«Бацька памёр, мы з маці пагадзіліся на экспэрымэнтальнае лячэньне». Чарговая ахвяра каранавірусу ў Менску — мужчына 69 гадоў
4 красавіка а 20.00 у менскай інфэкцыйнай бальніцы памёр 69-гадовы былы супрацоўнік Нацыянальнага банку Юры Осіпаў. У яго была пнэўманія, выкліканая вірусам COVID-19.
У гэтай жа ўстанове ляжаць з аналягічным дыягназам дачка і жонка мужчыны. Свабода пагаварыла з дачкой Юрыя Ганнай.
«Мы з маці ляжым у адной двухмеснай палаце, бацька — у іншай. Учора пазванілі зь міліцыі, сказалі, што бацькі больш няма. Як хаваць — не ўяўляю, мы з мамай у цяжкім стане, станоўчай дынамікі няма, пагадзіліся на экспэрымэнтальнае лячэньне прэпаратамі, якімі лечаць малярыю. Добра, што ў бацькі шмат сяброў, пахаваньнем яны будуць займацца», — апавядае Ганна. Гісторыю цалкам чытайце тут >>
Улады вызначылі, як аплочваць працу тых, хто праз каранавірус затрымаўся за мяжой ці сядзіць у самаізаляцыі
Паводле пастановы Савету Міністраў № 194, калі работнік ня можа вярнуцца ў Беларусь са службовай камандзіроўкі ў краіну, дзе рэгіструюцца выпадкі заражэньня каранавірусам, тэрмін яго службовай камандзіроўкі падаўжаецца да дня прыбыцьця ў Беларусь (уключна). За імі мусяць захавацца месца працы і пасада, а таксама пакрываюцца выдаткі ў камандзіроўцы ў адпаведнасьці з заканадаўствам.
А што з самаізаляцыяй?
З дня падаўжэньня службовай камандзіроўкі да прыбыцьця ў Беларусь, а таксама пры немагчымасьці выконваць працу па працоўнай дамове падчас самаізаляцыі па прыезьдзе ў Беларусь работнікам павінны выплачваць заробак (грашовае забесьпячэньне) у памеры не ніжэй за дзьве траціны ўстаноўленай ім тарыфнай стаўкі (ці тарыфнага акладу, акладу, калі іншае ня вызначана калектыўнай дамовай, пагадненьнем і іншым лякальным прававым актам арганізацыі).
Парушальнікаў самаізаляцыі могуць прымусова шпіталізаваць
Калі той, хто мусіў самаізалявацца, адсутнічае па месцы рэгістрацыі або знаходжаньня, ці парушае правілы самаізаляцыі, цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі разам з МУС будуць шукаць чалавека, а таксама на працягу дня мусяць разгледзець пытаньне аб прымяненьні спэцыяльных мер, якія прадугледжаныя законам аб папярэджаньні распаўсюджваньня захворваньняў, якія ўяўляюць небясьпеку для здароўя насельніцтва. У прыватнасьці, артыкулам 14 дадзенага закону прадугледжаная прымусовая шпіталізацыя і лекаваньне. Падрабязнасьці чытайце тут >>
«Шмат хто хайпуе на гэтай тэме». Мылавар пра падзеньне продажаў і лепшае мыла ў час пандэміі
Мянчанка Ганна Дундукова 7 гадоў вырабляе мыла «хэнд-мэйд». Яна расказвае, чым найлепш мыць рукі падчас пандэміі каранавірусу, як на тэме хайпяць мылавары і чаму яна сама ўпершыню сутыкнулася з адсутнасьцю замоваў тады, калі мыла нібыта трэба ўсім. Чытайце тут >>
Афіцыйна 440 інфікаваных у Беларусі, падоўжылі вакацыі, больш за 1000 ахвяраў COVID-19 у Францыі. Вынікі 4 красавіка
- На вечар 4 красавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 1,182 мільёна выпадкаў COVID-19. Ад хваробаў, якія выклікаў каранавірус, памерлі звыш 63 925 чалавек. Выпісалі больш за 244 тысячы пацыентаў.
- У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, выяўлены 440 выпадкаў COVID-19, памерла 5 чалавек.
- Як паведаміла Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, тэрміны вясновых канікул працягваецца на 6 дзён з 6 па 11 красавіка ўключна.
- Міністэрства спорту рэкамэндавала спыніць спартовыя мерапрыемствы з удзелам дзяцей і падлеткаў.
- Віцебскія ўлады перайшлі на дыстанцыйны прыём грамадзянаў. Цяпер людзям замест асабістага прыёму прапануюць запісвацца на тэлефонны прыём.
- На Магілёўшчыне прызнаныя 4 выпадкі захворваньня на каранавірус.
- У Францыі праз эпідэмію каранавірусу з турмаў вызвалілі больш як 6 тысяч чалавек. За суткі праз COVID-19 там памерлі 1053 чалавекі.
Лукашэнка і рэальнасьць: слабым тут ня месца
Ці абураюць людзей выказваньні Лукашэнкі пра вагу памерлага ад вірусу і ягонае замілаваньне козачкамі? Ці страціў ён сувязь з рэальнасьцю? Ці сапраўды Беларусь падчас эпідэміі «не такая, як усе»? Як зьвязаныя пандэмія і выбарчая кампанія?Абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Свабоды Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.
Лукашэнка сёньня ізноў гуляў у хакей
Як паведамляе выданьне Трыбуна, сёньня пачалася фінальная сэрыя рэспубліканскага хакейнага турніру аматараў, у якой каманда Менскай вобласьці гуляла супраць каманды прэзыдэнта Лукашэнкі. У тых, хто на трыбунах хацеў захаваць сацыяльную дыстанцыю, наўрад ці гэта атрымалася. На матч, піша Трыбуна, у разгар рабочай суботы паглядзець хакей прыйшоў нават міністар спорту Сяргей Кавальчук.
У пятніцу Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз паўтарыў, што забараняць масавыя мерапрыемствы не зьбіраецца: «Нікога не заганяюць. Проста прапануем: калі хочаце, калі ласка, прыходзьце. Не, значыць, не» — падкрэсьліў Лукашэнка. Наступны матч сэрыі заплянаваны на 11 красавіка.
Школьныя вакацыі падоўжылі на 6 дзён
Як паведаміла Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, тэрміны вясновых канікул працягваецца на 6 дзён з 6 па 11 красавіка ўключна.
«Адукацыйны працэс у чацьвёртай чвэрці будзе ажыцьцяўляцца з 13 красавіка па 30 траўня», паведамляе міністэрства адукацыі.
Як паведамляе БелТА, міністар адукацыі Ігар Карпенка далажыў Аляксандру Лукашэнку аб сытуацыі, сабраўшы папярэдне думкі і звароты бацькоў вучняў.
У Кітаі прайшоў агульнанацыянальны Дзень жалобы па загінулых ад COVID-19
У Кітаі, дзе пік цяперашняй эпідэміі, мяркуючы па афіцыйнай інфармацыі, пройдзены, 4 красавіка прайшоў агульнанацыянальны дзень жалобы па тысячах загінулых. Па афіцыйна абвешчаных зьвестках, заразіліся новым карпнавірусам 82 500 чалавек, 3 300 зь іх памерлі. Астатнія краіны, дзе пандэмія працягвае пашырацца, рыхтуюцца да новых чалавечым стратаў і эканамічных узрушэньняў, паведамляюць заходнія інфармацыйныя агенцтвы.
«А як можна жыць са 135 кіляграмамі вагі?» Сын памерлага ад COVID-19 пэнсіянэра адказаў уладам
Сын Уладзімера Сідарава, вайсковага пэнсіянэра, які памёр у Віцебску 2 красавіка, адказаў на камэнтары з нагоды сьмерці яго бацькі кіраўніка вобласьці Мікалая Шарстнёва і кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў сьмерць Уладзімера Сідарава наступным чынам: «Шарстнёў учора мне далажыў, апошні выпадак у яго быў. Пытаюся: „Ну чаму гэты ў цябе памёр?“ А ён кажа: „Аляксандр Рыгоравіч, а як можна жыць са 135 кг вагі?“ Сэрца амаль не працуе, гэта не працуе, гэта баліць, то баліць, букет хваробаў. І вірус атакуе слабых, у якіх няма імунітэту, ну і яму за 70 гадоў было».
Віцебскі шпіталь плянуе закупіць 50 мяшкоў для трупаў
Віцебскі абласны клінічны шпіталь мае патрэбу ў пакетах для целаў нябожчыкаў. Заяўка зьявілася на сайце дзяржаўных закупак 4 красавіка.
Як вынікае з заяўкі, шпіталю патрэбныя 50 гермэтычных плястыкавых пакетаў для ўпакоўкі трупаў. На гэта зь бюджэту гатовыя выдаткаваць 1400 рублёў. Паставіць пакеты патрэбна на наступным тыдні з 6 да 10 красавіка. Прыняць удзел у тэндэры можна было цягам некалькіх гадзінаў — да 16:00 4 красавіка.
Ці набліжаемся мы да вакцыны ці леку супраць COVID-19?
Як ідзе распрацоўка супрацьядзьдзя? Ці могуць існыя прэпараты лячыць каранавірус? Адказы ТУТ.
У Беларусі 440 выпадкаў COVID-19
Як паведаміла Міністэрства аховы здароўя ў сваім тэлеграм-канале, у Беларусі па стане на 4 красавіка на стацыянарным лячэньні з каранавіруснай інфэкцыяй знаходзіцца 394 чалавекі.
Як піша «Официальный Минздрав», у часткі пацыентаў захворваньне працякае ў лёгкай ці сярэдняй форме. Пасьля праходжаньня лячэньня выздаравеў 41 чалавек. Зарэгістравана 5 выпадкаў сьмерці пацыентаў, у якіх шматлікія хранічныя захворваньні былі абцяжараныя каранавіруснай інфэкцыяй, паведамляецца ў тэлеграм-канале міністэрства.
Мацкевіч пра рэакцыі на сьмерці праз COVID-19: «Кіраўнік дзяржавы — чалавек невялікай культуры, бяз густу і шляхетнасьці»
- Кіраўнік дзяржавы — майстра знаходзіць вінаватых, і тлумачыць, што нешта адбылося, таму, што яго не слухалі — у лазьню не хадзілі, не забівалі вірус гарачынёй, і ў хакей не гулялі, вірус не замарозілі
- Няма даверу да афіцыйных зьвестак, няма і рэальных падставаў сумнявацца
- Павольны распаўсюд каранавірусу ў нашай краіне дае час падрыхтавацца
- Давайце зачынім неінфікаваных па хатам, каб не хадзілі на працу, вучобу, у кавярні і на танцулькі! Але хто будзе займацца жыцьцезабесьпячэньнем гэтых хатаў электрычнасьцю, цяплом, вывозіць сьмецьце?
- Тэндэнцыя «больш сацыялізму», калі ня стане дамінуючай, дык можа вельмі ўзмацніцца. Яна ўзмоцніцца максымай «найперш бясьпека, а потым свабода».
- Нават калі пагроза ня мае высокай імавернасьці, місія інтэлектуала вымушае яе перабольшваць гэтую імавернасьць
- Чалавецтва ня мае той салідарнасьці, якую можа адрадзіць.
На Магілёўшчыне прызнаныя 4 выпадкі захворваньня на каранавірус
Як паведамляе Тэлерадыёкампанія «Магілёў» са спасылкай на галоўнага санітарнага ўрача Магілёўскай вобласьці Сьвятланы Нячай у рэгіёне зарэгістраваныя 3 пацьверджаныя выпадкі COVID-19. Вірус выяўлены ў двух працоўных эмігрантаў, якія прыехалі з Масквы. Гэта жыхары Бабруйску і суседняга зь ім райцэнтру Кіраўску.
Яшчэ адзін пацыент з каранавірусам – у Магілёве. Гэта мясцовы мэдык, які праходзіў навучаньне ў Віцебску. Усе кантакты 1 узроўню далі адмоўныя вынікі. Раней пра пацьверджаны выпадак каранавіруснай інфэкцыі ў Бабруйску паведаміла мясцовае радыё «Зефір-ФМ» са спасылкай на намесьніка галоўнага ўрача Бабруйскай цэнтральнай бальніцы Аксану Крупеніч.
«Бяз слова «карантын». Мінкультуры не падтрымала патрабаваньне актораў закрыць тэатры падчас пандэміі
Міністэрства культуры не падтрымала патрабаваньне аб «неадкладным закрыцьці на карантын тэатраў Беларусі». Пэтыцыя зьявілася неўзабаве пасьля таго, як стала вядома пра сьмерць актора віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа Віктара Дашкевіча. Яе падпісалі больш за 860 чалавек.
- У адказе на зварот актораў Мінкультуры ніводнага разу не ўжыла слова «карантын». Урадоўцы адпісалі, што «работа тэатральна-відовішчных арганізацыяў у пэрыяд пандэміі каранавірусу арганізаваная згодна з рэкамэндацыямі Міністэрства аховы здароўя».
- Адзін з аўтараў пэтыцыі актор і рэжысэр Магілёўскага драматычнага тэатру Уладзімер Пятровіч адказ зь Міністэрства культуры называе адпіскай.
Будзь здаровы як тур! Карысныя выразы пра здароўе
Здароўе — абсалютная каштоўнасьць для беларускае мовы. Этымолягі ўглядаюць у ім корань дрэва/дзерава — гатовы магічны эпітэт-параўнаньне у адным слове.
- Здаровага чалавека параўноўваюць ня толькі з быком і дубам, але і зь мітычным турам.
- Стрыжань беларускага традыцыйнага этыкету — зычэньні здароўя. Яны і ў вітаньнях (здароў быў!), і ў разьвітаньнях, і ў падзяках.
- Здароўе — лідэр першай тройкі народных каштоўнасьцяў у сьвяточных зычэньнях і тостах.
- Маем запамінальныя дзеясловы для апісаньня паправунку — адужаць, паправіцца, акрыяць, ачуняць.
Каранавірус у Берасьці: захварэла студэнтка з Віцебску
У студэнткі, якая ляжала ў Цэнтральнай гарадзкой бальніцы Берасьця, знайшлі каранавірус. Уначы яе перавезьлі ў інфэкцыйнае аддзяленьне Берасьцейскай абласной клінічнай бальніцы, паведамляе tut.by.
Дагэтуль дзяўчына праляжала тры дні з падазрэньнем на пнэўманію ў Цэнтральнай гарадзкой бальніцы ў палаце, дзе разам зь ёй было пяць чалавек.
«Разам са мной усю палату шпіталізавалі, усіх сваякоў», — сказала яна. Паводле галоўнага лекара ЦГБ Алега Вялічкі «усе кантакты першага ўзроўню перавялі ў інфэкцыйную бальніцу».
Дзяўчына вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным мэдыцынскім унівэрсытэце.
Пасьля пераходу ВНУ на дыстанцыйнае навучаньне яна прыехала ў Берасьце.