«Давялося звольніцца». Як зьмены ў польскім заканадаўстве аб міжнароднай абароне паўплывалі на беларусаў

Акцыя беларусаў у Польшчы, ілюстратыўнае фота

Польшча часова «замарозіла» тэрміны разгляду справаў аб міжнароднай абароне. Што гэта азначае? Пагаварылі зь беларусамі, якія доўга чакаюць польскага дакумэнту, і з польскай юрысткай, заснавальніцай ініцыятывы «Партызанка».

Што такое міжнародная абарона

Міжнародная абарона ў Польшчы — гэта адмысловы статус для іншаземцаў, якія ня могуць вярнуцца ў сваю краіну праз пагрозу перасьледу, катаваньняў, праз пагрозы жыцьцю і свабодзе. Ёсьць дзьве формы абароны: статус уцекача (з выданьнем так званага «жэнэўскага пашпарту») і статус дадатковай абароны — выданьне дазволу на жыхарства тэрмінам на 2 гады, потым яго можна абмяняць на новы.

Беларусы масава пачалі зьвяртацца па міжнародную абарону пасьля падзеяў 2020 году. Працэдура наступная: спачатку трэба адзначыцца ў памежнай службе, паведаміць, якім чынам перасёк мяжу, а потым падаць ва Ўправу ў справах іншаземцаў дакумэнты і сьведчаньні аб перасьледзе на радзіме (пратаколы затрыманьняў, судовыя рашэньні, копіі прысудаў, даведкі аб вызваленьні, публікацыі ў мэдыя ды іншае).

Усяго за 2021–2025 гады грамадзянам Беларусі выдалі 11 177 рашэньняў, у тым ліку 10 617 станоўчых (873 беларусы атрымалі статус уцекача, 9 744 — дадатковую абарону).

У часе разгляду дакумэнтаў да атрыманьня рашэньня і плястыкавай карткі дазволу на жыхарства чалавек ня мае права працаваць. Да таго ж беларускі пашпарт здаюць ва Ўправу ў справах іншаземцаў , замест яго выдаюць папяровае часовае пасьведчаньне тэрмінам на 90 дзён.

Ад 2024 году тэрмін разгляду дакумэнтаў на міжнародную абарону ў Польшчы істотна вырас. У 2020–2023 гадах ад моманту падачы дакумэнтаў да атрыманьня карткі праходзіла ад 3 да 6 месяцаў, калі выпадак ня вельмі складаны. Летась празь вялікі наплыў заявак тэрмін разгляду дакумэнтаў вырас да 1,5–2 гадоў.

Ад 4 верасьня 2025 году ўступілі ў сілу зьмены ў законе ад 12 сакавіка 2022 году «Аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі з узброеным канфліктам на тэрыторыі гэтай дзяржавы». Яны тычыцца ўсіх іншаземцаў, якія просяць міжнароднай абароны ў Польшчы, у тым ліку і беларусаў.

Гэта азначае, што ўсе заявы, якія цяпер разглядае Ўправа ў справах іншаземцаў, будуць «замарожаныя» да сакавіка 2026 году.

Калі заяўнік падае новую заяву пасьля 4 верасьня 2025 году, адлік тэрмінаў пачнецца толькі праз паўгоду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры шляхі, як беларусам у дыяспары адстойваць свае правы, — Арцём Шрайбман пра справу Ваданосавай

«Разгляд маёй справы пачнецца пасьля 4 сакавіка»

Ва Ўправе ў справах іншаземцаў на вуліцы Табаровай, 33 у Варшаве дакумэнты для наданьня міжнароднай абароны па-ранейшаму прымаюць. Прынамсі, у некалькіх вызваленых 11 верасьня палітвязьняў, якіх вывезьлі з калёніяў Беларусі адразу за мяжу, дакумэнты дакладна прынялі, расказаў Свабодзе Андрэй (імя зьмененае).

«На мінулым тыдні дакумэнты на міжнародную абарону на Табаровай, 33 ў мяне прынялі. Праўда, у прызначаны загадзя дзень у чарзе да інспэктара я чакаў 6 гадзін. Яшчэ трэба даслаць поштай падрабязную анкету з адказамі і дадаць пэўныя даведкі. Мяне папярэдзілі, што разгляд маёй справы пачнецца пасьля 4 сакавіка, калі нічога ня зьменіцца. Засмуціўся, бо нельга працаваць. Сытуацыя ня надта. Здавалася б, у параўнаньні з турмой дробязь, але ж жыць на штосьці трэба», — кажа Андрэй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча адмовіцца ад штэмпэляў у пашпартах. Краіна ўводзіць лічбавы кантроль падарожнікаў

«Тэрміны мяняюцца не на карысьць заяўнікаў»

Запыталіся ў юрысткі, заснавальніцы ініцыятывы «Партызанка» Ганны Маціеўскай, што адначае гэтае «замарожваньне». Яна тлумачыць, што такія выпадкі былі ў польскай практыцы і раней, калі часова прыпынялі разгляд справаў уладальнікаў «эканамічнага» дазволу на жыхарства.

Ганна Маціеўская

«Базавы тэрмін разгляду — 6 месяцаў, але польская міграцыйная служба мае права падоўжыць яго да 15 месяцаў (калі справа вельмі складаная або калі ў кароткі час шмат іншаземцаў зьвяртаюцца па міжнародную абарону). Цяпер улады яшчэ больш легалізавалі свабодныя рамкі разгляду справы. Проста тэрміны мяняюцца не на карысьць заяўнікаў. І гэта не азначае, што справаў увогуле не разглядаюць — іх усё ж разглядаюць», — кажа юрыстка.

Пакуль дзейнічае «замарожваньне», кіраўніцтва Ўправы ў справах іншаземцаў не абавязана прытрымлівацца ўзаконеных тэрмінаў, а іншаземцы ня могуць падаваць скаргаў на бязьдзейнасьць або зацягваньне працэдуры.

«То бок орган сябе адмежаваў ад рэакцыяў на скаргі. У іх няма адказнасьці за замаруджваньне, для іх гэта больш камфортная сытуацыя», — мяркуе юрыстка Ганна Маціеўская.

Працадаўцы ня хочуць мець справу з кароткатэрміновымі дакумэнтамі

Раней бальшыня заяваў на міжнародную абарону разглядалася максымум за 6 месяцаў. І чалавек атрымліваў плястыкавую картку — часовы дазвол на жыхарства на 2 гады з допускам да працоўнага рынку. Цяпер тэрміны разгляду справаў істотна падоўжыліся — да паўтара году, і пасьля паўгоду чаканьня заяўнік можа атрымаць «часовы плястык» тэрмінам на 6 месяцаў, на якім таксама пазначаны допуск да рынку працы.

Былы палітвязень Сяргей (імя зьмененае) летась вызваліўся з калёніі, цалкам адседзеўшы тэрмін. Зьехаў зь Беларусі летам 2024 году, падаў дакумэнты на міжнародную абарону. Спачатку ўладкаваўся працаваць на будоўлю нелегальна, але з пэрспэктывай, апавядае ён.

«Працадаўца паабяцаў уладкаваць афіцыйна, як толькі я атрымаю дазвол на жыхарства — бо я сапраўды працаваў сумленна, заставаўся пасьля зьмены. Летам я прынёс часовы дазвол на жыхарства, які атрымаў пасьля 6 месяцаў чаканьня. Але працадаўца адмовіўся афармляць мяне на працу — патлумачыў, што, маўляў, ня хоча „мець справу з кароткатэрміновымі дакумэнтамі: калі працуюць іншаземцы, фірму пільна правяраюць“. Давялося звольніцца, зараз жыву дробнымі часовымі падпрацоўкамі», — кажа Сяргей.

Яніна (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы) пасьля амаль двух гадоў калёніі была ў адной зь першых «хваляў» памілаваная, аднак мусіла зьехаць зь Беларусі празь ціск, чакае дазволу на жыхарства на падставе міжнароднай абароны зь верасьня 2024 году. Таксама жанчына атрымала праз 6 месяцаў чаканьня часовую плястыкавую картку, але на працу так і не ўдалося ўладкавацца: скончылася дзеяньне карткі (яна мае сілу паўгода).

«Падала заяву на новую часовую картку. Яе робяць ня менш за 2 месяцы. Так што я ў безупынным стане чаканьня. Агаломшыла вестка аб „замарожваньні“ разгляду справаў пра абарону. Штодзень бачу дыскусіі, як зрабіць больш жорсткай працэдуру легалізацыі іншаземцаў у Польшчы. Гэта жах», — Яніна не хавае эмоцыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаму за квіткі на 180 кілямэтраў дарогі трэба плаціць 80 эўра?». Як беларусы цяпер езьдзяць празь мяжу з Эўразьвязам

«Працадаўцы перастрахоўваюцца, баяцца штрафаў і ня хочуць зьвязвацца з іншаземцамі»

Ганна Маціеўская ведае, што такія сытуацыі здараюцца. Ініцыятыва «Партызанка» сутыкалася з скаргамі беларусаў на тое, што кіраўнікі фірмаў не прызнаюць часовых дазволаў на жыхарства (ДНЖ).

«У сярэднестатыстычнага працадаўцы няма адмысловага міграцыйнага юрыста, які можа яму растлумачыць, што гэта за дакумэнт. Гэты дазвол на працу іншы, чым звычайны „эканамічны“. Тут накладаюцца іншыя нормы заканадаўства, якія абавязуюць працадаўцу правяраць дакумэнты, што пацьвярджаюць легальнасьць знаходжаньня ў краіне. У Польшчы ёсьць вельмі нішавыя нормы заканадаўства: працадаўца можа ня ведаць усяго. І гэта агулам праблема польскага заканадаўства, яно казуістычнае. А працадаўцы проста перастрахоўваюцца, баяцца штрафаў і ня хочуць зьвязвацца з іншаземцамі. На жаль», — кажа Ганна Маціеўская.

Ці можна спадзявацца, што пасьля 4 сакавіка 2026 году сытуацыя з тэрмінамі разгляду заяваў на міжнародную абарону нармалізуецца?

«Маем надзею, але трэба разумець, што тэрмін могуць працягнуць. Паўтара году такое „замарожваньне“ дзейнічае для „эканамічных“ ДНЖ. І наагул гэты закон зьмяняецца даволі часта, бо ён палітычны. Таму мы ня можам выключыць, што яго могуць працягнуць і з „замарожваньнем“ міжнароднай абароны.

Але будзем спадзявацца, што гэта ўрэгулююць, знойдуць кадры, і мы вернемся да нармальнай сытуацыі», — выказвае надзею юрыстка, заснавальніца «Партызанкі» Ганна Маціеўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі дэпутат Рышард Пэтру, дакладчык ПАРЭ аб Беларусі, пра адносіны Менску і Варшавы: «Гэта гібрыдная вайна»