Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават не прыхоўваюць нечалавечыя ўмовы». Праваабаронцы сабралі сьведчаньні вязьняў аб працы ў калёніях


Наведваньне камісіяй Міністэрства юстыцыі Магілёўскай папраўчай калёнія №15 у сакавіку 2023 году. Ілюстрацыйнае фота
Наведваньне камісіяй Міністэрства юстыцыі Магілёўскай папраўчай калёнія №15 у сакавіку 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

Беларуская турэмная сыстэма шмат у чым пераняла спадчыну савецкага ГУЛАГу, дзе праца была адной з формаў катаваньня, хаця дэкляравалася мэтадам перавыхаваньня.

У камэнтары для Свабоды былы палітзьняволены Леанід Судаленка зьвярнуў увагу на тое, што гуманізацыя ўмоваў у беларускіх вязьніцах была абвешчаная 30 гадоў таму, але праца па выпраўленьні прызнанага ганебным становішча выніку дагэтуль не дае.

«Усё праз тое, што на практыцы асуджаныя як не лічыліся за людзей з грамадзянскімі правамі, гэтак і не лічацца. У калёніях зьявіліся тэлевізары, лядоўні, пральныя машыны, але гэта ў бараках, а ў вытворчым цэху да зьняволенага ставяцца па-ранейшаму, як да нявольніка. Гэтак жа, як у сталінскім ГУЛАГу — на сабе гэта праверыў. Патрэбная сапраўдная, а не паказная гуманізацыя ўмоваў ва ўсіх месцах зьняволеньня», — лічыць праваабаронца «Вясны», былы зьняволены ПК-3 Леанід Судаленка.

Працоўная вопратка і спэцыяльныя сродкі

Зьняволеныя расказалі праваабаронцу «Вясны» Алегу Мацкевічу, у якіх умовах яны працавалі і як праходзілі праверкі міліцэйскага начальства і кантрольных службаў.

Былы палітвязень з ПК-1 у Наваполацку: «Як правіла, працоўная форма не выдаецца людзям, якія прыходзяць на прамзону ўпершыню, і яны павінны яе дзесьці дастаць, здабыць, узяць ад тых, хто выйшаў на волю ці перавёўся кудысьці. Гэта насамрэч вялікая праблема. Была такая нават гісторыя, што забаранілі на прамзоне ніткі з іголкамі. І праз нейкі час, што лягічна, людзі сталі хадзіць проста ў такіх драных лахманах».

Былы палітзьняволены з ПК-15 у Магілёве: «Па-мойму, за 10 пачкаў цыгарэт яе купіў, ну, там у кагосьці са зьняволеных. І вось у мяне ўжо была пара, і я мог чаргаваць — працоўная ці не працоўная. Тое самае з абуткам. Я ня змог там хутка знайсьці абутак працоўны, прыйшлося таксама яго купляць. Хаця ведамасьці нам насілі крыху пазьней, і мы там распісваліся, што нібыта мы гэтае адзеньне атрымалі. Ня ведаю, што гэта за шэрыя схемы, і куды яны яе сьпісваюць, але па факце я яе не атрымліваў, там ніхто яе не атрымліваў».

Паліна Шарэнда-Панасюк, ПК-4: «Абсталяваньне часта вельмі старое, дапатопнае. З працоўнага адзеньня выдаваліся толькі хустка і фартух. Ні рэсьпіратараў, ні нейкіх пальчатак — нічога там не выдавалася».

Дзяніс Хахлоў, ПК-22 у Івацэвічах: «У нас хлопцы пісалі, тэлефанавалі родным, дасылалі ім пальчаткі ў пасылках. Вось майму сябру даслала жонка 50 пар пальчатак, каб ён там працаваў».

Мікіта Літвіненка, ПК-17 у Шклове: «На прамзоне, калі прыходзіць новы чалавек, там ёсьць такая вялікая скрынка, дзе ляжыць куча ўсякай вопраткі, бруднай, працоўнай, незразумела якой. І мне сказалі: „Вунь там ідзі, паглядзі, выберы сабе што-небудзь“. Я выбраў сабе проста штаны, кашулю і нейкія бацінкі. І ў іх працаваў».

Яна Жураўлёва, ПК-4 у Гомлі: «Калі я заехала ў турму быў дэфіцыт па сукенках і быў дэфіцыт па хустках. Я дзевяць месяцаў хадзіла ў адной і той жа сукенцы і ў адной і той жа хустцы. То бок, як яе сьціраць там гэтую хустку, ну, тут ужо як у цябе атрымаецца. І на працы не выдалі нічога».

Вольга Такарчук, ПК-4: «Калі ты стаіш у страю на фабрыку, і ідзе моцны дождж, не ва ўсіх там ёсьць дажджавікі, гэтыя курткі сінтэпонавыя намакаюць, а там няма нейкіх умоў адпаведных для іх захоўваньня. І вось гэтыя мокрыя, там пяць вешалак на трыццаць чалавек, вешаюцца адно на адно, усе курткі вісяць, прэюць. І ты потым вось у гэтым халодным, мокрым, сьмярдзючым ідзеш у атрад, а там гэта таксама сушыць няма дзе. Са сродкаў індывідуальнай абароны на працы нічога не выдавалася, толькі фартух і хустка».

Вэнтыляцыя на працоўным месцы

Кацярына Кенэ, ПК-4 у Гомлі: «Дыхаць цяжка. Увесь час пыл. Вэнтыляцыя ня ведаю, у якім стане, але ані кандыцыянэраў, ані тэмпэратурнага кантролю нейкага, пра гэта ўсё можна забыцца. Калі пачалася вось гэтая сьпякота вар’яцкая, то гэта можна было проста там памерці».

Тацьцяна Купчына, ПК-4: «Было жудасна горача летам, і скразьнякі паўсюль, і былі такія пэрыяды, калі нам дазвалялі не апранаць хусткі і фартухі, таму што, ну, ты мог страціць прытомнасьць. З цябе ўсё лілося, мы абліваліся вадой, хадзілі проста ў сукенцы, і ўсё. А часам у сьпякоту прымушалі апранаць гэтыя фартухі, якія пашытыя з мешкавіны шчыльнай».

Тэмпэратура ў цэху

Андрэй Чапюк, ПК-22: «Зімой холадна, у нас не было магчымасьці пагрэцца, разьдзявалка закрывалася і кантралявалася супрацоўнікамі, каб туды ніхто не патрапіў, каб брыгадзір яе не адкрыў, і каб мы ня грэліся зімой. Ты стаіш, нават калі працы няма, ты павінен стаяць усе гэтыя сем гадзін на вуліцы».

Былы палітвязень ПК-1 у Наваполацку: «Калі мы працавалі на „апілках“, мы ня мелі права заходзіць у цэх пагрэцца. Нам казалі, што грэцца ў цэху можна раз на пару гадзін пры тэмпэратуры ніжэй за 12 градусаў».

Душ пасьля працы

Былы палітвязень ПК-22: «У адзін момант проста зламалі душ і сказалі, што вязьні не павінны мыцца на працоўным месцы. Што яны павінны прымаць душ толькі раз на тыдзень. І па раскладзе, па агульным графіку. Але там пару гадзін давалі на ўвесь барак, там памыцца толкам нельга было».

Мікіта Літвіненка, ПК-17: «Самы брудны ўчастак, дзе людзі рэальна працуюць, дзе яны рэальна пацеюць, і мусіць быць душ. Але ў нас яго не было. Таму мы да ракавіны далучалі шлянг і з гэтага шлянгу проста паліваліся халоднай вадой».

Кацярына Кенэ, ПК-4: «Ты пацееш і ходзіш у адным і тым жа. Памыцца — дакладна не, там гэтага таксама не было і часам нават у атрадзе не было магчымасьці памыцца».

Прыбіральні на працоўных месцах

Мікіта Літвіненка, ПК-17: «Туалетаў таксама, як такіх, не было. Была проста нейкае карыта пастаўлена, куды там рабілі свае справы. То бок, каб зайсьці ў прыбіральню, гэта трэба было затрымаць дыханьне, каб туды пайсьці».

Яна Жураўлёва, ПК-4: «У цябе там няма бідэ, у цябе ёсьць два з паловай унітазы. Чаму два з паловай? Таму што ў адным змывае, можна схадзіць па „малому“. У другім змывае не заўсёды ўвогуле. Трэці можа то працаваць, то не працаваць. Вось, усе ўмовы, якія табе даюць за тое, што ты шэсьць гадзін сорак хвілін у дзень шыеш міліцэйскую форму».

Сяргей Дзяцюк, ПК-14 у Воршы. «А вось на „медзі“ гэта ўвогуле быў страх. Вы на вуліцы працуеце. Мароз, холад, ні вады, ні прыбіральні, нічога. Потым зрабілі адзін туалет, але ў яго не зайсьці, бо ён адзін на 200 чалавек».

Праверкі начальства

Ірына Шчасная, ПК-4: «Калі я некаторы час працавала на спэцмашынах, так званых, там выдаваліся плястыкавыя акуляры. Але яны выдаваліся толькі тады, калі нейкія праверкі былі на фабрыцы. А ў асноўным працавалі, натуральна, без акуляраў».

Былы палітвязень ПК-3: «Прыяжджалі туды нейкія камісіі, глядзелі, фатаграфавалі. Я глядзеў у іх твары і думаў: „Ну няўжо вы ня бачыце ўсяго, што тут адбываецца?“ Аказалася, што, мабыць, ня бачаць. І санстанцыя туды прыяжджала, глядзела, і дактары туды прыходзілі. Там штотыдзень нейкая камісія прыяжджае. Але ніякіх высноў яны чамусьці не рабілі».

Былая палітзьняволеная ПК-4: «Калі прыяжджаў які-небудзь генэрал, ці калі прыяжджала з ДВП (дэпартамэнт выкананьня пакараньняў), ці з пракуратуры нейкая праверка. А, тэлебачаньне адзін раз прыяжджала, вялікая была дэлегацыя. Вось, тады яны там бегалі, правяралі, калі ў кагосьці хустка непрыгожая, або ледзь надарваная, тады мянялі. Так вось не дапытацца, а тады яны проста раздавалі, каб усе жанчыны зьняволеныя апраналі прыгожыя хусткі. Вядома, потым усё забіралі, акуляры забіралі».

Сяргей Дзяцюк, ПК-14. «Колькі прыяжджала праверак, усе скардзяцца... Яны ўсё запісваюць, але нічога не зьмяняецца. А калі прыехаў начальнік ДВП, ён сказаў: „Вось гэты цэх для таго, каб проста паказаць людзям, што ніколі ня трэба парушаць закон“. Гэта значыць, нават не хаваецца, што тут нечалавечыя ўмовы».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG