Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызвалены былы афіцэр ФСБ Расеі будзе працаваць у прэсавым цэнтры СБУ


Ільля Багданаў
Ільля Багданаў

Былы афіцэр Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі Ільля Багданаў, які ў 2014 годзе перайшоў на бок Украіны і ваяваў у добраахвотніцкім батальёне «Данбас», будзе працаваць у прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны. Пра гэта сам Багданаў напісаў на сваёй старонцы у Facebook.

18 лістапада Служба бясьпекі, Генэральная пракуратура і Нацыянальная паліцыя Ўкраіны паведамілі, што ў часе супольнай адмысловай апэрацыі затрымалі трох грамадзян Украіны, якія на замову Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі выкралі, спрабавалі вывезьці ў Расею і забіць грамадзяніна Ўкраіны, былога расейскага афіцэра Ільлю Багданава.

Сярод затрыманых і дэпутат Харкаўскай абласной рады Ўладзімер Разсоха.

Паводле спэцслужбаў, арганізацыяй выкраданьня Ільлі Багданава на тэрыторыі Ўкраіны займалася Галоўнае ўпраўленьне выведкі Расеі, а перадачай на тэрыторыю Расеі — ФСБ. Былога афіцэра ФСБ выкралі ў Кіеве і спрабавалі перамясьціць у Расею на мяжы ў Харкаўскай вобласьці.

Ільля Багданаў ваяваў у складзе батальёну «Данбас», у 2014 годзе афіцыйна адмовіўся ад расейскага грамадзянства і зьвярнуўся з заяваю пра атрыманьне грамадзянства Ўкраіны. У Расеі супраць яго адкрылі крымінальную справу за дзяржаўную здраду.

Пасьля атрыманьня ўкраінскага грамадзянства Ільля Багданаў заяўляў, што расейскія спэцслужбы тройчы рыхтавалі апэрацыі па яго фізычным зьнішчэньні. Летась паводле падазрэньня ў падрыхтоўцы забойства былога расейскага афіцэра Служба бясьпекі Ўкраіны затрымала жыхара Данбасу, які па выніках расьсьледаваньня быў асуджаны да 8,5 гадоў пазбаўленьня волі.

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG