Калі беларускія ўлады «супакояць сытуацыю на мяжы [з Польшчай] і вызваляць [актывіста неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі і журналіста] Анджэя Пачобута, будуць адкрытыя дадатковыя раней закрытыя памежныя пераходы», паведаміла 9 кастрычніка польскае выданьне Rzeczpospolita з спасылкай на «добра інфармаваную крыніцу» ва ўрадзе краіны.
«У Менску пра гэта ведаюць», — дадала крыніца.
Выданьне мяркуе, што гаворка ідзе пра пераход Баброўнікі (зь беларускага боку — Бераставіца), які быў закрыты ў лютым 2023 году пасьля суду над Пачобутамі, а таксама, магчыма, і пра пераход Кузьніца (Брузгі), закрыты ў лістападзе 2021 году празь міграцыйны крызісу.
Пры гэтым у артыкуле адзначаецца, што на мяжы Польшча «сутыкаецца зь ціскам ня толькі з боку Менску».
«Дачыненьне Расеі відавочнае, бо гэтыя людзі часьцяком маюць расейскія візы і па іх легальна ўяжджаюць у Беларусь, а затым накіроўваюцца да польскай мяжы. Але [Аляксандар] Лукашэнка, калі б захацеў, мог бы ў любы момант гэтаму перашкодзіць», — цытуе выданьне адну са сваіх крыніц, «добра знаёмых з сытуацыяй на мяжы».
Паводле зьвестак Памежнай службы, атрыманых Rzeczpospolita, з 25 верасьня (дня адкрыцьця Польшчай мяжы пасьля 13-дзённага яе поўнага закрыцьця) да 5 кастрычніка супрацоўнікі Памежнай службы зафіксавалі каля 950 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы зь Беларусі ў Польшчу. У верасьні было 2,6 тысячы такіх спробаў.
Іншы прадстаўнік «урадавага ведамства» адзначыў, што Варшава таксама чакае, што Менск будзе супрацоўнічаць ў выяўленьні асобаў, адказных за забойства польскага сяржанта Матэвуша Сітэка, які памёр летась у чэрвені ад раненьня, атрыманага пасьля нападу мігранта на мяжы зь Беларусьсю 28 траўня.
Выданьне прыводзіць таксама словы экс-кандыдаткі на пасаду прэзыдэнта Беларусі і экс-актывісткі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ганны Канапацкай, якая ўваходзіць у склад камісіі па «вяртаньні» грамадзян. Дзяячка заявіла, што падтрымлівае ініцыятыву старшыні Саюзу палякаў Беларусі Анжалікі Борыс пра вызваленьне Пачобута і «гатовая стаць паручальнікам» у гэтай справе. Паводле Канапацкай, раней яна паручылася за палітвязьня, экс-кіраўніка Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, які быў вызвалены летась у ліпені ў сувязі з анкалягічнай хваробай.
24 верасьня, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павал Латушка сказаў, што «ў найбліжэйшыя дні» можа адбыцца вызваленьне абвінавачанага ў Беларусі ў шпіянажы грамадзяніна Польшчы Гжэгажа Гавэла і Анджэя Пачобута.
30 верасьня міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў аб прасоўваньні польска-амэрыканскага дыялёгу ў пытаньні вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі.
Анджэй Пачобут пасьля прыезду ў наваполацкую калёнію № 1 увесь час знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу зь перапынкамі на штрафны ізалятар.
Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краінаў ЭЗ доўжыцца зь вясны 2021 году.
Форум