Прэсавая служба Банку Расеі паведаміла 24 лістапада пра выпуск памятных срэбных і залатых манэт на тэму Эўразійскага эканамічнага саюзу наміналам у тры рублі і сто рублёў адпаведна.
На адным баку манэт — герб Расеі і надпіс «Российская федерация». Сторублёвая манэта на адваротным боку мае рэльефную выяву эмблемы Эўразійскага эканамічнага саюзу.
Адваротны бок срэбнай манэты зьмяшчае большую колькасьць элемэнтаў. У цэнтры ў меншым памеры зьмешчаная тая ж эмблема, вакол якой колам ідуць пяць каляровых нацыянальных арнамэнтаў. Вакол іх у колах пяць будынкаў: Нацыянальная бібліятэка ў Менску, Спаская вежа маскоўскага Крамля і маскоўскі Вялікі крамлёўскі палац, рэзыдэнцыя прэзыдэнта Казахстана, будынак Дзяржаўнага гістарычнага музэю Кіргізскай Рэспублікі і Інстытут старажытных рукапісаў Армэніі. Усё аточана надпісам «Евразийский экономический союз».
Трохрублёвая манэта мае 31,1 грам срэбнага сплаву 925 пробы, залатая — 15,55 г золата 999 пробы. Першая выдаецца накладам у тры тысячы асобнікаў, залатых манэтаў выдалі толькі пяцьсот.