Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Працэс перапрацоўкі адкідаў займае дзесяцігодзьдзі». На БелАЭС расказалі, куды адпраўляюць радыяактыўныя адкіды


Беларуская АЭС. Ілюстрацыйнае фота
Беларуская АЭС. Ілюстрацыйнае фота

Генэральны дырэктар «Беларускай атамнай станцыі» Сяргей Бабовіч у эфіры тэлеканалу СТВ расказаў пра перапрацоўку адкідаў пасьля выпрацоўкі паліва на БелАЭС.

Паводле Бабовіча, частка адпрацаванага паліва выгружаецца і захоўваецца ў басэйне вытрымкі непасрэдна ўнутры рэактарнага аддзяленьня. А перапрацоўваць такія адкіды будуць у Расеі, а потым вяртаць у Беларусь, кажа дырэктар АЭС.

«Нашы адкіды, якія адпрацавалі ядзернае паліва, будуць накіроўвацца на перапрацоўку ў Расейскую Фэдэрацыю. Яны будуць перапрацаваны да неабходнай паніжанай актыўнасьці, пасьля чаго праз пэўны час вернуцца да нас у краіну і тут будуць пахаваны», — растлумачыў Сяргей Бабовіч, яго цытуе партал Точка.

Працэс перапрацоўкі такіх адходаў, паводле яго слоў, займае дзесяцігоддзі.

У Беларусі плянуюць будаўніцтва сховішча радыяактыўных адкідаў. Паводле прадстаўніка Дзяржатамнагляду Максіма Мазурэнкі, гэта ключавая задача на бліжэйшыя 5 гадоў. Аб’ект маюць намер пабудаваць да 2030 года.

Сховішча будзе прымаць таксама адкіды, зьвязаныя з мэдыцынай, а таксама «чарнобыльскай спадчынай», заявіў Мазурэнка.

  • Пра разьмяшчэньне сховішча радыяактыўных адкідаў каля БелАЭС нядаўна паведаміла арганізацыя былых сілавікоў BelPol. Паводле зьвестак BelPol, улады Беларусі прынялі рашэньне пабудаваць сховішча для радыяактыўных адкідаў 3-й і 4-й клясаў каля Беларускай АЭС, паблізу мяжы зь Літвой. Інфармацыя паступіла зь некалькіх крыніцаў, у пацьвярджэньне арганізацыя прыводзіць дакумэнты аб інжынэрна-геалягічных дасьледаваньнях у гэтым кірунку.
  • Ідзецца пра сярэдне- і нізкаактыўныя адкіды — фільтры, іёнаабменныя смолы, забруджаныя матэрыялы, спэцыяльную вопратку, інструмэнты. Гэта скарыстаны матэрыял зь Беларускай АЭС, які патрабуе экранаваньня і спэцыяльных умоваў захоўваньня. Гаворка не пра скарыстанае ядзернае паліва.
  • На праект плянуецца вылучыць 941 млн рублёў, увод у эксплюатацыю плянуецца ў 2030 годзе. Рэалізацыяй зоймецца РУП «Беларуская арганізацыя па абыходжаньні з радыяактыўнымі адкідамі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG