Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як улады маніпулююць статыстыкай колькасьці палітвязьняў, — аналіз Арцёма Шрайбмана


Група палітвязьняў пасьля вызваленьня 11 верасьня ў Вільні
Група палітвязьняў пасьля вызваленьня 11 верасьня ў Вільні

У праграме «ПіК Свабоды» палітычны аналітык Арцём Шрайбман прааналізаваў наступствы сканчэньня тэрміну даўніны паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу, а таксама пракамэнтаваў статыстыку колькасьці палітвязьняў за кратамі, якую вядзе праваабарончая супольнасьць.

— Сканчаецца 5-гадовы тэрмін даўніны прыцягненьня да адказнасьці за ўдзел у пратэстах паводле 342 артыкулу Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Некалькі справаў ужо закрылі. Зь іншага боку, некаторым людзям мяняюць гэты артыкул абвінавачаньня на больш жорсткі артыкул 293 «Масавыя беспарадкі». Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», з палітвязьняў, якія застаюцца за кратамі на пачатак кастрычніка, 60% асуджаныя паводле 342 артыкулу, 23% — паводле 293 артыкулу. Ня тое каб усе справы паводле 342-га закрылі. Але і ня тое, каб усім перакваліфікоўвалі на 293-і. Што азначае гэты разнабой, дзеяньні ў супрацьлеглых кірунках? Дзе ж славуты беларускі парадак?

— Беларускі суд, як самы сумленны суд у сьвеце, глядзіць на ўсе абставіны справы і не выносіць неабгрунтаваных рашэньняў. Гэта жарт, зразумела, але ў жарце ёсьць доля праўды. У тым сэнсе, што заўсёды была дыфэрэнцыяцыя ў рэпрэсіях. Наколькі я памятаю, больш за 50% асуджаных паводле артыкулу 342 атрымлівалі «хатнюю хімію». Прыкладна 20% па гэтым артыкуле атрымлівалі проста «хімію». І каля траціны — калёнію.

Паводле якой прыкметы адбывалася гэтая дыфэрэнцыяцыя? Я думаю, што ёсьць індыкатары, якія ўжываюць суды, — пол, першае затрыманьне ці паўторнае, наяўнасьць ці брак нейкіх іншых абвінавачаньняў. Такая ж дыфэрэнцыяцыя ёсьць на ўсіх узроўнях, такая ж дыфэрэнцыяцыя і сярод палітвязьняў. Камусьці падаўжаюць тэрміны артыкулам аб «непадпарадкаваньні адміністрацыі калёніі», кагосьці паўторна не саджаюць.

Ёсьць дыфэрэнцыяцыя і ў інкамунікада. Вось мы думаем, што ў інкамунікада сядзяць толькі вядомыя палітвязьні — Марыя Калесьнікава, Павал Севярынец, Віктар Бабарыка. А насамрэч ёсьць некалькі людзей, мала вядомых грамадзтву, якіх таксама трымаюць у рэжыме інкамунікада. Рэжым мае свае ўнутраныя крытэры жорсткасьці рэпрэсіяў з гледзішча шкоднасьці, небясьпекі, нязгодлівасьці чалавека, супраць якога гэтыя рэпрэсіі ўжываюць.

З тэрмінам даўніны паводле артыкулу 342 тое ж самае. Тэрмін даўніны 5 гадоў прайшоў для тых, хто ўдзельнічаў у пратэстах у жніўні–верасьні 2020 году. Калі яны трапляюць у рукі сілавікоў, то глядзяць — ці гэта чалавек непрымірэнны і яго трэба пакараць, пасадзіць, ці можна яго ўжо і адпусьціць і справу спыніць. Але нават калі прыцягнутых да адказнасьці паводле 342-га артыкулу адпускаюць, іх усё роўна ставяць на ўлік як «экстрэмістаў», нягледзячы на спыненьне справы. І яны атрымліваюць усе праблемы, зьвязаныя з жыцьцём у Беларусі ў статусе «экстрэміста». Я б тут не казаў пра гуманізм. Проста ёсьць дыфэрэнцыяцыя, якая ў рэпрэсіях была заўсґды.

— Праваабарончая супольнасьць вядзе ўлік колькасьці палітвязьняў у Беларусі. Праваабарончы цэнтар «Вясна» публікуе штодня гэтую статыстыку, раз на месяц — зводныя справаздачы. На графіку паквартальныя зьвесткі з чэрвеня 2020 па верасень 2025 году. Як вы маглі б пракамэнтаваць яго?

— Ён карысны, нейкія трэнды ён паказвае. Але ня ўсё. Ён ня ёсьць, на мой погляд, адэкватным апісаньнем таго, наколькі рэпрэсіўны сёньня рэжым. На графіку бачна, што колькасьць палітвязьняў за кратамі плаўна зьніжаецца з пачатку 2023 году. Асноўны мэханізм зьніжэньня — тое, што палітвязьні з адносна кароткімі тэрмінамі адбывалі тэрмін пакараньня і выходзілі на волю. Зь ліпеня 2024 году пачаліся памілаваньні, былі памілаваныя некалькі соцень чалавек. Але на графіку мы ня бачым істотнага ўплыву гэтага новага фактару зьмяншэньня колькасьці палітвязьняў за кратамі. Бо набіралі новых палітвязьняў.

Акрамя гэтага, ёсьць яшчэ адзін фактар. Зразумеўшы, што ідзе хваля памілаваньняў і чалавек можа ў яе трапіць, сваякі людзей, якія сядзяць за палітыку, маглі даваць згоду, каб іхныя родныя, якія сядзяць у турме, былі ўключаныя ў сьпісы праваабарончай супольнасьці.

Зь іншага боку, з пачатку гэтага году праваабаронцы пазбавіліся некалькіх найважнейшых інструмэнтаў маніторынгу вынікаў судовых паседжаньняў, у тым ліку ў палітычных справах. Словам, ёсьць шмат рознанакіраваных фактараў, якія ўплываюць на статыстыку. І таму дадзеныя, адлюстраваныя на графіку, даюць моцна скажоную карціну рэальнасьці.

— Але, выглядае, у заходніх сталіцах глядзяць менавіта на гэтую статыстыку беларускіх праваабаронцаў, калі прымаюць рашэньні аб Беларусі. Вось называе Трамп лічбы палітвязьняў — 1300-1500. Адкуль ён іх узяў? Можна меркаваць, што менавіта з справаздачаў беларускіх праваабаронцаў. І ўлады Беларусі гэта разумеюць. Здаецца, што яны, так бы мовіць, мадэруюць працэс. Карціць пасадзіць новых. Але саджаюць столькі, каб не псаваць статыстыку, адлюстраваную на графіку, каб захоўвалася карцінка зьніжэньня колькасьці. Дадатковы мэханізм гэтай мадэрацыі — праваабаронцы паведамляюць, што апошнімі гадамі на сваякоў асуджаных за палітыку ціснуць, каб яны не паведамлялі праваабаронцам аб справах іхных родных.

— Я думаю, што ўлады Беларусі сапраўды разумеюць, што дазваляць гэтай лічбе зноў расьці ў справаздачах праваабаронцаў было б контрапрадуктыўна для іхных уласных дыпляматычных намаганьняў. Пакуль Трамп настойвае на вызваленьні 1300-1500 «закладнікаў». Калі гэтая лічба ў статыстыцы «Вясны» будзе ў працэсе перамоваў прыкметна расьці, то гэта будзе крыху рызыкоўнае практыкаваньне. Ці мадэруецца яна ў штодзённым рэжыме, я ня ведаю, але, вядома ж, калі на гэтым графіку колькасьць палітвязьняў вырасьце, скажам, да 1700 чалавек, то ў афіцыйнага Менску ў дыялёгу з Вашынгтонам узьнікнуць дадатковыя праблемы.

— Колішні старшыня Хэльсынскага камітэту, цяпер нябожчык Алег Гулак некалі апавядаў мне абставіны папярэдняга паляпшэньня адносінаў паміж Беларусьсю і Захадам у 2015 годзе. Ён казаў, што яму тады тэлефанавалі з МУС Беларусі і казалі: «Алег, дай поўны сьпіс тых, каго вы лічыце палітвязьнямі. Нам начальства загадала вызваліць дакладна ўсіх, хто ў статыстыцы праваабаронцаў. Да аднаго чалавека. Але толькі іх».

— Хутчэй бы патэлефанавалі ізноў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG