Былы палітвязень на канфэрэнцыі АБСЭ аб чалавечым вымярэньні зьняпраўдзіў «лібэралізацыю» ў Беларусі

Андрэй Чапюк, былы палітвязень, валянтэр «Вясны», на канфэрэнцыі АБСЭ ў чалавечым вымярэньні. Варшава, 7 кастрычніка 2025 году

У Варшаве на канфэрэнцыі АБСЭ ў чалавечым вымярэньні прагучалі сьведчаньні аб новых рэпрэсіях у Беларусі.

Былы палітвязень і валянтэр «Вясны» Андрэй Чапюк расказаў аб практыцы завочных прысудаў, рэпрэсіях за ахвяраваньні, судах за ўдзел у інтэрнэт-суполках, якія на момант падпіскі фармальна не былі так званымі «экстрэмісцкімі», піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

Абмен думкамі экспэртаў у пытаньнях палітычнага перасьледу ў Беларусі і Расеі на канфэрэнцыі арганізавала асацыяцыя «Салідарнасьць з грамадзянскім рухам Расеі» і фонд «Свабодная Расея». Паводле экспэртаў, рэпрэсіі ў Беларусі і Расеі ўзмацніліся і сталі больш разнастайнымі падчас вайны супраць Украіны. Аб’ектам дэталёвага аналізу праваабаронцаў сталі тэндэнцыі 2025 году.

«Ствараецца ілюзія, быццам у Беларусі адбываецца нейкае паслабленьне, але насамрэч заканадаўства робіцца толькі больш жорсткім, а колькасьць затрыманьняў расьце», — заявіў пра сытуацыю ў краіне Андрэй Чапюк.

Паводле «Вясны», на 8 кастрычніка ў Беларусі 1195 палітвязьняў, а ўсяго з 2020 году палітвязьнямі былі прызнаныя больш за 4100 чалавек. Што да агульных ацэнак рэпрэсій за палітычныя погляды, то, паводле праваабаронцаў, з 2020 году прынамсі 8 905 беларусаў сутыкнуліся зь перасьледам з палітычных матываў, мінімум 7 565 чалавек атрымалі палітычна матываваныя прысуды, у тым ліку завочныя.

Насамрэч узровень рэпрэсіяў не зьніжаецца, адзначаюць беларускія праваабаронцы.

У верасьні былі памілаваныя і выйшлі на волю 40 палітвязьняў, але адначасова зафіксавана 96 новых выпадкаў перасьледу з палітычных матываў. Працягваецца і практыка завочных судоў.

Былы палітвязень Андрэй Чапюк на канфэрэнцыі ў Варшаве прааналізаваў зьяўленьне і практыку ўжываньня завочных прысудаў у Беларусі.

«Зьмены ў Крымінальным кодэксе 2024–2025 гадоў дазволілі працягнуць масавыя рэпрэсіі, у тым ліку скіраваць іх супраць беларусаў, якія жывуць за межамі краіны. Гэтак, генэральная пракуратура Беларусі паведамляла ў студзені, што ідэнтыфікавала 365 удзельнікаў акцыяў пратэсту за мяжой», — нагадаў Андрэй Чапюк.

Экс-палітвязень і праваабаронца кажа, што цяпер ведамства пагражае гэтым людзям і захадамі супраць іхнай маёмасьці на тэрыторыі Беларусі.

«Расцэньваю гэта як спосаб ціску і адначасова як мэханізм папаўненьня дзяржаўнага бюджэту праз інструмэнт спэцыяльнай канфіскацыі», — заявіў Чапюк.

Андрэй Чапюк нагадаў аб масавых затрыманьнях у справе «Беларускага Гаюна» і аб практыцы прыцягненьня да адказнасьці паводле артыкулаў, зьвязаных з «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

«У Беларусі прыцягваюць да адказнасьці за ўдзел у суполцы, якая на момант падпіскі яшчэ не была прызнаная экстрэмісцкай. Такіх гісторыяў дзясяткі. Або сытуацыя з ахвяраваньнямі: людзі пераводзілі грошы розным ініцыятывам, якія толькі пазьней былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Такіх людзей шмат па ўсёй краіне ў калёніях. Ведаю выпадак, калі супраць жанчыны завялі крымінальную справу толькі за тое, што яна перавяла мне грошы, калі я быў у СІЗА — тады я яшчэ ня быў асуджаны і не ўваходзіў ні ў якія сьпісы экстрэмістаў», — расказаў Андрэй Чапюк.

У кастрычніку 2020 году валянтэр «Вясны» Андрэй Чапюк быў асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня паводле чатырох артыкулаў КК Беларусі, уключна з «падрыхтоўкай да ўдзелу ў масавых забурэньнях».

Праваабаронца адбываў пакараньне ў ПК-22 у Івацэвічах, празь месяц пасьля выхаду на волю сёлета ў траўні ён змог эвакуавацца зь Беларусі.

Прадстаўнік «Вясны» заклікаў шырэй распаўсюджваць зьвесткі аб падзеях у Беларусі, «бо ня ўсе разумеюць рэальны кантэкст перасьледаў у нашай краіне і тое, што там адбываецца цяпер».

  • Штогадовая канфэрэнцыя АБСЭ у чалавечым вымярэньні ў Варшаве працягнецца да 17 кастрычніка.
  • 10 кастрычніка там пройдзе дыскусія «Бяляцкі, Калесьнікава і сотні іншых: як вызваліць беларускіх палітвязьняў?», арганізаваная праваабарончым цэнтрам «Вясна».
  • Адбудуцца дыскусіі «Правы чалавека ў Беларусі» (13 кастрычніка, арганізатар — Беларускі ПЭН), «Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі» (15 кастрычніка, арганізатар — МЗС Даніі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Электрамабілі і адсутнасьць моладзі на вуліцах. Якою пабачыў Беларусь праваабаронца Андрэй Чапюк, які правёў за кратамі амаль 5 гадоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нават не прыхоўваюць нечалавечыя ўмовы». Праваабаронцы сабралі сьведчаньні вязьняў аб працы ў калёніях
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні патрабавалі вызваленьня Алеся Бяляцкага і іншых вясноўцаў у 4-ю гадавіну іх арышту. ФОТА

Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»

Па стане на 3 сакавіка 2024 году, за кратамі знаходзяцца 5 праваабаронцаў «Вясны».

  • Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Падчас ягонага зьняволеньня, 7 кастрычініка 2022 году, Алесю Бяляцкаму была прысуджаная Нобэлеўская прэмія міру. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 10 гадоў калёніі. Бяляцкага прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 9 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. 3 сакавіка 2023 году яго асудзілі на 7 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).
  • Марфа Рабкова, праваабаронца «Вясны», затрыманая 17 верасьня 2020 году. Ёй прысудзілі 15 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў, або звыш 8800 даляраў) паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці»), ч. 3 арт. 130 («распальваньне сацыяльнай варожасьці да ўлады») і ч. 2 арт. 285 КК («ўдзел у злачыннай арганізацыі»). 28 лютага 2023 году Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу ў справе Рабковай. Тэрмін зьняволеньня скарацілі на тры месяцы.


Выйшлі на волю:

  • Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках за кратамі прабыла 1 год і 8 месяцаў. Праваабаронца не адбыла ўвесь тэрмін.
  • Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яго пакаралі на 3 гады зьняволеньня. Выйшаў на волю. адбыўшы ўвесь тэрмін.
  • Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачвацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Чапюка асудзілі на 6 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і пакаралі штрафам у памеры 500 базавых велічыняў (16 000 беларускіх рублёў ці больш за 6 300 даляраў). Выйшаў на волю 18 красавіка 2025 году.