Усясьветны банк панізіў прагноз росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў 2025 годзе

Сядзіба Ўсясьветнага банку ў Вашынгтоне. Архіўнае фота

Прагназуюць, што сёлета прырост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) у Беларусі складзе 1,9%, а ў Расеі рост ВУП зьнізіцца да 0,9 працэнта ў параўнаньні з 4,3 працэнта ў 2024 годзе.

У 2025 годзе Ўсясьветны банк прагназуе прырост эканомікі Беларусі на 1,9%, у 2026 годзе — на 1,3%, у 2027 — на 0,8%, у 2028 годзе банк прагназуе спад беларускай эканомікі на 0,3%.

«Экспарт тавараў у многіх краінах аднаўляецца павольна празь нявызначанасьць у гандлёвай палітыцы, павольнае аднаўленьне ў эўразоне — найбуйнейшым гандлёвым партнэры Эўропы і Цэнтральнай Азіі, рэзкае запаволеньне росту ў Расеі», — паведамляе ў восеньскай справаздачы Ўсясьветны банк.

Яшчэ летам банк прагназаваў прырост эканомікі Беларусі ў 2025 годзе на 2,2%.

Што да Расеі, то для яе прагназуюць паказьнік, значна ніжэйшы за сярэдні. У Расеі сёлета рост ВУП зьнізіцца да 0,9 працэнта супраць 4,3 працэнта ў 2024 годзе.

«Актыўнасьць у неабаронных сэктарах скарацілася праз высокія выдаткі на пазыкі, скарачэньне спажывецкага крэдытаваньня і дэфіцыт рабочай сілы», — піша Ўсясьветны банк у сваёй восеньскай справаздачы аб эканоміцы Расеі.

У эканоміцы Расеі, да якой шчыльна прывязаная эканоміка Беларусі, пачаўся спад.

Ад чэрвеня прагнозы росту для больш чым паловы краін Эўропы і Цэнтральнай Азіі Ўсясьветны банк павялічыў у сярэднім на 0,9%. Чакаецца, што рост будзе большым у Цэнтральнай Азіі, Польшчы і Турэччыне.

Тым часам міністар эканомікі Беларусі Юры Чабатар заявіў, што прагноз прыросту ВУП на наступны год складзе 2,8%. Пра гэта Чабатар паведаміў на нядаўнім паседжаньні прэзыдыюма Савету міністраў, перадае ўрадавае выданьне «Рэспубліка».

Эканоміка будзе расьці за кошт паслуг — сфэры турызму і ІТ, паведаміў Чабатар.

«Рост эканомікі на 2,8 працэнта плянуецца забясьпечыць з дапамогай станоўчай дынамікі рэальнага сэктара, а таксама рэалізацыі патэнцыялу паслуг. У прыватнасьці турыстычных. Іх доля ў ВУП краіны павінна дасягнуць 2,6 працэнта. Таму робім акцэнт на разьвіцьцё інфраструктуры адпачынку, у першую чаргу сродкаў разьмяшчэньня», — заявіў міністар эканомікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы пасьля імклівага росту пачнецца спад
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця панізіў прагноз росту ВУП Беларусі ў 2025 годзе