У Варшаве адкрылася новая онлайн-крама беларускіх сувэніраў і кніг

The Krama

Беларускія эмігранты адкрылі ў Варшаве інтэрнэт-краму, дзе можна купіць кнігі, адзеньне, сувэніры і іншыя рэчы з нацыянальнай сымболікай.

Праект The Krama сьцьвярджае, што накіраваны на тых, хто жыве за мяжою і хоча захаваць сувязь зь Беларусьсю праз знаёмыя рэчы і культурныя сымбалі, піша выданьне Most.

У разьдзеле «Адзеньне» можна знайсьці саколкі з сымбалямі і выразамі, якія апошнімі гадамі набылі для беларусаў асаблівае гучаньне. Напрыклад, «Доўгая дарога дадому», «Хопіць гвалціць» ды іншыя. Тут жа прапануюць і торбачкі — як клясычныя, так і з іранічнымі ілюстрацыямі, напрыклад з катамі.

Шмат у краме і кніг — і сучасных беларускіх аўтараў, і перакладаў усясьветнай літаратуры. Сярод іх «Нетутэйшая далечыня» Ігара Кулікова і «Гвалт» Аляксандра Чарнухі. Прадаецца кніга ўспамінаў Ларысы Геніюш «Птушкі бяз гнёздаў» і аповесьць Васіля Быкава «Мёртвым не баліць», надрукаваная без цэнзуры.

«Каляндар адаптацыі ў новай краіне» прызначаны для эмігрантаў і тых, хто толькі рыхтуецца да пераезду. У календары 12 практыкаваньняў, якія дапамогуць паступова адаптавацца да новых абставінаў. Кожнае практыкаваньне суправаджаецца тлумачэньнем і інструкцыяй, грунтуецца на прынцыпах піраміды патрэбаў Маслоў. Пачаць можна ў кожны момант, бо каляндар не прывязаны да канкрэтных датаў.

Сярод іншых прапановаў — вокладкі на пашпарт з нацыянальнымі матывамі, паштоўкі з выявамі Менску, нататнікі, драўляныя скрыначкі, падсьвечнікі ды іншыя прадметы, якія нясуць цеплыню і настальгію па радзіме.

Аформіць заказ можна праз сайт thekrama.com. Пры замовах ад 250 злотых дзейнічае бясплатная дастаўка па ўсёй Польшчы, а адпраўляюць ужо на наступны дзень. Дастаўляюць па ўсёй Эўропе.

Гэта ня першая і не адзіная сувэнірная крама, заснаваная беларусамі ў Варшаве. Напрыклад, ужо некалькі гадоў у цэнтры польскай сталіцы непадалёк станцыі мэтро Politechnika працуе крама Vuraj, якая прапануе шырокі выбар рознай беларускай прадукцыі, а нядаўна стала яшчэ й пляцоўкай для правядзеньня разнастайных беларускіх вечарынаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дранікі — вельмі дарагая ежа». Як беларусы адкрылі ў Варшаве карчму з традыцыйнымі стравамі і кухарам-грузінам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чарга на год. Як майстрыха стварае традыцыйныя беларускія строі за мяжой