Глядзіце размову на відэа цалкам.
Тут фрагмэнты гутаркі
— Днямі міністэрства інфармацыі Беларусі дадало ў сьпіс выданьняў, забароненых да распаўсюду ў краіне, яшчэ 32 кнігі, у тым ліку вашы «Чырвоны Крыж» і «Слон», а таксама кнігі сусьветна вядомых аўтараў Бэроўза, Ўэлша і Томпсана. Прычына — «наяўнасьць інфармацыйных паведамленьняў і матэрыялаў, распаўсюд якіх здольны нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам». Ваша рэакцыя? Чаму толькі гэтыя дзьве кнігі?
— Ніякай лёгікі няма ў тым, што робяць гэтыя людзі. Нібыта трэба было б забараніць «Былога сына», бо там больш пра Беларусь. Напрыклад, супраць мяне заведзеная крымінальная справа, забаронены мой Instagram, ён «экстрэмісцкі», але пры гэтым вы можаце чытаць мой Telegram-канал, вы можаце чытаць мяне ў Facebook, а вось фоткі лайкаць нельга. Мне падаецца, што гэта проста ціск. Яны час ад часу пасылаюць нейкі сыгнал.
Раман «Слон» мы спачатку надрукавалі ў Эўропе, беларускую вэрсію — у Польшчы. Мы разумелі, што немагчыма яе друкаваць у Беларусі, але знайшлі нейкія рашэньні, і яна зьявілася. Яна была ў Беларусі шэсьць гадзін, пасьля гэтага яе забаранілі. Кніга зьнікла, потым зьявілася зноў, потым зноў зьнікла. Беларускамоўнай вэрсіі ўвогуле няма ў Беларусі. У 2025 годзе мы кажам пра тое, што ў Беларусі немагчыма набыць беларускамоўную вэрсію кнігі. І ня ведаю, чаму менавіта «Слон» і «Чырвоны крыж» забаранілі, але нешта яны там знайшлі. Мне пісалі чытачы, што ў Беларусі чытаюць кніжкі «на экстрэмізм». Напэўна яны ўсе прачыталі, але знайшлі «экстрэмізм » толькі ў гэтых дзьвюх.
— Калі я чытала раман «Слон», то апісаньне катаваньняў галоўнага героя напачатку падавалася перабольшаньнем, нечым празьмерным. Але паслухаўшы палітвязьняў, якія выходзяць з турмаў, усьведамляеш, што мяжы катаваньняў, іх варыяцыям проста няма. Што вы думаеце пра прыроду гэтага зла?
— Мне пра гэта і хацелася распавесьці. Ёсьць чытачы, якія пішуць, што гэта занадта жорстка, але мне хацелася паказаць, што так яно і ёсьць, што гэта наша жыцьцё і што мы ня хочам заўважаць гэтага слана, што мы ня хочам гэтага бачыць. Аднак гэта ўсё ёсьць кожны дзень, гэта ёсьць у цэнтры Менску ці недзе яшчэ ў Беларусі. Гэта адбываецца зараз у Расеі з палоннымі, і проста з людзьмі, якія ў турмах. Гэта велізарная праблема. Адкуль гэта? Людзі зьдзекуюцца зь людзьмі ня першы год, таму што ёсьць на гэта дазвол. Мы разумеем, што ў сыстэме ёсьць не зусім псыхічна здаровыя людзі, якія туды ідуць, бо разумеюць, што яны могуць зьдзекавацца зь людзей, і ім за гэта нічога ня будзе. Хацелася распавесьці, як грамадзтва гэта заўважае ці не заўважае, ці мы можам з гэтым нешта зрабіць, ці ня можам, ці мы павінны пра гэта распавядаць, ці не павінны злаваць гэтых садыстаў. Я разумеў, што гэта будзе падарожжа ў пекла разам з чытачом, што 40 апошніх старонак будуць даволі цяжкімі, але гэта не таму, што мне хочацца напісаць вельмі цяжкія старонкі, так, а гэта таму, што так і ёсьць у нашым жыцьці.
— Хачу з вамі пагаварыць пра перамовы адміністрацыі прэзыдэнта Доналда Трампа з рэжымам у Менску, у выніку якіх выйшлі з турмаў некаторыя палітвязьні, частка зь іх была фактычна дэпартаваная зь Беларусі і пазбаўленая пашпартоў. Як вам падаецца, чаму Лукашэнка ня хоча пакідаць палітвязьняў у Беларусі?
— Таму што яны ўсяго баяцца, таму што яны разумеюць, што такая глыба, як Статкевіч, ён пачне нешта адразу рабіць у Беларусі, што гэта ня будзе чалавек, які будзе жыць нейкім памяркоўным жыцьцём і не заўважаць тое, што адбываецца ў Беларусі. І ў гэтым сэнсе немагчыма ўявіць сабе, каб зараз на волі была Марыя Калесьнікава, каб яны дазволілі б ёй застацца ў Менску, таму што яны разумеюць, што адразу зь яе боку пачнецца супраціў.
Калі амэрыканскія чыноўнікі, дыпляматы прыяжджаюць у Менск, то пытаньне палітвязьняў — ня першае. Амэрыканцы размаўляюць пра тое, як будзе сябе Беларусь паводзіць далей, калі пачнецца ці не пачнецца гэты канфлікт, ня ведаю, з Польшчай, Літвой ці Латвіяй. І мне гэта нагадвае сытуацыю, калі Гітлер прылятаў у Фінляндыю і размаўляў з Манэргаймам пра тое, што Фінляндыя ня вельмі актыўна прэсуе Савецкі Саюз, што Фінляндыя павінна нібыта больш жорстка нападаць на Расею. А перад тым, як прылятаў Гітлер да Манэргайма, зь ім ужо паразмаўлялі амэрыканцы, і яны вельмі яскравы сыгнал яму даслалі, што калі ты будзеш больш атакаваць Расею, то ў Фінляндыі будуць вялізныя праблемы. І таму ён павінен быў тады балянсаваць паміж Гітлерам і амэрыканцамі.
Лукашэнка зараз ён таксама ў сытуацыі Манэргайма, калі ён павінен вырашаць. Мне заўсёды падаецца, што Лукашэнка — гэта такі Гітлер, які ня змог зьехаць з Аўстрыі, і вось яму вельмі цесна ў гэтай Аўстрыі, ён у ёй застаецца. І ён павінен балянсаваць. І ён павінен вырашаць паміж там Кітаем, Амэрыкай і Расеяй, якая, канешне, хоча, каб Лукашэнка больш актыўна прымаў удзел у гэтай вайне.
Форум