У пачатку кастрычніка стала вядома, што ў Беларусі цалкам вычарпалі квоту, якая дазваляе юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам завозіць электрамабілі без аплаты мыта. На 2025 год гэтая квота згодна з Эўразійскай эканамічнай камісіяй — 15 000 аўтамабіляў.
Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі паведаміў, што на вечар 1 кастрычніка квота вычарпана цалкам.
«Зафіксаваны значны рост колькасьці дэкляраваных электрамабіляў з стасаваньнем тарыфнай ільготы пасьля інфармацыйнага паведамленьня аб хуткім сканчэньні квоты. У сувязі з гэтым раней прагназаваны месячны аб’ём быў вычарпаны цягам аднаго тыдня», — адзначылі ў камітэце.
Гэта значыць, што цяпер мыта будзе складаць 15% ад цаны электрамабіля.
Дырэктар Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) Сяргей Худаешка ў інтэрвію тэлеканалу АНТ заявіў, што бяз квоты электрамабілі падаражэюць.
«Сябры БАА і нацыянальны апэратар „Маланка“ выступаюць за тое, каб урад паспрабаваў захаваць квоту і, як мінімум, працягнуць яе да 2030 году. Рэч у тым, што калі дадаць да цаны электрамабіля мыта, або ПДВ, або павышаны збор за ўтылізацыю, то аўтамабіль ужо абыдзецца пакупніку, напрыклад, не ў 80 тысяч, а ўва ўсе 110 000 рублёў», — адзначыў ён.
Таксама кіраўнік Аўтамабільнай асацыяцыі паведаміў, што за апошнія 4 гады электрамабіляў у Беларусі стала больш у 8,5 раза — з 4 тысяч да 34 тысяч ў жніўні сёлета. Зараз такіх машын яшчэ больш.
Пры гэтым да канца году ў Беларусь можна ўвозіць электракары бяз сплаты падатку на даданую вартасьць (ПДВ). Гэта катэгорыі М, MG, N, NG (г. зн. як легкавыя, так і грузавыя, а таксам пасажырскія аўтамабілі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча перакрыла канал паставак люксавых аўтамабіляў у Беларусь і РасеюШто цяпер з аўтамабільным рынкам Беларусі
У верасьні ў Беларусі прадалі на 2% больш новых аўтамабіляў, чым у жніўні — 4352, паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя.
Маркі Belgee і Geely займаюць больш за палову рынку. Ад пачатку году ў Беларусі прадалі 14917 машын Belgee і 3910 машын Geely. Трэцяе месца займае расейская Lada — 9801 машын з пачатку году.
Таксама з пачатку году ў Беларусі афіцыйныя ўдзельнікі рынку прадалі 5616 электрамабіляў, што ў 2,8 раза больш, чым было летась. Экспэрты аўтамабільнай асацыяцыі не прагназуюць сэзоннага росту рынку, на гэта паўплывае шэраг адмоўных чыньнікаў.
«На афіцыйны аўтарынак Беларусі ў бліжэйшыя месяцы будуць уплываць некалькі нэгатыўных фактараў. Дзейнічае высокі ўтылізацыйны збор на імпартныя аўтамабілі з рухавіком унутранага згараньня для юрыдычных асобаў (уключаючы кітайскія маркі, што зьбіраюцца ў Расеі, наконт якіх ня вырашаны міжурадавыя пытаньні). Нядаўна была вычарпана квота на 2025 год для бязмытнага ўвозу электрамабіляў і пасьлядоўных гібрыдаў, што прывядзе да часовага прыпыненьня імпарту такіх аўтамабіляў юрыдычнымі асобамі», — гаворыцца на сайце аўтамабільнай асацыяцыі.
Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла з аўтааматарамі зь Беларусі, якія сочаць за аўтарынкам. Яны адзначаюць наступныя тэндэнцыі:
- Людзі пэўны час імкнуліся купляць кітайскія электракары праз ільготы на мыта. Гэта было выгадна, але цяпер тэндэнцыя можа зьмяніцца
- Захоўваецца інтарэс да ўжываных аўтамабіляў заходніх марак з рухавікамі ўнутранага згараньня (не электракараў і не гібрыдаў). Такія аўтамабілі прывозяць з ЭЗ таксама праз трэція краіны.
- Попыт на новыя айчынныя маркі трымаецца і дзякуючы выгадным крэдытам ад беларускіх банкаў.
Напрыклад, цяпер аўтамабілі марак Geely і Belgee айчыннай вытворчасьці можна купіць пад 1,5% гадавых у «Сбер Банку» на першыя 5 месяцаў, пасьля чаго стаўка складзе 19,1%. Такія ўмовы дзейнічаюць для новых аўтамабіляў некаторых марак.
«Белаграпрамбанк» прапануе крэдыт на аўтамабілі Belgee (мадэлі S50, X50, X70, X80) пад стаўку ад 5% на першыя тры гады, а з чацьвёртага — пад 16,25%.
Ільготныя праграмы пад аўтамабілі беларускай зборкі прапануюць і іншыя банкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 110 даляраў за квіток да Вільні, содні ў чэргах па дарозе ў Варшаву. Што адбываецца на межах Беларусі з Эўразьвязам«Варта чакаць павышэньня цэнаў на электрамабілі»
Паводле старшай навуковай супрацоўніцы BEROC Анастасіі Лузгіной, можа адбыцца кароткатэрміновае падаражэньне, якое закране ня толькі электракары. Гэта зьвязана з павышэньнем утылізацыйнага збору ў Расеі, які могуць увесьці з лістапада і стаўкі якога для некаторых машын могуць вырасьці колькікроць.
«Магчымае падаражэньне ў дылераў, пакуль сытуацыя з утылізацыйным зборам не разьвяжацца. Калі яго ўвядуць, то цэны будуць выроўнівацца. Будзе немагчымы кароткатэрміновы эфэкт павышанага попыту. З аднаго боку, можна чакаць павышэньня цэнаў на электрамабілі, каб прадаўцы маглі кампэнсаваць скасаваньне льготнага збору. Агулам жа павышэньне цэнаў на аўтамабілі можа быць кароткатэрміновае», — мяркуе экспэртка.
У лістападзе на чарговым паседжаньні Эўразійскай эканамічнай камісіі плянуюць вырашыць, што далей будзе з мытамі на электракары.
Пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе многія эўрапейскія аўтабрэнды пакінулі Беларусь. Зь ліпеня 2024 году ЭЗ увёў шэраг абмежаваньняў на вываз у Беларусь аўтамабіляў з сваёй тэрыторыі. Забараняецца экспарт з ЭЗ ў Беларусь аўтамабіляў з аб’ёмам рухавіка больш за 1,9 літра, а таксама электрамабіляў і гібрыдаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Скасаваньне камісій, праца з рупіямі, крэдыты на аўтамабілі. Што беларускія банкі зьменяць ва ўмовах працы з кліентамі?