Сумясьціць Воршу з Ваўкавыскам
Беларуска Марыя* (не называем прозьвішча суразмоўцы дзеля ейнай бясьпекі. — РС) жыве ў польскім Гданьску. Два гады таму яна разам з паплечніцай Вольгай стварылі майстэрню фальклёру і традыцыйнага адзеньня V&M. Частку назвы ўзялі зь першых літараў імёнаў заснавальніц.
У майстэрні можна замовіць традыцыйныя беларускія строі — цалкам або нейкі элемэнт: кашулю, спадніцу, нагавіцы, гарсэт, камізэльку, пояс. Майстрыхі займаюцца шыцьцём, вышыўкай, тканьнем паясоў. Плянуюць навучыцца ткаць і тканіну на строі. Цяпер часам замаўляюць тканіну ў дасьведчанага ткача. Некаторыя іншыя часткі працы таксама могуць перадаць на аўтсорс, прыкладам, запрасіць дзяўчат вышываць элемэнты строю.
Марыя з адукацыі гісторык-археоляг і музэйнік. Да строяў прыйшла праз танцы: займалася традыцыйнымі беларускімі танцамі ў Менску. Калі вырашыла паехаць на конкурс, спатрэбіўся строй. Так дзяўчына пачала ствараць традыцыйнае адзеньне спачатку для сябе.
Частка ейнай сям’і паходзіць з Аршаншчыны, частка — з Ваўкавыскага раёну. У сваёй першай спробе стварыць традыцыйнае адзеньне яна хацела сумясьціць гэтыя рэгіёны. У выніку штосьці ўзяла з Мсьціслаўскага раёну, нешта зь Вялікай Бераставіцы, а нешта бяз пэўнай рэгіянальнай прыналежнасьці.
«Гэта было вельмі сьмешна. Я не магу сказаць, што гэта быў строй. Гэта было штосьці, што мне трэба было апрануць на сябе падчас выступу. Гэта быў проста набор рэчаў. Бо строй — гэта пра адзін рэгіён», — тлумачыць яна.
Пасьля свой першы поўны строй дзяўчына шыла паводле канонаў мсьціслаўскага аўтэнтычнага строю. Ён складаўся з саяна, кашулі, фартуха. Памятае, што пашыла яго вельмі хутка, менш чым за месяц.
Марыя расказвае, што ствараць строі ёй дапамог досьвед. Зь дзяцінства яна займалася рукадзельлем. У юнацтве ўдзельнічала ў рэканструктарскім клюбе.
«Пэўная нагледжанасьць. Калі ты глядзіш на шво з правага, зь левага боку, то ведаеш: гэты тып шва робіцца так. Я проста бачу рэч, бачу, як гэта зроблена», — прызнаецца яна.
Ёсьць рэчы, якія яна спрабуе рабіць паводле кніг шляхам спробаў і памылак. Бывае, выклікам становяцца гарсэты. Майстрыха тлумачыць, што ў кнізе пра гарсэты выкрайкі зьнятыя з рэчаў ужо ношаных, магчыма, шмат гадоў. Таму трэба прыдумаць, як дапасаваць узор пад новую тканіну.
Самаробная вясельная сукенка
Сукенку і вянок на сваё вясельле Марыя рабіла сама. Ейнаму мужу вясельны строй рабілі іншыя майстрыхі.
«Нам хацелася, каб гэта было вясковае вясельле. Мы не рабілі беларускіх традыцыйных строяў. Мы рабілі строі, якія маглі б быць моднымі ў беларускай вёсцы ў сярэдзіне XX стагодзьдзя», — успамінае яна.
Прататыпам вясельнай сукенкі Марыі стала сукенка з Барысаўскага раёну сярэдзіны XX стагодзьдзя.
«Я яе не паўтарала дакладна. У мяне на сукенцы ёсьць вышыўка, а там вышыўкі няма. Тканіна, якую я ўзяла, аказалася дастаткова празрыстай, таму спатрэбілася другая спадніца. Мая сукенка фактычна двухслойная, арыгінальная была аднаслойная. Для прыгажосьці, каб падкрэсьліць талію, я дадала пояс», — расказвае пра розьніцу суразмоўца.
Вянок на сваё вясельле Марыя рабіла ўпершыню. Яна абапіралася на некалькі вобразаў беларускіх вянкоў розных часоў і розных рэгіёнаў: з Барысаўскага раёну і з фондаў Расейскага этнаграфічнага музэю.
Каркас вышынёй каля 5 сантымэтраў дзяўчына зрабіла з дроту і тканіны. На гэты абруч нашывала карункі і самаробныя васкаваныя кветкі з гафраванай паперы.
Суразмоўца адзначае, што інфармацыі пра строі то бывае шмат, то часам бракуе. Залежыць ад рэгіёну. На Палесьсі, прыкладам, старых строяў захавалася шмат, адрозна ад Віцебшчыны.
«Калі стаіць задача рэканструяваць строй з Кобрыньскага раёну, то мы можам сабе дазволіць паглядзець, зь якой часткі раёну мы хочам строй: з поўначы, захаду, поўдня. А ёсьць такія раёны, дзе нам бы хоць адзін прадмет традыцыйнага тэкстылю знайсьці, каб ад яго адштурхоўвацца», — кажа Марыя.
Яна расказвае, што ў Менску прынамсі чацьвёра майстроў вучаць ствараць традыцыйныя строі. Заняткі можна шукаць у абласных цэнтрах народнай творчасьці і дамах рамёстваў. Важна хадзіць у музэй. Добра, калі ёсьць магчымасьць паглядзець аўтэнтычныя рэчы ад споду, памацаць. Калі няма як пайсьці ў музэі ў Беларусі, варта наведваць музэі за мяжой, дзе можна знайсьці беларускае адзеньне, а таксама дасьледаваць строі іншых народаў.
Тым, хто хоча навучыцца рабіць строі, майстрыха раіць чытаць адпаведныя кнігі, вывучаць дапаможнікі щ вышыўцы, каталёгі з выставаў строяў. Варта падпісацца на тэматычныя старонкі ў сацыяльных сетках.
Кашуля за 1200 эўра
Марыя расказвае, што ў яе часьцей за ўсё замаўляюць сарочкі.
«Сарочка — гэта адзін з самых доўгіх і дарагіх элемэнтаў строю. Вышыўка — гэта вельмі доўга і дорага», — кажа суразмоўца.
Але, на ейную думку, многія беларусы бачаць маркер сваёй беларускасьці менавіта ў вышытай традыцыйнай кашулі.
Часта замаўляюць таксама паясы, бо і празь яго, кажа Марыя, можна паказаць сваю беларускасьць. Паясы робяцца хутчэй за кашулю. Таксама замаўляюць гарсэты.
«Мужчынскія нагавіцы ня дужа карыстаюцца попытам. Мая гіпотэза, што калі ты надзеў кашулю навыпуск, падперазаўся поясам, то нейкія нэўтральныя нагавіцы з сучаснай крамы могуць пасаваць. А вось галіфэ часта цікавяцца, бо пайсьці і купіць у Sinsay (польская сетка крамаў адзеньня. — РС) немагчыма», — усьміхаецца яна.
Суразмоўца адзначае, што сфармавалася сярэдняя цана на традыцыйныя кашулі — 400–600 эўра. Паводле яе, цана вынікае перадусім з здольнасьці чалавека аддаць такія грошы за сарочку. Часта кліенты, калі даведваюцца цану на твор і час, які давядзецца чакаць, дзякуюць і больш ня пішуць. Некаторыя прызнаюцца, што гэта вельмі дорага для іх. Прыкладна палова тых, хто зьвяртаецца, гатовыя да такіх цэнаў, расказвае рамесьніца.
«Калі праект моцна даражэйшы, часта замоўца кажа: давайце паменшым колькасьць вышыўкі», — заўважае яна.
Самую дарагую кашулю, якую рабіла Марыя, купілі за 1200 эўра.
Чарга на год
Марыя адзначае, што кошт гадзіны ейнай працы над традыцыйным строем складана вызначыць. Ёсьць сума, за якую ёй прыемна працаваць: 50 эўра за 6 гадзін працы (каля 8 эўра за гадзіну). Паводле яе, вышываць восем гадзін на дзень немагчыма.
«Гэта зьвязана з вымушанай позай. Пэўныя ткацкія апэрацыі немагчыма рабіць безь перапынкаў цягам шасьці гадзін. Вымушаная поза — калі ты сядзіш у адной позе доўгі час. Калі я вышываю, у мяне вялікая праблема, бо трэба трымаць галаву схіленай. Адны цягліцы ўвесь час напружаныя, іншыя ўвесь час расслабленыя. Потым у мяне пачынаюцца праблемы з галавакружэньнямі і агулам вельмі кепска пачуваюся», — прызнаецца Марыя.
Яна дадае, што зарабляць 50 эўра за 6 гадзін рэдка ўдаецца. Ведае, што падобная сытуацыя і ў іншых майстроў.
«У Польшчы мінімальны заробак каля 30 злотых (7 эўра) брута за гадзіну працы. А тое, што робім мы, — унікальны прадукт. Калі ты працуеш за мінімальны заробак і робіш унікальны прадукт, гэта вельмі цяжка прыняць, вельмі цяжка не ненавідзець сябе за гэта. Вельмі хочацца кінуць», — кажа яна.
Майстрыха заўважае, што хуткасьць падчас працы над вырабам мяняецца. Спачатку праца ідзе ў сярэднім тэмпе, потым вельмі хутка, а ў канцы, дзесьці на дзясяты дзень, рухаецца вельмі павольна.
На думку Марыі, калі б кашуля каштавала столькі, колькі на яе рэальна патрацілі працы, то яна абышлася б кліенту прынамсі ўдвая, а можа, і ўтрая даражэй. Умоўная сярэдняя цана на кашулю была б 800–1200 эўра.
Часта майстры лічаць цану ад плошчы ўзору вышыўкі. Аднак і ў гэтым ёсьць нюансы.
«Ёсьць узоры, якія лёгка вышываюцца і маюць дастаткова моцнае запаўненьне. Ты траціш шмат нітак, але вышываеш хутка і гладка. А ёсьць узоры, якія называюць „нетэхналягічнымі“. Яны патрабуюць пастаянных пераваротаў, абразаньняў ніткі, пераходаў. Гэта займае шмат часу, а плошча можа быць меншая», — тлумачыць суразмоўца.
Вышываць ружы і паўлінаў — павольней, чым вышываць ромбы і васьміканцовыя зорачкі, прыводзіць прыклад яна.
Чакаць свайго строю кліентам даводзіцца доўга. Марыя кажа, што цяпер чарга ў майстэрні на год. Яна ведае, што ёсьць майстры, да якіх запісваюцца за два гады.
Здараюцца пільныя замовы, якія трэба падрыхтаваць да пэўнага дня. За іх майстрыха бярэ павышаную цану. Але тады яна мусіць сумяшчаць і бягучыя замовы, і тэрміновыя. Ёсьць сэзоны, калі зьбягаюцца тэрміны здачы і працы найбольш: Каляды, раньняя вясна, калі сьвяткуюць Гуканьне вясны і Дзень Волі, Купальле, а таксама сезон фэстываляў, які пачынаецца з траўня. У такія загружаныя пэрыяды Марыя можа спаць па 3-4 гадзіны на дзень.
Утрымліваць сябе вырабам традыцыйных строяў можна, мяркуе Марыя, але толькі калі ў чалавека няма сям’і, дзяцей, і ён гатовы працаваць амаль нон-стоп, без выходных. У Марыі ж ёсьць сям’я і малое дзіця, таму ёй гэта складана.
«Прыгожа выглядаць на Купальле і на Дзень Волі»
Марыя кажа, што ў яе замаўляюць строі перадусім беларусы, зрэдку палякі, украінцы, амэрыканцы, якія хочуць мець беларускі строй. Недзе 90% замоваў кіруюцца ў краіны Эўразьвязу, астатнія — у ЗША і Канаду. Марыя не бярэ замоваў зь Беларусі, бо там працуюць дастаткова шмат майстроў, да таго ж гэты працэс быў бы складаны лягістычна. Сярод кліентаў жанчын крыху больш за палову, рэшта — мужчыны. Сярэдні ўзрост замоўцаў 30–40 гадоў.
«Гэта людзі, якія маюць фінансавую бясьпеку. Строй — дарагая рэч. Калі ў цябе не закрытыя базавыя прыступкі ў пірамідзе Маслоў, наўрад ці ты будзеш замаўляць строй», — разважае суразмоўца.
Яна дадае, што часам людзі ня могуць дазволіць сабе строй адразу, але вельмі хочуць яго мець і адкладаюць на яго грошы.
«Людзі, якія хочуць прыгожа выглядаць на Купальле і на Дзень Волі, не заўсёды зьвязаныя зь беларускай традыцыйнай культурай. Гэтыя сьвяты вельмі моцна праніклі ў масавую культуру і шчыльна асацыююцца зь беларушчынай. Часта на Купальле — беларускі сэкс — кажуць: нам трэба адна сарочка, каб надзець яе на голае цела, і больш нічога. Ёсьць замовы, калі людзі хочуць уплесьці ў свой бізнэс-выгляд нешта беларускае», — кажа Марыя.
Яна тлумачыць, чаму працягвае займацца сваёй справай, нягледзячы на складанасьці.
«Гэта прыносіць мне задавальненьне. Гэта геданізм у чыстым выглядзе. Мне вельмі падабаецца тое, што я раблю, тое, што гэта праца і рукамі, і галавой. Мне падабаецца працэс пошуку, хоць ён бывае балючы ва ўмовах эміграцыі. Я вельмі люблю такі эфэкт, які можна зазнаць у музэі, калі ты глядзіш на рэч або дакранаесься да яе і адчуваеш, як цябе быццам адпускаюць трывогі. Калі мне самой удаецца зрабіць такую рэч, на якую мне самой прыемна глядзець, гэта ўдвая павялічвае колькасьць дафаміну», — кажа яна.
Форум