«Мы цьвёрда падтрымліваем эўрапейскую і дэмакратычную будучыню Армэніі, — напісала палітык 4 кастрычніка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х. — Армяне і беларусы заслугоўваюць жыцьця ў свабодзе й бясьпецы. Мы вельмі шануем вашу салідарнасьць і з нецярплівасьцю чакаем больш шчыльнай супрацы».
У апошнія гады стасункі паміж афіцыйным Менскам і Ерэванам значна пагоршыліся. Прычынай таму стаў апошні карабаскі вайсковы канфлікт з Азэрбайджанам (першая фаза — канец 2020-га, другая — канец 2023 году), у выніку якога непрызнаная Нагорна-Карабаская рэспубліка, якую падтрымлівала Армэніяй, спыніла існаваньне, а тэрыторыі перайшлі пад кантроль Баку.
Ерэван, які стаяў ля вытокаў стварэньня Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ), папракнуў вайскова-палітычны блёк у бязьдзейнасьці ў гэтай сытуацыі. Больш за тое, паводле Пашыньяна, некалькі краін АДКБ фактычна дапамагалі Баку. Не назваўшы гэтых дзяржаваў наўпрост, армянскі прэм’ер недвухсэнсоўна намякнуў, што адна зь іх — Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пацяпленьня не адбылося: Пашыньян, як і раней, ігнаруе Савет кіраўнікоў урадаў СНД, што праходзіць у МенскуПотым краіна фактычна спыніла ўдзел у дзейнасьці АДКБ, не выходзячы з яе, але паведаміўшы пра такую магчымасьць, а Пашыньян заявіў, што ні ён, ані іншыя прадстаўнікі краіны не прыедуць у Беларусі да тае пары, пакуль Аляксандар Лукашэнка ва ўладзе. Апошні ня раз сваімі дзеяньнямі і заявамі пацьвярджаў, што падтрымлівае Азэрбайджан і гатовы дапамагчы яму ў аднаўленьні здабытых тэрыторыяў.
У студзені 2025 году ўрад Армэніі ўхваліў, у лютым парлямэнт прыняў, а ў красавіку прэзыдэнт Ваагн Хачатур’ян падпісаў закон «Аб пачатку працэсу ўступленьня Рэспублікі Армэнія ў Эўрапейскі Зьвяз».
8 жніўня 2025 года пры пасярэдніцтве ЗША Пашыньян і азэрбайджанскі прэзыдэнт Ільхам Аліеў падпісалі дэклярацыю аб мірных дачыненьнях.
- 3 і 4 кастрычніка Ціханоўская паведаміла таксама пра шэраг сустрэч з эўрапейскімі лідэрамі на палях саміту ЭПС. Кіраўніцы Эўракамісіі Урзулі фон дэр Ляен яна падзякавала за «абяцаньне вылучыць 3 млрд эўра на падтрымку рэформаў у Беларусі пасьля дэмакратычных зьменаў». «Гэта дапаможа нам стабілізаваць эканоміку і наблізіцца да стандартаў ЭЗ. Дэмакратычныя зьмены ў Беларусі непазьбежныя», — адзначыла яна.
- Генэральнаму сакратару Рады Эўропы Алену Бэрсэ беларускі палітык падзякавала за «размову на [саміце ЭПС». «Мы павінны ўмацоўваць супрацу паміж Радай Эўропы і нашымі дэмакратычнымі сіламі. Кантактная група ўжо шмат чаго дамаглася, але наперадзе яшчэ больш працы. Беларусь вернецца ў Раду Эўропы. Нам трэба больш Эўропы ў Беларусі і больш Беларусі ў Эўропе», — падкрэсьліла палітык.
- Падсумоўваючы сустрэчу з прэм’ерам Ірляндыі Міхялам Марцінам лідэрка адзначыла, што гэтая краіна «займае асаблівае месца» ў яе сэрцы (у падлеткавым узросьце Ціханоўская пэўны час правяла ў Ірляндыі ў рамках праграмы «Дзеці Чарнобыля»). «Кранальна бачыць салідарнасьць, якую гэтая краіна праяўляе да беларусаў. На саміце ЭПС я падзякавала <...> Марціну за падтрымку і абмеркавала далейшую супрацу, у тым ліку ў галіне культуры», — напісала яна.
- Кіраўніку ўраду Фінляндыі Пэтэры Орпа палітык падзякавала за «рашучую падтрымку беларусаў — праз гуманітарны фонд, прызначэньне спэцыяльнага пасланьніка для супрацы з дэмакратычнымі сіламі ды іншыя захады».
- 2 кастрычніка палітык правяла на палях саміту ЭПС кароткія сустрэчы з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам, прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, прэм’ер-міністрам Швэцыі Ульфам Крыстэрсанам, прэзыдэнтам Румыніі Нікушорам Данам, прэм’ер-міністрам Нарвэгіі Юнасам Гарам Стэрэ, прэм’ер-міністрам Баўгарыі Росэнам Жэлязкавым, прэзыдэнтамі Францыі Эманюэлем Макронам, Малдовы — Маяй Санду і Косава — Ўёсай Асмані, прэм’ер-міністрам Ісьляндыі Крыструн Фростатоўхтыр.
- Акрамя таго, адбыліся сустрэчы са старшынёй Эўрапейскай рады Антонію Коштам, высокім прадстаўніком ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Каяй Калас, сьпікеркай Эўрапарлямэнту Рабэртай Мэтсалай, канцлерам Аўстрыі Крыстыянам Штокерам.