Дырэктар дэпартамэнту двухбаковых адносінаў МЗС Латвіі Улдзіс Мікутс заявіў, што выступае за далейшую ізаляцыю Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта ён заявіў на Рыскай канфэрэнцыі ў гутарцы на тэму «Адзінства, бясьпека і ўстойлівасьць і разьяднаным сьвеце».
«Рэжым Лукашэнкі спрыяе вайне Расеі і пагражае рэгіянальнай бясьпецы. Наш падыход зразумелы: ізаляцыя і пастаянны ціск, у тым ліку жорсткія санкцыі», — напісаў Мікутс ў сацсетцы X па выніках дыскусіі зь беларускімі прадстаўнікамі ў сацсетцы X.
На круглым стале разглядалі паскораную мілітарызацыю Беларусі і яе шырокамаштабныя наступствы для грамадзтва і рэгіянальнай бясьпекі, уплыў на эканоміку, адукацыю, прапаганду і дынаміку міграцыі.
Беларускі бок на канфэрэнцыі прадстаўлялі Арцём Брухан (сьпікер Каардынацыйнай рады, намесьнік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня), Вікторыя Ляўкавец (навуковы супрацоўнік Цэнтра балтыйскіх і ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў, галоўны рэдактар кніжнай сэрыі «Галасы Беларусі« выдавецтва Ibidem Press), Мацьвей Купрэйчык зь BelPol, Віталь Малчанаў, прадстаўнік Офісу Сьвятланы Ціханоўскай у Эстоніі і Латвіі, палітоляг Вадзім Мажэйка і іншыя.
На гэтым тыдні Латвія абмежавала нерэгулярныя аўтобусныя зносіны зь Беларусьсю і Расеяй. Сярод прычынаў — пагрозы незаконнай міграцыі, выведвальнай дзейнасьці замежных спэцслужбаў і вэрбоўкі грамадзян.
Эўрапарлямэнт 8 кастрычніка прыняў рэзалюцыю, якая носіць рэкамэндацыйны характар, і прапануе Радзе Эўразьвязу і Эўрапейскай камісіі пашырыць санкцыі супраць Расеі на краіны, якія «спрыяюць яе дзеяньням», такія як Беларусь, Іран і Паўночная Карэя.
Акрамя таго, Латвія раней падоўжыла на нявызначаны тэрмін забарону палётаў у цёмную пару ў памежжы зь Беларусьсю і Расеяй. Як і раней, забарона будзе дзейнічаць з 20 да 7 гадзін.
Форум