Швэцыя й Нямеччына забясьпечваюць дадатковую абарону ад бесьпілётнікаў свайму суседу перад сустрэчамі, першая зь якіх будзе прысьвечана ўзмацненьню эўрапейскай абароны разам з Украінай, у ёй возьмуць удзел лідэры ўсіх 27 дзяржаваў Эўразьвязу.
Эўрапейская камісія разаслала дыскусійны дакумэнт, зь якім азнаёмілася Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода. У дакумэнце прапануюцца вайсковыя праекты для Эўразьвязу на наступныя пяць гадоў, а больш падрабязную «дарожную мапу» маюць узгадніць лідэры дзяржаваў ЭЗ, калі зноў сустрэнуцца ў канцы кастрычніка ў Брусэлі.
У самым пачатку дакумэнт здымае ўсе сумневы наконт таго, чаму Эўропе трэба больш выдаткоўваць на абарону: «Неабходнасьць паскарэньня і нарошчваньня намаганьняў адлюстроўвае востры і нарастальны характар сёньняшніх пагрозаў, а таксама зьменлівы ляндшафт пагрозаў, зь якімі Эўропа і дзяржавы-чальцы павінны лічыцца, адаптавацца і рыхтавацца да іх. Гэта пачынаецца зь нічым не справакаванай поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны, якая дасягае новых вышыняў жорсткасьці і гвалту. Неабдуманыя правакацыі супраць дзяржаваў-чальцоў – ад кібэратак да парушэньня паветранай прасторы – набіраюць абароты».
У дакумэнце акрэсьленыя чатыры галоўныя праекты, якія мае фінансаваць Брусэль: «Эўрапейская сьцяна бесьпілётнікаў», «Назіраньне за ўсходнім флянгам», «Шчыт супрацьпаветранай абароны» і «Шчыт абароны ў касьмічнай прасторы». Адзначана, што два першыя праекты «вымагаюць асаблівай тэрміновасьці і павінны апэратыўна прасоўвацца».
Хоць дэталі яшчэ маюць удакладняць неўзабаве, у прыватнасьці, на сустрэчах міністраў абароны краінаў ЭЗ, у тэксьце гаворыцца, што сьцяна бесьпілётнікаў «будзе распрацавана як шматпластовая, глыбокая зона тэхналягічна перадавых сыстэмаў з сумяшчальнымі магчымасьцямі барацьбы з дронамі празь іх выяўленьне, адсочваньне і нэўтралізацыю, а таксама магчымасьцямі зьнішчаць наземныя цэлі з выкарыстаньнем дронавай тэхналёгіі для дакладнага ўдару».
У дакумэнце таксама сказана, што ЭЗ мае скарыстацца досьведам Украіны ў гэтым пытаньні. 30 верасьня старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што камісія пагадзілася фінансаваць вытворчасьць бесьпілётнікаў ва Ўкраіне на 2 мільярды эўра.
«Назіраньне за ўсходнім флянгам» – гэта яшчэ больш амбітны праект, накіраваны ня толькі на дроны, але і на супрацьдзеяньне так званаму ценеваму флёту Расеі, іншым відам гібрыдных апэрацыяў унутры ЭЗ і нават клясычнай узброенай агрэсіі.
У тэксьце гаворыцца, што праект «накіраваны на ўмацаваньне ўсходніх межаў перад абліччам наземных, паветраных і морскіх пагрозаў, спрыяючы бясьпецы ўсяго Зьвязу», і грунтуецца на чатырох элемэнтах: наземная абарона – такая як фартыфікацыйныя і супрацьмабільныя сыстэмы, эўрапейская сьцяна бесьпілётнікаў, бясьпека ў Балтыйскім і Чорным моры, а таксама сачэньне за касьмічнай абстаноўкай.
Канкрэтныя выдаткі ня называюцца, але варта адзначыць, што Эўрапейская камісія прапанавала вылучыць 131 мільярд эўра на абаронныя праекты ў сваёй прапанове наступнага шматгадовага бюджэту ЭЗ (2028–2034).
Раней сёлета Брусэль таксама вылучыў пазыку ў 150 мільярдаў эўра, вядомую як SAFE, для росту вытворчасьці абароннай прадукцыі ва ўсім Эўразьвязе. На сёньня 19 краін ЭЗ скарысталіся гэтым фінансавым фондам, прычым Польшча і Румынія стануць найбольшымі атрымальнікамі зь яго.
Што да Ўкраіны, то не чакаецца, што лідэры пагодзяцца з новым пакетам санкцыяў, прапанаваным раней у верасьні. А некаторыя сталіцы ўсё яшчэ супраціўляюцца прапанове паступова адмовіцца ад усяго расейскага звадкаванага прыроднага газу да 2027 году.
Што да працягу фінансаваньня Кіева Эўразьвязам, лідэры дзяржаваў хочуць, каб фон дэр Ляен расказала больш пра яе новую задуму «рэпарацыйнага крэдыту» ў 140 мільярдаў эўра.
Яны таксама абмяркуюць, як выйсьці з тупіку на шляху змардаванай вайною краіны да ўступленьня ў ЭЗ. Вугоршчына ўжо больш за год блякуе пачатак перамоваў, бо Будапэшт сьцьвярджае, што вугорскамоўная меншасьць ва Ўкраіне ня мае дастаткова правоў.
Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Антонію Кошта выйшаў з ідэяй зьмяніць агульны мэханізм далучэньня да ЭЗ, каб адкрываць чарговыя разьдзелы працэдуры ўступленьня магла кваліфікаваная большасьць (55 працэнтаў дзяржаваў-чальцоў, якія рэпрэзэнтуюць 65 працэнтаў насельніцтва ЭЗ) і каб толькі закрыцьцё перамоваў патрабавала аднагалоснасьці.
Для такой зьмены спатрэбіцца зялёнае сьвятло ад усіх сталіц ЭЗ, у тым ліку Будапэшту, што здаецца малаімаверным. Але высокапастаўлены службовец ЭЗ, які анансаваў саміт прадстаўнікам мэдыя, адзначыў, што ў Кошты «ня склалася ўражаньня, што гэта зусім немагчыма».
На другі дзень, 2 кастрычніка, лідэры краін ЭЗ зьбяруцца зь лідэрамі эўрапейскіх краін, якія не ўваходзяць у Эўразьвяз, на паўгадавы саміт Эўрапейскай палітычнай супольнасьці (ЭПС). ЭПС рэдка прымае рашэньні, але з увагі на тое, што кіраўнікі ўрадаў усяго кантынэнту – з выняткам Ватыкану, Беларусі і Расеі – зьбяруцца ў адным месцы на шэсьць-сем гадзін «хуткага палітычнага спатканьня», некаторыя цікавыя высновы абавязкова зьявяцца.
Чакаецца, што там будзе і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Паколькі гэта не афіцыйная сустрэча ЭЗ, запрашэньне перадалі і прэм'ер-міністру Грузіі Іраклію Кобахідзэ, чый статус аспрэчваецца. Пасьля спрэчных парлямэнцкіх выбараў у Грузіі ў кастрычніку летась Брусэль вырашыў спыніць палітычныя кантакты высокага ўзроўню з Тбілісі, і большасьць прадстаўнікоў ЭЗ звычайна трымаецца гэтага падыходу.
Акрамя пленарнага пасяджэньня ЭПС і двухбаковых перамоваў, лідэры зробяць перапынак для трох рабочых групаў у наступных тэмах: бясьпека і ўстойлівасьць – традыцыйныя і новыя пагрозы; эканамічная бясьпека – скарачэньне эўрапейскіх залежнасьцяў; міграцыя – эфэктыўны кантроль міграцыйных патокаў.
Анонс дыскусіі на апошнюю тэму сьведчыць пра адыход ад больш лібэральнага стаўленьня да іміграцыі ў бок больш жорсткай палітыкі, якая робіць акцэнт на памежным кантролі і барацьбе з кантрабандай людзей.
Напрыклад, у тэксьце, зь якім азнаёмілася Радыё Свабода, задаецца пытаньне: «Дзе краіны ЭПС павінны сканцэнтраваць свае намаганьні, каб паскорыць укараненьне новых і інавацыйных рашэньняў, у тым ліку з краінамі паходжаньня і транзыту мігрантаў?» і «Як нам забясьпечыць эфэктыўнае вяртаньне і больш эфэктыўную дэпартацыю іншаземных крымінальнікаў?»
Форум