Пад санкцыі трапіла кампанія STEELTRADE Sp. z o.o. (да 2024 году дзейнічала пад назвай EMK Group Sp. z o.o.). Кампанія займаецца гуртавым гандлем мэталічнымі вырабамі, гідраўлічным і ацяпляльным абсталяваньнем. Ведамства заяўляе, што кампанія ўскосна падтрымлівае агрэсію Расеі супраць Украіны, пастаўляючы ў Расею мэталічныя вырабы і дэталі для машын. Тавары адносяцца да вырабаў з чыгуну і сталі, экспарт якіх у Расею забаронены, заўважыў Reform.
З 2021 па сярэдзіну 2022 году кампанія экспартавала тавары пераважна ў Расею. Галоўным атрымальнікам была кампанія EMK. У сярэдзіне 2022 году STEELTRADE замест Расеі стала пастаўляць тавар у Казахстан. Атрымальнікам была кампанія з назвай, падобнай на назву расейскай EMK. З 2023 году асноўным напрамкам экспарту стала кітайская кампанія. Гэты кітайскі контрагент, як вызначылі ў Польшчы, — пасярэднік у пастаўках расейскай кампаніі EMK LLC.
«Выяўлена, што больш за 200 паставак, праведзеных кампаніяй STEELTRADE (пад ранейшай назвай EMK Group) у адрас кітайскіх, казаскіх і турэцкіх кампаній, пасьля былі рээкспартаваныя ў Расею», — паведамілі ў Міністэрстве.
Другая кампанія ў санкцыйным сьпісе — OMNI GRP Sp. z o.o. Яна займаецца гуртавым продажам мэталаў і мэталічных рудаў, пастаўляю ў Расею вырабы з чыгуну і сталі, што забаронена санкцыямі Эўразьвязу. У прыватнасьці, кампанія экспартавала сталь Uddeholm Dievar, якая вылучаецца асаблівай трываласьцю і асабліва запатрабаваная ў абароннай прамысловасьці.
У 2023 годзе кампанія паставіла значны аб’ём тавару ў Турэччыну, Кітай і Казахстан. Як выявіла Польшча, большасьць паставак кітайскаму контрагенту пасьля рээкспартавалася ў Расею.
Пад санкцыі трапілі фізычныя асобы Андрэй Карповіч, Уладзімер Ляшчук і Вераніка Пенталь.
Андрэй Карповіч — грамадзянін Беларусі і Расеі, саўладальнік, сябар кіраўніцтва і бэнэфіцыяр OMNI GRP. Мае дзелі ў некалькіх расейскіх кампаніях, у тым ліку ў дзьвюх маскоўскіх — EMK і EMC, якія ёсьць контрагентамі польскай STEELTRADE. Карповіч — старшыня кіроўнай рады казаскай EMK KZ, якая атрымлівала тавары ад STEELTRADE і OMNI GRP.
Уладзімер Ляшчук — грамадзянін Беларусі, саўладальнік, сябар кіраўніцтва і бэнэфіцыяр STEELTRADE, валодае дзелямі ў маскоўскіх EMK і EMC і іншых расейскіх кампаніях.
Вераніка Пенталь — грамадзянка Беларусі, сяброўка кіраўніцтва і саўладальніца кампаній STEELTRADE і OMNI GRP. Падобна, яна намесьніца генэральнага дырэктара кампаніі EMK у Расеі, фігуруе ў кампаніях у Казахстане (EMK ALLIANCE) і Кіргізстане (UTIL TEKS PROM і STK 888), зьвязаных з EMK Group.
Форум