выявіцца нестабільным і слабым. У выніку Бабіш нават можа зьвярнуцца да больш мэйнстрымных партыяў зь цяперашняй кааліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Politico: За ўмяшаньне ў выбары ў Чэхіі TikTok закрыў амаль паўсотні акаўнтаў, якія распаўсюджваюць крамлёўскую прапагандуПа-другое, хоць перадвыбарчая рыторыка Бабіша часта была антыбрусэльскаю, яму, магчыма, давядзецца зрушыцца да цэнтру, каб супрацоўнічаць з празаходнім прэзыдэнтам Пэтрам Павэлам, які папулярны сярод чэхаў і можа стаць процівагай Бабішу.
Павэл мае няшмат рэальных вагароў улады, але адзін з іх — гэта зацьвярджэньне кандыдатураў міністраў. Ён ужо заявіў, што ня прыме ніводнага «антысыстэмнага» кандыдата, калі будзе зацьвярджаць склад урадуБабіша.
Варта таксама адзначыць, што многія іншыя ўплывовыя прадстаўнікі партыі ANO, такія як Карэл Гаўлічэк і Адам Войцех, лічацца памяркоўнымі і нават карысталіся павагай у Брусэлі на сваіх ранейшых міністэрскіх пасадах.
І нарэшце — сам Бабіш. Нягледзячы на тое, што апошнімі гадамі ён узмацніў крытыку ЭЗ і ўваходзіць у эўрапейскую палітычную групу, якая выступае супраць асноўнага курсу палітыкі Эўразьвязу, у яго ёсьць практычныя прычыны захоўваць арыентацыю на Захад.
Яго бізнэс-інтарэсы ў сельскай гаспадарцы і мэдыя шчыльна зьвязаныя з Аўстрыяй і Нямеччынай і залежаць ад шчодрых фондаў ЭЗ.
Бабіш таксама шукаў цесных палітычных кантактаў з прэм’ер-міністаркай Італіі Мэлёні і з Францыяй. Акрамя таго, ён паабяцаў шанаваць абавязаньні Чэхіі перад NATO.
«Мы хочам выратаваць Эўропу... і мы выразна праэўрапейскія і пранатаўскія», — сказаў Бабіш журналістам пасьля сваёй перамогі на выбарах.
Павэл Гаўлічэк, экспэрт у адносінах паміж Чэхіяй і ЭЗ у аналітычным цэнтры AMO, адзначае, што «Брусэль, хутчэй за ўсё, з скептыцызмам і занепакоенасьцю глядзіць на вынікі выбараў у Чэхіі».
Аднак ён дадае: «Для Брусэлю будзе важна заставацца аб’ектыўным і ацэньваць дзеяньні, а не рыторыку Бабіша», бо ён можа выявіцца «больш практычным і гатовым да перамоваў, чым Фіца і Орбан».
Службовец ЭЗ на ўмовах ананімнасьці сказаў RFE/RL, што перамога Бабіша, імаверна, пазбавіць Чэхію лідэрскай ролі ў некаторых кірунках дзейнасьці блёку.
Канкрэтна — чэхі былі рухальнай сілай «ініцыятывы ў боепрыпасах», якая адыграла ключавую ролю ў пастаўках мільёнаў патронаў, жыцьцёва неабходных Кіеву ў яго барацьбе супраць расейскай агрэсіі.
Бабіш быў рэзкім крытыкам гэтай ініцыятывы, хоць пакідаў магчымасьць перадачы яе пад кантроль NATO.
Удзел чэскіх вайскоўцаў у якой-хаця будучай міратворчай місіі ва Ўкраіне, хутчэй за ўсё, можна выключыць, і пастаўкі ўзбраеньняў таксама могуць ісьці ня так актыўна, як раней.
Ёсьць і іншыя праекты, якія ініцыяваў урад Чэхіі, але яны таксама могуць ціха згаснуць.
Чэхія ўжо больш за год настойвае, каб Брусэль абмежаваў перамяшчэньне расейскіх дыпляматаў у краінах ЭЗ і ўвёў агульнаэўрапейскія санкцыі супраць дзейнага кіроўнага рэжыму ў Грузіі, які адступае ад дэмакратычных рэформаў і ўсё больш набліжаецца да Масквы.
Акрамя таго, Прага адыграла практычную ролю ў стварэньні новай санкцыйнай сыстэмы супраць расейскіх гібрыдных дзеяньняў ува ўсім сьвеце і ў падтрымцы імкненьня Косава ўступіць у Эўрапейскі Зьвяз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары ў Чэхіі могуць зьбіць краіну з праэўрапейскага шляху, што паўплывае на падтрымку Ўкраіны