Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таджыкістан праігнараваў ордэр Міжнароднага крымінальнага суду на арышт Пуціна. Той прыляцеў у Душанбэ ўпершыню за тры гады


Эмамалі Рахмон сустракае Ўладзіміра Пуціна каля самалёта ў Душанбэ
Эмамалі Рахмон сустракае Ўладзіміра Пуціна каля самалёта ў Душанбэ

Таджыкістан — удзельнік Міжнароднага крымінальнага суду, краіна была абавязаная выканаць ордэр МУС на арышт расейскага прэзыдэнта.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у сераду прыбыў зь візытам у Душанбэ. Ён апынуўся там упершыню з чэрвеня 2022 году.

Улады Таджыкістана запыт Міжнароднага крымінальнага суду праігнаравалі. Пуціна ля самалёта сустрэў сам прэзыдэнт краіны Эмамалі Рахмон.

Вуліцы сталіцы Душанбэ ў вечар прыезду расейскага прэзыдэнта аформілі колерамі дзяржаўнага сьцяга. На дамах вывесілі фатаграфіі Рахмона і Пуціна. У час візыту Пуцін прыме ўдзел у саміце «Цэнтральная Азія — Расея» і пасяджэньні Рады кіраўнікоў дзяржаваў СНД.

Перамовы кіраўніка Крамля з галовамі дзяржаваў Цэнтральнай Азіі, бясспрэчна, будуць аб становішчы некалькіх мільёнаў працоўных мігрантаў з рэгіёну, якія атрымліваюць заробак у Расеі, а потым пераказваюць грошы на радзіму сем’ям.

Пуцін таксама можа сустрэцца ў Душанбэ з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым, зь якім у Расеі апошнім часам напружаныя адносіны.

Гэта далёк ня першы выпадак, калі ордэры, выдадзеныя Міжнародным крымінальным судом, ігнаруюць улады розных краін. Напрыклад, Пуцін ужо наведваў Манголію, якая адмовілася яго арыштоўваць і перад прылётам расейскага кіраўніка дала Крамлю гарантыі бясьпекі. У Вугоршчыну прылятаў прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу, на арышт якога Міжнародны крымінальны суд таксама выдаў ордэр.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG