На сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі Грузіі апублікавалі лічбы з усіх выбарчых участкаў на выбарах у органы мясцовага самакіраваньня, якія адбыліся 4 кастрычніка. Ва ўмовах байкоту з боку шэрагу празаходніх апазыцыйных партый упэўненую перамогу атрымала кіроўная партыя «Грузінская мара».
Паводле папярэдніх лічбаў ЦВК, на выбарах мэраў у Тбілісі, Руставі, Кутаісі, Батумі і Поці перамогу таксама атрымалі кандыдаты ад «Грузінскай мары».
У Поці на пасаду мэра быў зарэгістраваны адзіны кандыдат — сябра «Грузінскай мары» Бэка Вачарадзе. Паводле ЦВК, за яго прагаласавалі ўсе, хто прыйшоў на выбары — 14 431 выбарнік, гэта значыць 100% удзельнікаў галасаваньня.
Дзейны мэр Руставі Ніно Лацабідзэ атрымала 91,9% галасоў, у Кутаісі перамог Давід Эрэмеішвілі — 85,6%, у Батумі перамогу атрымаў Георгі Цынцадзэ — 80,6%. У Тбілісі дзейны мэр Каха Каладзэ набраў 71,5% галасоў. Ён займае пасаду мэра з 2017 году.
Выбары прайшлі 4 кастрычніка ў 64 муніцыпалітэтах Грузіі. У ЦВК заявілі, што галасаваньне адбылося спакойна і ў цэлым без парушэньняў. У той жа час апазыцыйныя партыі, якія ўдзельнічалі ў выбарах, паведамілі аб сотнях парушэньняў. Галасаваньне праходзіла на фоне маштабнай акцыі пратэсту ў Тбілісі, якая завяршылася затрыманьнем некалькіх яе ўдзельнікаў і арганізатараў.
Пратэсты і адказ уладаў
Грузінскі прэм’ер і лідэр «Грузінскай мары» Іраклі Кабахідзэ заявіў, што «спроба зрынаньня ўлады правалілася». У гэтым кантэксьце ён нагадаў аб плянах кіроўнай сілы забараніць партыю экс-прэзыдэнта Міхеіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух» і шэраг іншых апазыцыйных аб’яднаньняў.
Паводле слоў прэм’ера, за апошнія чатыры гады «Адзіны нацыянальны рух» пяць разоў рабіў спробы зрынуць уладу. Кабахідзэ адзначыў спробы «ўчыніць у краіне майдан», учыніць беспарадкі ў краіне, на што ўлады «далі адэкватны адказ». Ён падкрэсьліў, што неабходна канчаткова «нэўтралізаваць» так званы «Калектыўны Нацрух», каб у Грузіі ўсталявалася «здаровая дэмакратычная палітычная сыстэма», піша «Эхо Кавказа».
Акрамя таго, Кабахідзэ заявіў, што «фактычна правалілася падрыхтаваная „глыбіннай дзяржавай“ (Deep state) схема замены „Адзінага нацыянальнага руху“ на „Лела“ і „Гахарыю — За Грузію“. Гэтыя дзьве партыі, якія не байкатавалі выбараў, але атрымалі нізкі вынік, паводле яго слоў, „ужо можна сьпісаць з рахункаў“.
Уначы паліцыя затрымала сяброў арганізацыйнага камітэту акцыі 4 кастрычніка — шэраг апазыцыянэраў. Затрыманыя Паата Бурчуладзэ, Муртаз Задэлава, Іраклі Надзірадзэ, Паата Манджгаладзэ і Лаша Бэрыдзэ.
Ім інкрымінуецца заклік да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу Грузіі ці зрынаньня дзяржаўнай улады, а таксама арганізацыя, кіраваньне і ўдзел у групавых актах гвалту. За гэтыя злачынствы прадугледжана да 9 гадоў пазбаўленьня волі, заявілі ў МУС Грузіі.
Форум