Саўладальніка Wargaming Мікалая Кацалапава асудзілі на 13 гадоў завочна

Мікалай Кацалапаў

Менскі гарадзкі суд пакараў яго за фінансаваньне «экстрэмісцкай» і «тэрарыстычнай» дзейнасьці (ч. 1 і 2 арт. 361-2, ч. 2 арт. 290-1), паведаміла «Вясна».

Акрамя 13 гадоў зьняволеньня, яго аштрафавалі на 2,1 мільёна рублёў (50 тысяч базавых велічыняў).

Агулам суд вынес тры пастановы:

• 3 гады пазбаўленьня волі — за фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-2, ч. 1 КК).

• 6 гадоў пазбаўленьня волі і штраф 49 000 БВ — за фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці паўторна або службовай асобай (арт. 361-2, ч. 2 КК).

• 12 гадоў пазбаўленьня волі і штраф 1 000 БВ — за фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці (арт. 290-1, ч. 2 КК).

Канчатковае пакараньне было вызначана шляхам частковага складаньня гэтых тэрмінаў і штрафаў.

Раней прапагандысты паведамлялі, што Кацалапаў нібыта зрабіў «дзясяткі пераводаў у крыптавалюце» на «сотні тысяч даляраў» у розныя «экстрэмісцкія» ініцыятывы. У студзені 2023 яго ўнесьлі ў сьпіс «тэрарыстаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адбылася зьмена кіраўніцва ў нацыяналізаванай кампаніі-пераемніцы Wargaming у Беларусі і Расеі