Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна»: з 2020 года як найменей 8905 чалавек зьведала палітычны крымінальны перасьлед 


Вучэньні з удзелам АМАПу ў Жодзінскай турме № 8. 15 траўня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота
Вучэньні з удзелам АМАПу ў Жодзінскай турме № 8. 15 траўня 2025 году. Ілюстрацыйнае фота

Крытычная сытуацыя з правамі чалавека захоўваецца, гаворыцца ў справаздачы праваабарончага цэнтру «Вясна» за верасень 2025 года.

Паводле даных праваабаронцаў, агулам з 2020 года сама меней 8905 чалавек зьведала крымінальны перасьлед з палітычных матываў. Ня менш як 7565 з іх былі вынесеныя палітычна матываваныя выракі, у тым ліку завочна.

У мінулым месяцы «Вясна» зафіксавала 96 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (уключаючы затрыманьні, вобшукі ды інш.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу.

Згодна з дакумэнтам, працягваецца перасьлед людзей за ўдзел у пратэстах 2020 года, а таксама за іншадумства; назіраюцца сыстэмныя рэпрэсіі супраць актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў.

У верасьні праваабаронцы зафіксавалі дзявяты выпадак сьмерці ў няволі асуджанага з палітычных матываў: ад удушша памёр 36-гадовы Андрэй Паднябенны. Мужчына памёр 3 верасьня ў калёніі № 15 Магілёва, пра здарэньне паведаміла яго маці.

Паводле інфармацыі «Вясны», Паднябенны — грамадзянін Расеі, але з 6 гадоў пражываў у Беларусі, маючы дазвол на жыхарства. У 2021 годзе ў рамках закрытага працэсу судзьдзя Анатоль Сотнікаў прыгаварыў яго да 15 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне чужой маёмасьці), ч. 1 арт. 3611 (стварэньне экстрэмісцкага фарміраваньня), ч. 1 і 2 арт. 289 (акт тэрарызму) Крымінальнага кодэкса.

За справаздачны пэрыяд, згодна з дакумэнтам, памілавана 40 палітвязьняў дзякуючы намаганьням ЗША, усе яны «гвалтоўна дэпартаваныя» у Літву — за выключэньнем апазыцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча, які адмовіўся пакідаць Беларусь і чыё месцазнаходжаньне цяпер невядомае.

Разам з тым, канстатавалі праваабаронцы, колькасьць палітвязьняў застаецца «вельмі высокай». За месяц адпаведны статус нададзены 77 людзям, агульная колькасьць на 6 кастрычніка — 1.197 (у тым ліку 188 жанчын). Мінімум 180 палітвязьняў знаходзіцца ў «асабліва ўразьлівым становішчы».

Пад маркай «барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам» улады працягваюць «сыстэматычна душыць незалежныя меркаваньні і грамадзянскія ініцыятывы, выкарыстоўваючы пазначэньне і ізаляцыю непажаданых», адзначае «Вясна».

«Працягваецца сыстэмная практыка катаваньняў і жорсткага абыходжаньня ў месцах няволі; сама меней пяць палітвязьняў працяглы час знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада», — гаворыцца ў справаздачы, якую цытуе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

У краіне працягваюцца масавыя затрыманьні па справе «Беларускага Гаюна». «Вясна» пацьвердзіла 80 выпадкаў, аднак насамрэч затрыманых можа быць нашмат больш.

Праект «Беларускі Гаюн» быў заснаваны пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе, займаўся маніторынгам ваеннай актыўнасьці ў Беларусі. Спыніў працу 7 лютага 2025 года, неўзабаве пасьля таго, як невядомыя атрымалі доступ да чат-бота, дзе «зьбіралася інфармацыя ад людзей».

Па меры заканчэньня тэрмінаў даўніны па справах за 2020 год затрыманым за пратэсты сталі інкрымінаваць цяжэйшы арт. 293 (масавыя беспарадкі) замест арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх), адзначаюць праваабаронцы.

У зьняволеньні застаюцца прадстаўнікі «Вясны» Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, а таксама праваабаронца Наста Лойка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG