Колькі сумленных дактароў могуць зламаць мэханізм фальсыфікацыяў?
Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Сьцісла:
Карбалевіч
- Рыторыка Лукашэнкі супярэчлівая. З аднаго боку, псыхоз. З другога боку, трэба рабіць захады супраць распаўсюду пандэміі.
- Міністэрства аховы здароўя дзейнічае ў межах палітычных задач, сфармуляваных Лукашэнкам.
- Калі сытуацыя набудзе трагічны трэнд, то, не выключаю, і некаторыя дзяржаўныя ці абдзяржаўленыя структуры спыняць маўчаньне. І, магчыма, плаціну прарве.
Цыганкоў
- Параўнаньні лініі беларускіх уладаў з палітыкай Трампа зусім недарэчныя і неадпаведныя, але Лукашэнка лічыць, што такія параўнаньні з ЗША яму дадаюць пункты.
- Нармальная і правільная статыстыка перш за ўсё спрыяла б зьніжэньню панікі, але відавочна, што прадстаўнікі ўлады — закладнікі адной устаноўкі.
- Калі будзе 15 тысяч (пры гэтым тысяча ў адным нейкім месцы), а міністэрства будзе казаць 150, то гэта ўжо ня можа прайсьці незаўважаным.
- Давер да ўлады можна падрываць — гэта і ёсьць палітыка.
У ЗША за дзень памерлі 912 пацыентаў, улады прагназуюць яшчэ ад 100 тысяч да 240 тысяч сьмерцяў
У Злучаных Штатах зафіксавалі рэкордныя 24,7 тысячы новых выпадкаў COVID-19 на дзень і рэкордныя 912 сьмерцяў за адзін дзень. Эпіцэнтар эпідэміі — у штаце Нью-Ёрк. Мэр гораду Нью-Ёрк папрасіў дадатковую дапамогу і заявіў, што пік эпідэміі будзе дасягнуты яшчэ хіба празь некалькі тыдняў. Афіцыйны прагноз сьмерцяў ад COVID-19 у ЗША — ад 100 тысяч да 240 тысяч. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што «наперадзе вельмі пакутныя два тыдні», але ён спадзяецца, што «мы пабачым сьвятло ў канцы тунэлю».
У Заходняй Эўропе распаўсюд каранавірусу не спыняецца, але шмат у якіх краінах ужо не паскараецца. У Італіі апошнія два дні фіксавалі толькі па 4 тысячы новых выпадкаў і менш за 900 сьмерцяў на дзень (на піку 21 сакавіка было 6557 новых выпадкаў на дзень), стабілізавалася колькасьць новых выпадкаў і сьмерцяў у Гішпаніі, новых выпадкаў — у Нямеччыне і Вялікай Брытаніі (колькасьць сьмерцяў яшчэ расьце, 31 сакавіка зафіксавалі адпаведна 130 і 381).
Лічбы на раніцу 1 красавіка
- У сьвеце зафіксавалі больш за 859 тысяч выпадкаў COVID-19: каля 188,5 тысяч у ЗША, амаль 106 тысяч у Італіі, 96 тысяч у Гішпаніі, 82 тысячы ў Кітаі, 72 тысячы ў Нямеччыне, 52 тысячы ў Францыі, 44,5 тысячы ў Іране, 25 тысяч у Вялікай Брытаніі, 16,5 тысячы ў Швайцарыі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі звыш 42 тысяч чалавек. Зь іх 12 428 у Італіі, 8464 у Гішпаніі, 4054 у ЗША, 3523 у Францыі, 3309 у Кітаі, 2898 у Іране.
- Выпісалі звыш 178 тысяч пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 638,6 тысячы, зь іх амаль 33 тысячы ў цяжкім стане.
- У Беларусі на 30 сакавіка пацьвердзілі 152 выпадкі інфікаваньня новым каранавірусам: 47 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 105 «знаходзяцца пад мэдычным кантролем і на лячэньні». 31 сакавіка Мінздароўя не паведаміла пра новыя выпадкі, але пацьвердзіла першую сьмерць інфікаванага.
Санэпідэмстанцыя забараніла грамадзкае разьвітаньне з акторам Дашкевічам у Віцебску
Пра гэта Свабодзе стала вядома ад сваякоў Віктара Дашкевіча.
Пахаваньне адбудзецца заўтра, але на ім будуць прысутнічаць толькі сваякі. Цела Віктара Дашкевіча з моргу ў чыгуначным шпіталі адразу адвязуць на могілкі.
Грамадзкае разьвітаньне не дазволілі эпідэміёлягі.
Актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа Віктар Дашкевіч памёр у аўторак.
У мэдычную ўстанову ён трапіў 21 сакавіка з дыягназамі «пнэўманія» і «хранічная абструкцыйная хвароба лёгкіх», падчас лекаваньня яму двойчы рабілі тэст на наяўнасьць каранавірусу, і другі з тэстаў паказаў станоўчы вынік.
Афіцыйна прычынай сьмерці Віктара Дашкевіча стала «неўдакладненая пнэўманія».
САЗ: выбух каранавірусу ў Эўропе можа быць блізкім да піку
Сусьветная арганізацыя здароўя паведамляе пра тое, што выбух каранавірусу ў Эўропе набліжаецца да свайго піку. Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg.
Адзначаецца, што ў самым крызісным рэгіёне Эўропы, Італіі, за апошнія два тыдні была зафіксаваная найменшая колькасьць новых інфэкцыяў.
Майк Раян, кіраўнік аддзелу надзвычайных сытуацыяў САЗ, заявіў у панядзелак, што Італія і Гішпанія набліжаюцца да піку захворваньня, але гэта будзе наступствам інфікаваньня двухтыднёвай даўніны.
Паводле стану на 31 сакавіка па ўсім сьвеце было пацьверджана больш за 826 000 выпадкаў заражэньня каранавіруснай інфэкцыяй, больш за 40 000 памерлі, а каля 174 тысяч — выздаравелі.
Каранавірус: больш за 800 тысяч заразіліся, больш за 40 тысяч памерлі
Колькасьць выяўленых выпадкаў інфікаваньня каранавірусам у сьвеце да вечара 31 сакавіка перасягнула 800 тысяч. За мінулыя суткі яна павялічылася больш чым на 60 тысяч чалавек. Больш за ўсё заражаных — больш за 175 тысяч — выяўлена ў ЗША, зь іх амаль палова ў штаце Нью-Ёрк.
Колькасьць памерлых у выніку выкліканай каранавірусам інфэкцыі COVID-19 у сьвеце 31 сакавіка перасягнула 40 тысяч. Каля 36 тысяч памерлі ў сакавіку, калі інфэкцыя
пашырылася на большасьць краін сьвету і набыла характар пандэміі.
Больш за 12 тысяч чалавек памерлі ў Італіі. За мінулыя суткі ў гэтай краіне — больш за 800 ахвяраў каранавірусу. Сёньня ў Італіі дзень жалобы па ахвярах эпідэміі. Колькасьць новых выяўленых выпадкаў інфікаваньня ў гэтай краіне за апошнія некалькі сутак памалу зьніжаецца, аднак яна па-ранейшаму большая за 4 тысячы ў дзень.
У Гішпаніі памерлі больш за 8 тысяч інфікаваных каранавірусам, больш за тры тысячы — у ЗША, Кітаі і Францыі.
Нягледзячы на значнае паляпшэньне ў такіх краінах, як Кітай і Паўднёвая Карэя, Сусьветная арганізацыя здароўя ў аўторак заявіла, што эпідэмія каранавірусу яшчэ далёкая ад завяршэньня — як ва ўсім сьвеце, так і ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі.
Тры менскія кінатэатры спынілі сэансы
Ад 2 красавіка кінатэатры «Кастрычнік», «Масква» і «Дом кіно» часова прыпынілі паказ фільмаў, піша агенцтва «Минск-Новости».
Намесьніца генэральнага дырэктара па разьвіцьцю, інфармацыі і рэкляме сеткі «КіноМінска» Кацярына Багданава патлумачыла, што прычына спыненьня сэансаў найперш эканамічная. Бо гэта найбуйнейшыя кінатэатры сталіцы і ў іх можа адначасова трансьлявацца толькі адзін фільм.
Сусьветныя кінапрэмʼеры перанесьлі праз пандэмію каранавірусу, таму дзейнасьць буйных кінатэатраў палічылі эканамічна немэтазгоднай.
Афіцыйна віцебскі актор памёр не ад каранавірусу
Прычынай сьмерці Віктара Дашкевіча, які памёр сёньня ў віцебскай лякарні, стала «неўдакладненая пнэўманія». Пра гэта гаворыцца ў пасьведчаньні аб сьмерці, якое
апублікавала Радыё Рацыя.
Даведку выдалі сёньня сваякам памерлага.
У мэдычную ўстанову ён трапіў 21 сакавіка з дыягназамі «пнэўманія» і «хранічная абструкцыйная хвароба лёгкіх», падчас лекаваньня яму двойчы рабілі тэст на наяўнасьць каранавірусу, і другі з тэстаў паказаў станоўчы вынік.
«Будзем здаровыя самі — выжывуць і нашыя праекты!» Незалежныя культурныя пляцоўкі пайшлі на карантын
Пакуль Беларусь афіцыйна ня ўводзіць карантын і большасьць дзяржаўных культурных устаноў працуе, грамадзкія пляцоўкі закрываюцца для наведнікаў.
Як выжываюць запатрабаваныя менчукамі «ОК16», «Корпус» і Галерэя «Ў»? Чытайце тут >>
«На час эпідэміі аддайце нам дзяцей на парукі». «Маці 328» зьвярнуліся ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў
31 сакавіка 15 жанчын, сваячак асуджаных па 328 антынаркатычным артыкуле, выйшлі да Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, каб перадаць калектыўны зварот кіраўніцтву міліцэйскай установы. Зварот тычыцца сытуацыі з каранавірусам і сьмерці ў аршанскай калёніі вязьня Дзьмітрыя Сёмчыка, якога 25 сакавіка знайшлі ў пятлі.
Міліцыянты ў цывільным, якія несьлі дзяжурства вакол установы, не перашкаджалі актывісткам руху «Маці 328» сабрацца, падпісаць зварот і перадаць яго кіраўніцтву дэпартамэнту. Пасьля гэтага актывістак прыняў першы намесьнік начальніка ДВП Іван Мысьліцкі.
САЗ патлумачыла, у якіх выпадках належыць насіць маску і як ёю карыстацца
Здаровы чалавек павінен насіць маску толькі ў тых выпадках, калі ажыцьцяўляе дагляд за чалавекам, які можа быць хворы на COVID-19, або калі сам кашляе або чхае.
Гэтыя дзьве рэкамэндацыі знаходзяцца на сайце Сусьветнай арганізацыі здароўя.
Адначасова САЗ адзначае, што маскі зьяўляюцца эфэктыўным сродкам засьцярогі толькі ў камбінацыі з рэгулярнай апрацоўкай рук сьпіртазьмяшчальным антысэптыкам або вадой з мылам.
Сайт САЗ таксама падае правілы выкарыстаньня і ўтылізацыі аднаразовых мэдычных масак:
- перад тым як надзець маску, апрацуйце рукі сьпіртазьмяшчальным сродкам або вымыйце іх з мылам;
- надзеньце маску так, каб яна закрывала нос і рот без шчылінаў паміж целам і маскай;
- не дакранайцеся да маскі падчас выкарыстаньня; у выпадку дакрананьня апрацуйце рукі сьпіртазьмяшчальным сродкам або вымыйце іх з мылам;
- як толькі маска становіцца сырой, замяніце яе новай, і не выкарыстоўвайце аднаразовыя маскі паўторна;
- зьнімаючы маску, трымайце яе за гумкі ззаду і не кранайце пярэдняй часткі маскі; адразу выкіньце яе ў кантэйнэр для сьмецьця, які прыкрываецца; апрацуйце рукі сьпіртазьмяшчальным сродкам або вымыйце іх з мылам.
Менская афіша падчас пандэміі: футбол, хакей, тэатры, канцэрты
У той час як па ўсім сьвеце скасаваныя культурніцкія імпрэзы і спартовыя спаборніцтвы, у Беларусі працягваюць прымаць наведнікаў музэі, тэатры, стадыёны.
Свабода сабрала інфармацыю, чым завабліваюць афішы ў Менску на гэтым тыдні. Чытайце тут >>
Маскі надзелі, але каранавірусу не баяцца. Як на Палесьсі сустрэлі пандэмію
У трох жыхароў Лельчыцкага раёну пацьвердзілі каранавірус. У двух «кантактных» зь імі папярэднія тэсты таксама далі станоўчы вынік. Карэспандэнты Свабоды назіралі за жыцьцём палескай вёскі Ліпляны, дзе выявілі COVID-19, і райцэнтру Лельчыцы — адкуль забралі аўтобус «кантактных». Рэпартаж чытайце па спасылцы >>
Мінздароўя перастала публікаваць колькасьць хворых на каранавірус, але пацьвердзіла першую сьмерць
Міністэрства аховы здароўя Беларусі 31 сакавіка ў сваім тэлеграм-канале пацьвердзіла першую сьмерць ад каранавірусу, але ўпершыню не паведаміла агульную колькасьць выпадкаў COVID-19 і колькасьць новых пацьверджаных выпадкаў.
Апошні раз Мінздароўя паведамляла, што ў Беларусі зарэгістравалі 152 захворваньняў на каранавірус.
Паводле паведамленьня 31 сакавіка:
- у Беларусі зрабілі больш за 31 тысячу тэстаў на каранавірус;
- 11 чалавек шпіталізавалі з падазрэньнем на каранавірус за апошнія суткі;
- са шпіталёў выпісалі 128 чалавек, сярод іх 6 пацыентаў, у якіх быў станоўчы тэст на COVID-19.
Польшча ўвяла новыя абмежаваньні праз эпідэмію каранавірусу
Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў 31 сакавіка, што яго ўрад вырашыў увесьці далейшыя абмежаваньні публічнага жыцьця ў краіне, каб абмежаваць колькасьць заражэньняў каранавірусам.
«Мы атрымліваем інфармацыю з заходнеэўрапейскіх краінаў, ад нашых партнэраў.
Сытуацыя там складаная, і мы хочам яе пазьбегнуць любой цаной. Мы хочам быць гатовымі да росту колькасьці выпадкаў заражэньня і адначасова згладзіць крывую інфэкцыі», — цытуе кіраўніка ўраду Польскае радыё.
Кабінэт Матэвуша Маравецкага вырашыў, сярод іншага:
- устанавіць ліміт людзей у чэргах: у краме да трох кліентаў на адну касу; у паштовых аддзяленьняў да 2 чалавек на адно акно; у кіёсках да 3 чалавек;
- зачыніць у выходныя дні вялікія будаўнічыя крамы, а таксама цырульні, салёны прыгажосьці, татуіровак і пірсінгу;
- спыніць рэабілітацыйныя працэдуры і масаж, за выняткам сытуацый, у якіх рэабілітацыя абсалютна неабходная для здароўя пацыента;
- зрабіць прадуктовыя крамы і аптэкі ад 10:00 да 12:00 даступнымі выключна людзям старэйшым за 65 гадоў;
- увесьці ў крамах уводзіцца абавязак насіць пальчаткі;
- увесьці абавязак вытрымліваць ня менш за 2 мэтры адлегласьці паміж пешаходамі;
- устанавіць ліміт пасажыраў у грамадзкім транспарце — ня больш, чым палова сядзеньняў у транспартным сродку (гэтае абмежаваньне не распаўсюджваецца на легкавыя аўтамабілі);
- увесьці абавязак захоўваць адлегласьць у паўтара мэтра паміж працаўнікамі на працоўных месцах;
- абавязаць усіх працадаўцаў забясьпечыць сродкі дэзінфэкцыі для працаўнікоў;
- пашырыць правілы карантыну на ўсіх людзей, якія жывуць з чалавекам, хто падлягае абавязковаму хатняму карантыну.
Ці пагражае Лукашэнку палацавы пераварот у сувязі з пандэміяй?
Чаму Лукашэнка — адзін зь нямногіх кіраўнікоў дзяржаваў, які адмаўляе пагрозу каранавірусу? У якой ступені беларускія ўлады скажаюць статыстыку пандэміі, да якіх межаў яе можна хаваць? Ці мае Лукашэнка «плян Б» на выпадак хуткага распаўсюду пандэміі ў Беларусі? Наколькі імавернае яго адхіленьне ад улады чальцамі беларускага «палітбюро» у выпадку рэзкага пагаршэньня эпідэміялягічнай сытуацыі ў краіне?
На гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце разважаюць заснавальнік Цэнтру новых ідэяў, аналітык брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня і палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
Сьцісла:
Астапеня
- Пасыл зьверху — калі вы хочаце нешта зьмяніць, нават нерадыкальна, то ў вас псыхоз
- Адсутнічае давер да беларускай дзяржаўнай сыстэмы
- Лукашэнку ў яго сытуацыі могуць і не дараваць
- Мы вельмі дрэнна падрыхтаваныя да эканамічных крызісаў
- Лукашэнка мог бы нават скарыстаць пандэмію на сваю карысьць: вось я дбаю пра людзей, мы разам перажывём гэты складаны год — тут Расея, пандэмія, трэба мяне пераабіраць праз паўгода
- Беларусь не атрымае вакцыну, нават калі яна будзе знойдзеная. Яна ўся будзе даставацца багатым, заможным краінам.
Шрайбман
- Тут пытаньне часу ўсьведамленьня — як хутка да Лукашэнкі дойдзе і ці дойдзе наагул сур’ёзнасьць праблемы
- Нават у жорсткіх аўтарытарных сыстэмах інфармацыя праточваецца
- Лукашэнка сапраўды шчыра, усёй сваёй душой, верыць у вэрсію пра тое, што гэтую пандэмію можна проста перачакаць, пераадолець простымі гігіенічнымі мерамі
- Калі сытуацыя пойдзе па самым горшым сцэнары, то мы ўбачым расколіны ў маналіце аўтарытарнай сыстэмы
- Адрозьненьне сучаснай Беларусі ад СССР 1964 году ў тым, што ў нас няма палітбюро
Ці заб’е карантын беларускую эканоміку? Разьбіраемся з экспэртамі
«Трэба працаваць» — такі агульны пасыл двух выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі, які катэгарычна супраць увядзеньня карантыну. Але ці так страшны карантын для беларускай эканомікі? Разьбіраемся з экспэртамі.
На думку эканаміста Дзьмітрыя Крука, наступствы таго, што адбываецца ў сьвеце, і так будуць сур’ёзнымі для Беларусі.
«Большасьць краін робіць выбар: прыярытэт на мэдыцынскія меркаваньні ці эканамічныя. Для Беларусі гэта і праблема расстаноўкі прыярытэтаў, і праблемы эканомікі. Нямеччына можа вытрымаць такі карантын, хоць гэта і балюча, але не настолькі, як для бедных краін. Звальненьні ў нас ужо адбываюцца пад узьдзеяньнем усясьветных праблем. Калі прыняць унутраныя абмежавальныя захады, уплыў будзе толькі пагаршацца», — мяркуе Дзьмітры Крук.
Да эканамічных праблем дадаюцца палітычныя: гэты год для Беларусі — год прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбываюцца на фоне ўсясьветнага крызісу і дэфіцытнага бюджэту Беларусі. А расходы беларускага бюджэту перавышаюць даходы і без эпідэміі.
У Туркмэністане фактычна забаранілі слова «каранавірус»
Улады Туркмэністану забаранілі выкарыстоўваць слова «каранавірус». Яно не ўжываецца ня толькі ў дзяржаўных СМІ ў гэтай краіне, але і адсутнічае ў інфармацыйных мэдыцынскіх брашурах, якія распаўсюджваюцца ў школах і паліклініках.
Пра гэта паведамляе арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» са спасылкай на незалежны сайт Turkmenistan Chronicle, заблякаваны ў краіне, і Радыё Азатлык (Туркмэнская служба Радыё Свабода).
Па паведамленьнях карэспандэнтаў радыё ў Ашгабадзе, размовы на вуліцы аб каранавірусе могуць скончыцца затрыманьнем. Акрамя таго, супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным знаходзяцца разам зь іншымі грамадзянамі ў чэргах і слухаюць, пра што размаўляюць людзі.
«Сёньня паступіла 15 пацыентаў з пнэўманіяй. Гэта звычайная сытуацыя». Што кажуць у віцебскіх лякарнях
Карэспандэнт Свабоды даведаўся, што кажуць у віцебскіх лякарнях, ці паступаюць туды пацыенты з каранавірусам і пнэўманіямі? зьвярнуўся з пытаньнямі ў шэраг віцебскіх лякарняў.
Галоўны лекар Віцебскай гарадзкой клінічнай бальніцы № 1 Дзьмітры Казлоўскі сказаў Свабодзе, што бальніца поўнасьцю перапрафіляваная і цяпер працуе на прыём пацыентаў з пнэўманіямі.
«Мы пакуль працуем на горад, пацыенты паступаюць. Пацыенты з каранавірусам лечацца ня ў нас, а ў інфэкцыйнай бальніцы. Да нас ідуць звычайныя пнэўманіі. Сёньня з 7 гадзін раніцы і на 14 гадзін паступіла каля 15 чалавек. Гэта звычайная сытуацыя, ня нешта звышнатуральнае. Працуем у штатным рэжыме».
У лекара, які нядаўна сустракаўся з Пуціным, знайшлі каранавірус
У Дзяніса Працэнкі, галоўнага лекара шпіталя ў Камунарцы (Новая Масква), у якую шпіталізуюць заражаных каранавірусам, дыягнаставалі каранавірусную інфэкцыю. Пра гэта паведамляюць тэлеканал «Россия 24» і расейскія інфармацыйныя агенцтвы.
Працэнка атрымаў вядомасьць, апроч іншага, дзякуючы штодзённым зводкам пра паступленьні ў шпіталь пацыентаў, з якіх вынікала паступовае павелічэньне патоку шпіталізаваных з «пазашпітальнай пнэўманіяй» з пачатку сакавіка. У шэрагу пацыентаў пасьля пацьвердзіўся дыягназ COVID-19. Згодна са зводкай, апублікаванай Працэнкам раніцай у аўторак, у шпіталі было 202 хворыя з дыягназам пнэўманія, зь іх 186 з COVID.
На мінулым тыдні — 24 сакавіка — шпіталь у Камунарцы наведваў прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін, ён меў кантакт з Працэнкам.