Пра гэта паведамляе Euronews.
Эканамісты Варшаўскай школы эканомікі (SGH) прааналізавалі траекторыю разьвіцьця 11 краін Цэнтральнай і Усходняй Эўропы, якія далучыліся да Эўразьвязу пасьля 2004 года.
Згодна з дадзеным аналізам, кожная з гэтых краін узорна выкарыстала магчымасьці, якія атрымала з уступленьнем у Зьвяз.
Адной з праблемаў разьвіцьця краін ЦУЭ-11 зьяўляецца так званы «лапікавы капіталізм». Тэрмін быў прапанаваны эканамістамі SGH для апісаньня мадэляў рэформаў, прынятых гэтымі краінамі. Гэтая мадэль, якая характарызуецца разнастайнымі шляхамі рэформаў, прывяла да больш хуткіх тэмпаў эканамічнага росту ў параўнаньні зь іншымі капіталістычнымі сыстэмамі.
«У цэлым гэтыя краіны разьвіваліся амаль у два разы хутчэй, чым так званы стары ЭЗ або ЭЗ-15. Напэўна, кожнаму паляку будзе прыемна пачуць, што эканоміка Польшчы расла шутчэй за ўсіх у ЦУЭ» — патлумачыў у інтэрвію Euronews эканаміст SGH Пётр Машчык.
Сярэдні тэмп росту для ЦУЭ-11 складае 3,2 %, для старога ЭЗ — 1,6%, а для Польшчы — 3,8 %.
Рост быў ня толькі хутчэйшым, але і ўстойлівым да крызісаў. Нягледзячы на сусьветны фінансавы крызіс, пандэмію і вайну ва Ўкраіне, тэмпы росту захоўваліся. Аднак, паводле Машчыка, «прагноз на наступныя 10 гадоў не такі спрыяльны».
Пасьля двух дзесяцігодзьдзяў, якія заходнія эканамісты нават назвалі «эканамічным цудам», набліжаецца дэкада «неўраджайных» гадоў. Дасьледчыкі выдзяляюць дзьве пагрозы.
«З аднаго боку, дэмаграфія. Наш рэгіён Эўропы пакутуе ад дэпапуляцыі, зьніжэньне колькасьці насельніцтва, і ў Польшчы дэпапуляцыя адбываецца хутчэй за ўсё. Другі фактар — інавацыі. Інвэстыцыі ў дасьледаваньні і распрацоўкі, як з боку дзяржаўнага сэктара, гэтак і з боку бізнэсу, далёка не дастатковыя», — кажа Пётр Машчык.
ВУП на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасьці (у «міжнародных далярах» 2021 году) Беларусі і шэрагу іншых краінаў, 2010–2023
Крыніца: Сусьветны Банк, база дадзеных World Development Indicators
Эканамісты азначылі тры сцэнары разьвіцьця падзей: базавы, папераджальны і аптымістычны. Які зь іх спраўдзіцца, залежыць, у прыватнасьці, ад таго, як краіны ЦУЭ-11 будуць вырашаць такія праблемы, як «лапікавы капіталізм».
«„Лапікавы капіталізм“ — гэтая інстытуцыйная зьява, пры якой нарматыўныя акты часта ствараюцца бессыстэмна. Яны супярэчаць адзін аднаму і ня могуць сфармаваць цэласную інстытуцыйную структуру», — тлумачыць Машчык.
Аптымістычны сцэнар прадугледжвае, што да 2035 года Польшча можа дасягнуць узроўню дабрабыту старых краін ЭЗ-15.
Форум