Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клюбу «Пагоня», заснаванаму беларусамі Варшавы, пасьля некалькіх гадоў дамаганьня дазволілі ўдзельнічаць у чэмпіянаце Польшчы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Кіраўніцтва аматарскага клюбу некалькі гадоў змагалася за прызнаньне права выступаць у нацыянальным першынстве Польшчы. Зьвяз футболу Мазавецкага ваяводзтва пастаянна адмаўляў камандзе, спасылаючыся на тое, што ў камандах павінны гуляць пераважна грамадзяне краіны.

Беларуская каманда «Пагоня» з Варшавы атрымала дазвол удзельнічаць у восьмым дывізіёне чэмпіянату Польшчы. Гэта аматарская ліга, якая афіцыйна называецца B-klasa. Футбалісты тут ня маюць прафэсійных кантрактаў у клюбах.

«Пагоня» стала першай беларускай футбольнай камандай у польскім чэмпіянаце за ўсю яго гісторыю. Раней «бел-чырвона-белых» дапускалі толькі да разыграньня Кубку Польшчы, у якім не было строгіх абмежаваньняў на колькасьць іншаземцаў у камандзе.

Кіраўніцтва «Пагоні» некалькі гадоў дамагалася права выступаць у польскім першынстве. Увесь гэты час ішлі дыскусіі, спрэчкі, ліставаньне з прадстаўнікамі мясцовых спартовых уладаў.

Адметна, што й гэтым разам рашэньне не было лёгкім і своечасовым — гульні 8-й польскай лігі ўжо стартавалі без «Пагоні», рашэньне прыняць беларускую дружыну зацьвердзілі ўжо тады, калі ўсе супернікі правялі па некалькі сустрэчаў. Цяпер «бел-чырвона-белым» давядзецца «даганяць каляндар», гуляючы свае першыя паядынкі.

Першы матч у розыгрышы новага сэзона B-klasy «Пагоня» правядзе супраць каманды Piorun з Варшавы. Сустрэча адбудзецца ў Скарышэўскім парку на бакавым полі, якое паўафіцыйна завуць «Уэмблі». Правядуць паядынак 8 кастрычніка а 20:30 польскага часу.

У склад «Пагоні» ўваходзяць пераважна беларусы, якія вымушана пакінулі сваю радзіму праз палітычны перасьлед. Сваім сымбалем і назвай каманды яны выбралі нацыянальны герб Беларусі, фактычна забаронены рэжымам Лукашэнкі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG