Улады Беларусі паабяцалі дадатковую падтрымку мэдработнікам, якія працуюць з інфікаванымі COVID-19
У Беларусі выпрацуюць дадатковыя захады для стымуляваньня мэдыцынскіх работнікаў, якія працуюць з хворымі на каранавірусную інфэкцыю, заявіў 5 красавіка ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» намесьнік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.
«Адпаведная сыстэма стымуляваньня ёсьць, яна прынятая. І тыя дадатковыя даручэньні, якія былі дадзены ўраду кіраўніком дзяржавы, яны ўжо цяпер у стадыі рэалізацыі. І мы, я думаю, выпрацуем яшчэ дадатковыя меры, зьвязаныя са стымуляваньнем тых лекараў, якія стаяць на перадавой у барацьбе з каранавірусам», — казаў Петрышэнка.
Паводле яго, гэтыя меры закрануць ня толькі лекараў, але «і мэдсясьцёр, і іншы пэрсанал, задзейнічаны ў гэтым працэсе».
Петрышэнка таксама адзначыў, што ў краіне значна ўзрос попыт на маскі: сёньня іх выпускаюць 450-500 тысяч штук на суткі, але ў канцы наступнага тыдня плянуецца выйсьці на 1 мільён, а яшчэ праз паўтара — на 2 мільёны кожныя суткі.
Для лекараў робяць спэцыяльныя касьцюмы, акуляры і маскі.
«Усе тыя патрэбы, якія ёсьць у нашым грамадзтве, яны будуць у поўнай ступені задаволеныя», — падкрэсьліў віцэ-прэм'ер.
Ён таксама паведаміў, што за суткі ў краіне робіцца 2,5 тысячы тэстаў на каранавірус, на наступным тыдні гэтая колькасьць узрасьце да 3,5 тысяч.
«За дзень мы робім каля 700 тэстаў. Значыць, у нас неабходныя запасы тэстаў ёсьць, і яны актыўна выкарыстоўваюцца для таго, каб своечасова выявіць хворых асобаў», — сказаў Петрышэнка.
Заблякаваныя ў Індыі беларусы нарэшце дабраліся на радзіму
Спэцыяльны рэйс авіякампаніі «Белавія» з эвакуяванымі з Індыі грамадзянамі Беларусі прызямліўся 6 красавіка ў Нацыянальным аэрапорце «Менск».
Акрамя беларусаў, на борце таксама былі грамадзяне Расеі, Украіны і Таджыкістану.
У Індыі падчас карантыну аказаліся заблякаванымі больш за паўсотні грамадзянаў Беларусі. 22 сакавіка група турыстаў спрабавала вылецець у Расею, каб пасьля дабрацца дадому. Аднак, нягледзячы на распараджэньне расейскага ўраду, на борт самалёту іх не пусьцілі.
Праблемы ў беларусаў пачаліся 18 сакавіка, калі Расея закрыла свае межы. Спачатку з Індыі праз Маскву не змаглі вылецець 23 беларусы, на наступны дзень — яшчэ 13, затым — 15.
Агулам 51 беларускі турыст ня мог тады патрапіць на рэйс, хоць усе яны мелі на руках квіткі. Індыйская ізаляцыя ва ўмовах карантыну і камэнданцкай гадзіны расьцягнулася больш як на два тыдні.
Чвэрць заражэньняў каранавірусам — у ЗША
На раніцу 6 красавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 1,274 мільёна выпадкаў COVID-19, і амаль 337 тысяч зь іх — у ЗША.
У Злучаных Штатах найбольш пацярпеў ад новага каранавірусу штат Нью-Ёрк, дзе заразіліся 123 тысячы чалавек і памерлі 4159. Але ў нядзелю ў штаце паведамілі пра зьніжэньне колькасьці шпіталізацыяў і скарачэньне колькасьці пацыентаў на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Губэрнатар штату дапускае, што штат падыходзіць да піку, за якім пасьледуе «плято» — этап, на якім колькасьць выпадкаў не расьце.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у суботу папярэдзіў амэрыканцаў, што неўзабаве ім давядзецца перажыць два самыя цяжкія тыдні эпідэміі, а краіну чакае яшчэ мноства сьмерцяў.
Гішпанія, якая выйшла на другое пасьля ЗША месца паводле колькасьці інфікаваных і другое пасьля Італіі паводле колькасьці сьмерцяў, працягнула агульнанацыянальны карантын яшчэ на 15 дзён, да 26 красавіка. Прэм’ер краіны адзначыў, што за мінулы тыдзень тэмпы распаўсюду вірусу зьнізіліся, сьмяротнасьць спадае — маўляў, «бачнае сьвятло ў канцы тунэлю.
Таксама колькасьць новых выпадкаў і новых сьмерцяў на дзень зьніжаецца ў Італіі, якая застаецца на першым месцы паводле агульнай колькасьці памерлых.
У тыгрыцы з заапарку ў ЗША дыягнаставалі каранавірус
У 4-гадовай тыгрыцы па імі Надзя (Nadia), якая знаходзіцца ў заапарку Бронксу, дыягнаставаны каранавірус SARS-CoV-2, які выклікае хваробу COVID-19, паведаміла ў нядзелю адміністрацыя заапарку.
У паведамленьні адзначаецца, што ў Надзі, яе сястры па імі Азуль, двух амурскіх тыграў і трох афрыканскіх львоў назіраецца сухі кашаль. Чакаецца, што ўсе згаданыя жывёлы паправяцца.
Вынікі праведзенага тэсту пацьвердзіла Нацыянальная лябараторыя вэтэрынарнай службы, якая базуецца ў Эймсе, штат Аёва.
Раней каранавірус выяўлялі таксама ў прыблізна 15% хатніх катоў у кітайскім Ухані.
Шпіталізавалі хворага на COVID-19 прэм’ера Брытаніі
Джонсан шпіталізаваны для плянавых тэстаў і мае застацца ў лякарні Сэнт-Томас у Лёндане толькі на адну ноч.
55-гадовы Борыс Джонсан паведаміў, што заразіўся COVID-19, у відэазвароце 27 сакавіка. У мінулую пятніцу, 3 красавіка, ён расказваў, што сымптомы ў яго засталіся празь 10 дзён па выяўленьні вірусу, але ён працягвае працу ў самаізаляцыі — у «прэм’ерскім» будынку ў Лёндане, на Даўнінг-стрыт, 10.
Нявеста Джонсана Кэры Саймандз расказвала 4 красавіка, што застаецца дома, бо мае сымптомы каранавірусу, але пакуль ня бачыць патрэбы праходзіць тэст. Яна сама адзначала, што яе турбуе тое, што яна хварэе падчас цяжарнасьці.
Тым часам каралева Вялікай Брытаніі Лізавета ІІ чацьвёрты раз за час на пасадзе зачытала экстраны зварот да нацыі. 5 красавіка яна заклікала брытанцаў да самадысцыпліны і рашучасьці ў час пандэміі, а таксама паабяцала, што «лепшыя дні вернуцца».
Вялікая Брытанія цяпер на 8-м месцы ў сьвеце ў колькасьці выпадкаў COVID-19 (47,8 тысячы) і на 5-м у колькасьці сьмерцяў (4934), распаўсюд вірусу працягвае паскарацца. Але колькасьць выпадкаў на душу насельніцтва там цяпер утрая меншая за Італію і на траціну меншая за ЗША.
Лічбы на раніцу 6 красавіка
- У сьвеце зафіксавалі больш за 1,274 мільёна выпадкаў COVID-19: амаль 337 тысяч у ЗША, звыш 131 тысячы ў Гішпаніі, 129 тысяч у Італіі, 100 тысяч у Нямеччыне, 93 тысячы ў Францыі, звыш 82 тысяч у Кітаі, 58 тысяч у Іране, амаль 48 тысяч у Вялікай Брытаніі, 27 тысяч у Турэччыне, 21 тысячу ў Швайцарыі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памёр 69 471 чалавек. Зь іх 15 887 у Італіі, 12 641 у Гішпаніі, 9618 у ЗША, 8078 у Францыі, 4934 у Вялікай Брытаніі, 3603 у Іране, 3335 у Кітаі.
- Выпісалі амаль 265 тысяч пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца 939 тысяч, зь іх каля 46 тысяч чалавек у цяжкім стане.
- У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на раніцу 5 красавіка, выявілі 562 выпадкі COVID-19, памерлі 8 чалавек. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ.
Праблемныя тэсты і схаваныя пераносчыкі. Статыстыка каранавірусу ў кантэксьце
Ад пачатку пандэміі каранавірусу, які выклікае хваробу COVID-19, розныя дзяржавы вядуць статыстыку заражэньня. Паводле дадзеных інстытуту Джонса Гопкінса ў ЗША, ва ўсім сьвеце пацьвердзілі больш за 1,2 млн дыягназаў.
Але эпідэміёлягі лічаць, што гэтыя лічбы могуць не адлюстроўваць рэальнасьці, у першую чаргу праз досыць нізкі ўзровень тэставаньня. Яшчэ адна прычына – некаторыя ўрады наўмысна скажаюць статыстыку і недаацэньваюць сур'ёзнасьць праблемы ў сваіх краінах.
Кіеў: мітрапаліт, які заклікаў людзей не баяцца інфэкцыі і хадзіць у храмы, захварэў на каранавірус
Лекары дыягнаставалі COVID-19 у намесьніка Кіева-Пячэрскай лаўры мітрапаліта Паўла (Лебедзя). Пра гэта 5 красавіка паведаміў царкоўны партал «Рэлігійная праўда» са спасылкай на свае крыніцы ў асяродзьдзі мітрапаліта.
У Нью-Ёрку першы раз адбылося падзеньне сьмяротнасьці ад каранавірусу ў параўнаньні з папярэднім днём
У штаце Нью-Ёрк у нядзелю, 5 красавіка, зафіксавана першае падзеньне сьмяротнасьці ад каранавірусу, заявіў губэрнатар штату Эндру Куома, выступаючы перад журналістамі.
У Расеі вырашылі падлічыць жыхароў краіны, якія маюць імунітэт да каранавірусу
«Расспажыўнагляд» мае намер правесьці дасьледаваньне на колькасьць грамадзян краіны, якія ўжо атрымалі імунітэт да каранавірусу. Пра гэтую заяву кіраўніцы ведамства Ганны Паповай інфармуе Інтэрфакс.
Ва ўкраінскім Дняпры выкапалі магілы для магчымых ахвяр каранавірусу. ВІДЭА
Гэтак улады хочуць паказаць жыхарам, як важна выконваць карантын. У горадзе ўжо шэсьць выпадкаў заражэньня COVID-19, але насельніцтва пакуль не ўспрымае пагрозу ўсур’ёз: ня носіць масак і не сядзіць дома.
Папа Францішак: падумайце не пра тое, чаго вам не хапае, але пра дабро, якое можаце зрабіць іншым
Папа Францішак, які піша агенцтва Reuters, адзначаў сюррэалістычную Вербную нядзелю ў пустой базыліцы Сьвятога Пятра ў Рыме. Гэтак незвычайна ў католікаў пачаўся Вялікі тыдзень. Падчас казаньня Папа заклікаў людзей ва ўмовах пандэміі каранавірусу падумаць пра тое, як можна дапамагчы аблегчыць пакуты іншых.
«Баімся, але ідзем». Горадня адзначае Вербніцу падчас пандэміі. ФОТА
Вернікі ўдзельнічаюць у богаслужэньні праз інтэрнэт, а гандляры ўпрыгожаных галінак губляюць заробак, на які працавалі цэлы год.
Як Горадня адзначае Вербную нядзелю ва ўмовах пандэміі — у рэпартажы Свабоды.
У сьвеце ўжо больш за 1,2 мільёну выпадкаў заражэньня каранавірусам, але тэмп распаўсюду зьменшыўся
Колькасьць выяўленых выпадкаў заражэньня каранавірусам у сьвеце да сярэдзіны дня 5 красавіка перавысіла 1 мільён 200 тысяч, колькасьць памерлых з прычыны каранавіруснай інфэкцыі – 65 тысяч. Ачунялі больш за 250 тысяч чалавек.
За мінулыя суткі было зафіксавана больш за 80 тысяч новых выпадкаў інфікаваньня, гэта менш, чым 3 красавіка, калі іх было больш за 100 тысяч. Памерлі за 4 красавіка больш як 5800 чалавек.
«Белпошта» спыняе паслугі прымеркі і частковага выкупу адпраўленьня
«Белпошта» часова спыняе паслугі прымеркі і атрыманьня часткі адпраўленьняў (частковы выкуп) у хаце, у офісе і ў аб’ектах паштовай сувязі, дзе ўсталяваныя кабінкі для прымеркі. Гэтыя сэрвісы існуюць у межах пакетаў паслуг E-commerce і E-commerce MAX.
Такія захады прымаюцца, каб мінімізаваць час кантакту атрымальнікаў паштовых адпраўленьняў з супрацоўнікамі «Белпошты».
У Беларусі пацьвердзілі 562 выпадкі каранавірусу і 8 сьмерцяў
Міністэрства аховы здароўя Беларусі 5 красавіка апублікавала сьвежую статыстыку пацьверджаных выпадкаў заражэньня каранавірусам у краіне.
У Беларусі па стане на 5 красавіка:
- на стацыянарным лячэньні з каранавіруснай інфэкцыяй знаходзяцца 502 чалавекі,
- пасьля праходжаньня лячэньня ачунялі 52 чалавекі,
- зарэгістравана 8 выпадкаў сьмерці пацыентаў.
Такім чынам, агулам у Беларусі па стане на 5 красавіка пацьверджаныя 562 выпадкі каранавірусу.
Сотні студэнтаў мэдунівэрсытэту зачынілі ў інтэрнаце — там пацьвердзілі выпадак каранавірусу
Студэнты застануцца на карантыне ў інтэрнаце прынамсі на 14 дзён. Ежу ім перадаюць сваякі. Заняткі будуць праходзіць праз skype і zoom. Выйсьці з інтэрнату цяпер немагчыма, нават у краму. Ежу студэнтам могуць перадаць сваякі і знаёмыя. Падрабязнасьці тут>>
Беларуская чыгунка адмяніла цягнікі на Маскву і Санкт-Пецярбург з 5 красавіка
Курсіраваньне цягнікоў № 2 /1 Менск-Масква і № 52 /51 Берасьце — Менск — Санкт-Пецярбург адмяняецца з 5 красавіка, паведамілі БелТА ў Беларускай чыгунцы.
Нявыкарыстаныя квіткі на адмененыя цягнікі можна будзе вярнуць у білетных касах без дадатковых плат і збораў, тэрміны вяртаньня не абмежаваныя. 5 красавіка цягнік № 52 пройдзе па маршруце Берасьце-Віцебск, удакладнілі ў БЧ.
З 23 сакавіка БЧ часова адмяніла ўсе цягнікі на Маскву і Санкт-Пецярбург за выключэньнем двух.
За апошнія суткі ў Віцебскай вобласьці зарэгістравалі 5 новых выпадкаў каранавірусу
За мінулыя суткі ў Віцебскай вобласьці зарэгістравалі 5 новых выпадкаў каранавірусу, паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў на пасяджэньне абласнога штабу па барацьбе з распаўсюджваньнем COVID-19, піша гарадзкі сайт «Віцьбічы». Паводле Шарсьнёва, за мінулыя суткі памерлых ад COVID-19 няма.
У Маскве за суткі каранавірус выявілі ў 536 чалавек, агулам у Расеі ўжо 5389 хворых
У Маскве за апошнія суткі пацьвердзіўся ў 536 чалавек, піша «Інтэрфакс» са спасылкай на сталічны Расспажыўнагляд. За ўвесь час ад пачатку пандэміі захварэлі 3893 масквічоў.
Па стане на 5 красавіка агулам па Расеі пацьверджана 658 новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, агульная колькасьць хворых ад пачатку распаўсюду каранавірусу — 5389 чалавек, паведаміў апэратыўны штаб па барацьбе з каранавірусам. Памерлі за ўвесь час 45 чалавек, выздаравелі 355 чалавек.