Каму належаць грузавікі, зарэгістраваныя ў Беларусі, якія перасякаюць мяжу Расеі і «ДНР»?
Пра такія машыны паведамляецца ў штотыднёвай справаздачы назіральнай місіі АБСЭ з расейскіх КПП «Гукава» і «Данецк» ад 7 ліпеня.
У беларускіх дзяржаўных структурах пакуль не адказваюць на пытаньне, каму належаць гэтыя грузавікі.
У прэс-службе Міністэрства транспарту мяркуюць, што нумары маглі проста наляпіць. Да таго ж назіральнікі не назвалі канкрэтныя нумары, каб можна было вызначыць праз ДАІ, на каго яны зарэгістраваныя.
«Міністэрства транспарту на гэты конт ня мае ніякай інфармацыі», — сказала карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар Кацярына Грыб.
Старшыня Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Мікалай Баравы так адказаў на пытаньне карэспандэнта Свабоды:
«Я кажу толькі пра нашу арганізацыю. Але ж мы аб’ядноўваем ня ўвесь транспарт Рэспублікі Беларусь. Мы аўтамабілі, якія афіцыйна ажыцьцяўляюць міжнародныя перавозкі, у зоны канфлікту не накіроўваем. Яны выконваюць перавозкі толькі афіцыйна ва Ўкраіну. На Данбасе ж вядуцца баявыя дзеяньні. А мы ні ў якія зоны канфліктаў сваіх кіроўцаў не адпраўляем. Гэта адназначна».
У беларускім МЗС сказалі, што рэгістрацыйнымі нумарамі транспартных сродкаў займаецца ДАІ.
«МЗС да гэтага дачыненьня ня мае. Перасякаюць і перасякаюць. Колькі грузавікоў зь беларускімі нумарамі перасякаюць беларуска-польскую мяжу?! Гэта вельмі тэхнічнае пытаньне, адказу на якое ў МЗС ня будзе. У нас такая інфармацыя можа зьявіцца толькі тады, калі нехта зь перавозчыкаў апынецца ў надзвычайнай сытуацыі ці будзе затрыманы», — сказаў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык.
Паводле АБСЭ, у абодвух напрамках мяжу перасякае вялікая колькасьць грузавікоў. Сярод іх грузавікі зь беларускімі і расейскімі нумарамі. Паводле назіральнікаў, за справаздачны тыдзень колькасьць грузавікоў, зарэгістраваных у Беларусі, зьменшылася з 48 да 38. Што яны перавозілі, пакуль невядома.