У 2025 годзе Ўсясьветны банк прагназуе прырост эканомікі Беларусі на 1,9%, у 2026 годзе — на 1,3%, у 2027 — на 0,8%, у 2028 годзе банк прагназуе спад беларускай эканомікі на 0,3%.
«Экспарт тавараў у многіх краінах аднаўляецца павольна празь нявызначанасьць у гандлёвай палітыцы, павольнае аднаўленьне ў эўразоне — найбуйнейшым гандлёвым партнэры Эўропы і Цэнтральнай Азіі, рэзкае запаволеньне росту ў Расеі», — паведамляе ў восеньскай справаздачы Ўсясьветны банк.
Яшчэ летам банк прагназаваў прырост эканомікі Беларусі ў 2025 годзе на 2,2%.
Што да Расеі, то для яе прагназуюць паказьнік, значна ніжэйшы за сярэдні. У Расеі сёлета рост ВУП зьнізіцца да 0,9 працэнта супраць 4,3 працэнта ў 2024 годзе.
«Актыўнасьць у неабаронных сэктарах скарацілася праз высокія выдаткі на пазыкі, скарачэньне спажывецкага крэдытаваньня і дэфіцыт рабочай сілы», — піша Ўсясьветны банк у сваёй восеньскай справаздачы аб эканоміцы Расеі.
У эканоміцы Расеі, да якой шчыльна прывязаная эканоміка Беларусі, пачаўся спад.
Ад чэрвеня прагнозы росту для больш чым паловы краін Эўропы і Цэнтральнай Азіі Ўсясьветны банк павялічыў у сярэднім на 0,9%. Чакаецца, што рост будзе большым у Цэнтральнай Азіі, Польшчы і Турэччыне.
Тым часам міністар эканомікі Беларусі Юры Чабатар заявіў, што прагноз прыросту ВУП на наступны год складзе 2,8%. Пра гэта Чабатар паведаміў на нядаўнім паседжаньні прэзыдыюма Савету міністраў, перадае ўрадавае выданьне «Рэспубліка».
Эканоміка будзе расьці за кошт паслуг — сфэры турызму і ІТ, паведаміў Чабатар.
«Рост эканомікі на 2,8 працэнта плянуецца забясьпечыць з дапамогай станоўчай дынамікі рэальнага сэктара, а таксама рэалізацыі патэнцыялу паслуг. У прыватнасьці турыстычных. Іх доля ў ВУП краіны павінна дасягнуць 2,6 працэнта. Таму робім акцэнт на разьвіцьцё інфраструктуры адпачынку, у першую чаргу сродкаў разьмяшчэньня», — заявіў міністар эканомікі.
Форум