Гарантаваньне бясьпекі і захаваньне міру на прасторы Садружнасьці Незалежных Дзяржаў — «абсалютны прыярытэт» сярод ключавых стратэгічных кірункаў дзейнасьці арганізацыі, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 10 кастрычніка на саміце СНД у Душанбэ.
«Мы не павінны дапусьціць, каб дзяржавы СНД аказаліся ўцягнутымі ў найнебясьпечнейшыя авантуры, якія пагражаюць як нашаму рэгіёну, так і ўсяму чалавецтву», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Пры гэтым поўнамаштнабную вайну Расеі ва Ўкраіне, якая ідзе з 2022 году пры яго саўдзеле, Лукашэнка не згадаў.
Аляксандар Лукашэнка заявамі і справамі спрыяе расейскай ваеннай агрэсіі супраць Украіны: у 2022 годзе зь Беларусі на Кіеў ішлі расейскія браняваныя калёны, Расея выкарыстоўвае беларускія базы і аэрадромы для атак на Ўкраіну.
Украіна — сузаснавальніца СНД. Яе лідэры ня раз заяўлялі аб выхадзе, але кіраўніцтва СНД дагэтуль лічыць Украіну сябрам арганізацыі.
У лютым 2024 года генэральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў заяўляў:
«Украіна пакуль яшчэ застаецца ў СНД. Дэ-юрэ Украіна застаецца ў СНД», падкрэсьліўшы, што паміж Украінай і дзяржавамі — чальцамі СНД існуюць дзясяткі пагадненьняў, якія Ўкраіне, на яго думку, трэба дэнансаваць.
Лукашэнка ў Душанбэ таксама зазначыў, што ён «нікога не агітуе» за «аднаўленьне Савецкага Саюзу», бо «гэта немагчыма сёньня», аднак выступае за захаваньне «эканамічнай прасторы».
Прыгадаў Лукашэнка і АБСЭ, якую яшчэ нядаўна абвінаваціў у тым, што яе «не чуваць і не відаць».
«Мы вельмі шмат гаворым, што ў нас ёсьць Арганізацыя бясьпецы і супрацоўніцтва ў Эўропе. Але на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў калі мы зьбіраліся? Калі мы абмяркоўвалі пытаньні бясьпекі? Калі мы, гледзячы адзін аднаму ў вочы, маглі сказаць тое, пра што мы думаем?» — сказаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін прызнаў, што самалёт «Азэрбайджанскіх авіяліній» быў зьбіты расейскай ракетай ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Таджыкістан праігнараваў ордэр Міжнароднага крымінальнага суду на арышт Пуціна. Той прыляцеў у Душанбэ ўпершыню за тры гады