Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

16:24 31.3.2020

Калектыў тэатру ў Віцебску, дзе ад каранавірусу памёр актор, адправілі ў адпачынак, пяцёра шпіталізаваныя

Ад 31 сакавіка ўвесь калектыў нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску накіравалі ў адпачынак. Пра гэта паведаміў Свабодзе адзін з супрацоўнікаў тэатру, экс-дырэктар установы Рыгор Шацько. Усяго, паводле ягоных падлікаў, 5 супрацоўніках тэатру цяпер шпіталізаваныя ў лячэбныя ўстановы Віцебска. «Яны маладзейшыя за памерлага Дашкевіча, спадзяемся вытрываюць. Ні ў кога зь іх лекары ня выявілі каранавірус».

16:23 31.3.2020

Лукашэнка заявіў, што не здаваў тэст на каранавірус і што самаізаляцыя ў кватэрах — «гэта ня мэтад»

«Замыкаецца ў гэтых тухлых кватэрах — гэта не мэтад. Мы забіваем людзей у гэтых кватэрах, — сказаў Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Савету Рэспублікі Натальляй Качанавай 31 сакавіка. — Адкрываецца шмат праблем, над якімі трэба працаваць, а не зачыняць мяжу і заганяць людзей у дамы. Нас заўсёды вучылі, вы ж памятаеце: калі ВРВІ, грып і іншае, трэба на вуліцу выходзіць, дыхаць сьвежым паветрам, праветрываць памяшканьне».

Што тычыцца тэстаў на каранавірус, дык кіраўнік Беларусі заявіў, што сам не здаваў тэст на COVID-19.

«Вірус блукае. Ні вы ня ведаеце, ні я. Я не рабіў тэст. І я ня ведаю, перажыў я гэты вірус ужо на нагах ці не. Сапраўды гэтак і там», — заўважыў ён.

16:21 31.3.2020

«Дзяцей і трактарыстаў адправілі на карантын. У некаторых станоўчыя вынікі на каранавірус». Як пандэмія дабралася да беларускай вёскі

Пра тое, што ў Капыльскім раёне здарылася нешта незвычайнае, стала вядома ў нядзелю 29 сакавіка. Закрылі Капыльскую раённую лякарню не для ўсіх. У панядзелак 30 сакавіка сюды як мінімум двойчы прыяжджаў школьны аўтобус з Новых Доктаравічаў. Спачатку прывёз некалькі дзясяткаў дзяцей, затым каля васьмі дарослых. Яны літаральна забягалі ў будынак, хаваючыся ад фотаапарата.

На вуліцах самога Капыля спакойна. Людзей у мэдыцынскіх масках не відаць, па вуліцах езьдзіць транспарт, працуюць крамы. У Новых Доктаравічах, адкуль у капыльскую лякарню 30 сакавіка прывозілі людзей аўтобусам, усё іначай. Рэпартаж Свабоды з Новых Доктаравічаў чытайце па спасылцы >>

16:16 31.3.2020

Што адбываецца ў Віцебску, дзе памёр інфікаваны каранавірусам. УЖЫВУЮ

Свабода онлайн зь Віцебску, які стаў эпіцэнтрам навінаў пра распаўсюд каранавірусу.

16:15 31.3.2020

Менскія тэатры і каранавірус: Купалаўскі і опэрны працуюць, музкамэдыя і лялечны адмяняюць спэктаклі, цырк закрыўся

31 сакавіка стала вядома, што ў Беларусі памёр першы пацыент, у якога тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік — Віктар Дашкевіч, актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа. У Коласаўскім тэатры, дзе працаваў памерлы, працягваюцца рэпэтыцыі, пастаноўкі адмененыя, хоць карантыну не абвяшчалі.

Свабода вывучыла, што тым часам пазначана ў афішах менскіх тэатраў. Чытайце тут >>

16:13 31.3.2020

Колькі Беларусі даюць грошай на барацьбу з каранавірусам і на што траціць грошы сама Беларусь. Адной карцінкай

ЗША выдзеляць Беларусі 1,3 мільёна даляраў, усяго на 6 краін «Усходняга партнэрства» ЭЗ выдаткоўвае 140 мільёнаў эўра, яшчэ 900 мільёнаў даляраў Беларусь просіць у МВФ. А на што ў гэты час траціць грошы сама Беларусь?

16:12 31.3.2020

У ЗША ад каранавірусу могуць памерці да 200 тысяч чалавек

На сёньня ахвярамі хваробы сталі больш за 3 тысячы чалавек.

Каардынатар Белага дому ў барацьбе з каранавірусам Дэбара Бэркс папярэдзіла, што пандэмія можа прывесьці да гібелі да 200 тысяч амэрыканцаў нават пры

аптымістычным сцэнары. Яе заява яшчэ больш разбурыла надзеі на тое, што краіна зможа хутка аднавіцца ва ўмовах глябальнага крызісу ў сфэры аховы здароўя.

Тым часам як колькасьць сьмяротных выпадкаў ад COVID-19 у сьвеце перасягнула 37 тысяч, а ў ЗША дайшла да 3 тысяч, фэдэральныя чыноўнікі і ўлады штатаў выступаюць з змрочнымі папярэджаньнямі, што сытуацыя спачатку пагоршыцца і толькі потым пачне паляпшацца.

14:49 31.3.2020

Дактары Капыльскай лякарні будуць жыць на працы

Дактары Капыльскай лякарні знаходзяцца на двухтыднёвым каранціне, яны будуць жыць на працы. Пра гэта «Нашай ніве» паведаміў галоўны доктар Капыльскай раённай лякарні Сяргей Пацяйковіч. Ён патлумачыў, што гэта робіцца ў мэтах прафіляктыкі.

Пацяйковіч зазначыў, што не ўсе дактары знаходзяцца на каранціне. Пра сытуацыю з каранавірусам галоўны ўрач «раёнкі» адмовіўся гаварыць.

29 сакавіка мэдработнікі ў касьцюмах спэцабароны наведваліся ў хаты жыхароў Новых Доктаравічаў, Доктаравічаў і Вуглоў. Пасьля гэтага некалькіх чалавек забралі ва ўстановы Мінска, Барысава і Капыля.

Капыльская раённая бальніца да 20 красавіка спыніла плянавыя мэдычныя агляды. Сайт мясцовай раённай газэты «Слава працы» нічога не паведамляе пра сытуацыю з каранавірусам у рэгіёне.

14:40 31.3.2020

IKEA пачала выпускаць сродкі індывідуальнай абароны для мэдыкаў

IKEA, найбуйнейшая ў сьвеце кампанія, якая вырабляе і прадае мэблю, заявіла, што 31 сакавіка пачала вырабляць ахоўныя сродкі, такія як фартухі і маскі, для шпіталяў, якія змагаюцца з распаўсюдам каранавірусу.

Мэнэджэр кампаніі Гэнрык Эльм, адказны за пастаўкі вырабаў IKEA, паведаміў агенцтву Reuters, што кампанія задавальняе попыт на офісную мэблю і падчас пандэміі COVID-19, паколькі шмат працаўнікоў перайшло на хатні рэжым працы.

14:21 31.3.2020

Працуеце ў сыстэме аховы здароўя? Раскажыце нам, што адбываецца!

13:54 31.3.2020

Лукашэнка пракамэнтаваў першую ў Беларусі сьмерць інфікаванага каранавірусам

«Жонка здаровая, яна ж з мужам жыла, дачка здаровая. Таму што імунітэт моцны, — перадае БелТА словы Лукашэнкі. — А ён, небарака, ня вытрымаў. Паступіў зь цяжкай пнэўманіяй, на ШВЛ ляжаў, ратавалі яго».

Лукашэнка дадаў, што «ў цяперашняй сытуацыі трэба старацца берагчы людзей сталага веку»:

«Не таму, што яны старыя, а таму, што ў іх імунітэт аслабеў. І другое — у іх букет хваробаў».

31 сакавіка стала вядома, што ў Беларусі памёр першы пацыент, у якога тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік — Віктар Дашкевіч, актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа. У Коласаўскім тэатры, дзе працаваў памерлы, працягваюцца рэпэтыцыі, карантын пакуль не абвяшчалі.

13:46 31.3.2020

Пасьля сьмерці ад каранавірусу актора зь Віцебска пачалі зьбіраць подпісы за карантын у тэатрах

31 сакавіка на сайце Petitions.by зьявілася пэтыцыя з патрабаваньнем увесьці ў тэатрах Беларусі ў сувязі з пандэміяй каранавірусу рэжым карантыну на 2 тыдні з далейшай магчымасьцю перагляду тэрмінаў. Яе аўтары асьцерагаюцца, што сьмерць віцебскага актора Віктара Дашкевіча ад каранавірусу «можа апынуцца не адзінкавай», і сьцьвярджаюць, што «працягваючы працу ў штатным рэжыме, нават з улікам прынятых мераў прафіляктыкі, мы ставім пад пагрозу здароўе і жыцьцё гледачоў, работнікаў тэатра, іх родных і блізкіх».

13:44 31.3.2020

«Карантын запавольвае распаўсюд каранавірусу», — прадстаўніца WHO, якая хваліла Беларусь на дзяржаўным ТВ

У нядзелю тэлеканал ОНТ паказаў кароткае інтэрвію з прадстаўніцай Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO). У эфіры праграмы «Контуры» Маргарэт Гарыс хваліла Беларусь і падкрэсьліла важнасьць захаваньня эканомікі. Свабода задала прэс-сакратарцы WHO дадатковыя пытаньні.

— Амаль усе краіны спрабуюць замарозіць разьвіцьцё эпідэміі карантынам, але Беларусь гэтага ня робіць. Куды гэта вядзе?

— Карантын эфэктыўна выкарыстоўваецца падчас гэтай эпідэміі, каб стрымаць яе распаўсюд, у некалькіх краінах. Гэта адно зь некалькіх дзеяньняў, якія разам могуць быць часткай эфэктыўнай стратэгіі, якая дапаможа хутка выявіць, ізаляваць і спыніць успышкі. І хаця рашэньні пра тое, калі ўводзіць карантын, павінны прымацца самімі краінамі, мы бачым, што калі зрабіць гэта на пачатку эпідэміі, то гэта запавольвае распаўсюд COVID-19.

Чытайце інтэрвію цалкам.

13:20 31.3.2020

У Расеі 500 новых выпадкаў каранавірусу і 8 памерлых за суткі

Па стане на 31 сакавіка колькасьць зарэгістраваных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі ў Расеі склала 2337. За суткі колькасьць хворых павялічылася, паводле дадзеных расейскага Міністэрства аховы здароўя, на 500 чалавек.

Выпадкі заражэньня выяўлены ў 73 рэгіёнах Расеі. Найбольш іх у Маскве (387).

Памерлі ад ускладненьняў каранавіруснай інфэкцыі ў Расеі ўжо 17 чалавек, зь іх восем памерлі за апошнія суткі.

12:46 31.3.2020

«У прычынах сьмерці каранавірус не напішуць». Лекаркі пра тое, што цяпер адбываецца ў менскіх шпіталях

Дзьве лекаркі расказалі Радыё Свабода, што адбываецца ў менскіх шпіталях падчас пандэміі каранавірусу. Яны працуюць у розных месцах, маюць розныя спэцыяльнасьці і розны ўзрост, але сытуацыі, якія яны апісваюць, вельмі падобныя.

Доктарка менскага шпіталю расказвае, што іхную клініку тэрмінова прыстасавалі пад патрэбы кантактаў першага і другога ўзроўню. У гэтым шпіталі яна працуе некалькі гадоў. Графік мае — суткі праз трое. У залежнасьці ад колькасьці дзяжурстваў дзяўчына атрымлівае ад 800 да 1000 рублёў заробку. Пра надбаўкі да заробку ніхто не казаў, але ўжо папярэдзілі, што адпачынак сёлета давядзецца адкласьці.

«Спадзяюся, што гэтая інфармацыя дапаможа людзям зразумець сапраўдны стан рэчаў», — так кажа другая доктарка, якая на ўмовах ананімнасьці падзялілася са Свабодай актуальнай інфармацыяй пра сытуацыю з распаўсюдам і лячэньнем каранавіруснай інфэкцыі ў Менску.

Чытаць цалкам >>

12:35 31.3.2020

«Белавія» прыпыніла рэйсы ў Расею, Украіну і Казахстан

У сувязі з прыпыненьнем міжнародных авіяцыйных перавозак у шэрагу краін з прычыны сытуацыі з каранавірусам «Белавія» прыпыняе палёты на асобных маршрутах, гаворыцца на сайце авіякампаніі.

  • У аэрапорты Масквы (Дамадзедава, Шарамецьева) ад 31 сакавіка па 30 красавіка.
  • У аэрапорты Казахстану (Нур-Султан, Алматы) ад 31 сакавіка па 14 красавіка.
  • Ва ўсе аэрапорты Ўкраіны (Кіеў, Адэса, Львоў, Харкаў) ад 31 сакавіка да 24 красавіка.
12:32 31.3.2020

Лукашэнка пасьля першай сьмерці пацыента з каранавірусам: Падставаў пераносіць выбары няма

Як піша ананімны Telegram-канал «Пул первого», блізкі да прэс-службы Лукашэнкі, Лукашэнка сказаў старшыні Савету Рэспублікі Натальлі Качанавай, якая на Віцебшчыне «адпрацавала выходныя ў праблемным рэгіёне», наступнае: «Я не кажу, што там катастрофа нейкая, не. Проста Віцебская вобласьць у нас заўсёды і кліматам іншая, і троху зрушыўся гэты пік захворваньня».

Паводле Лукашэнкі, самая вялікая праблема ў цяперашні год — гэта эканоміка, але «палітычныя пытаньні нікуды ня зьнікнуць».

«Нам трэба ня толькі абмяркоўваць, але і плянаваць прэзыдэнцкія выбары, — казаў Лукашэнка Качанавай. — У нас пакуль няма падставаў пераносіць прэзыдэнцкія выбары, як некаторыя тут нам, ці то ворагі, ці то супернікі, падказваюць. Палітычныя пытаньні нікуды ня зьнікнуць. Іх трэба абмяркоўваць».

12:27 31.3.2020

Неафіцыйна: у пяці жыхароў Лельчыцкага раёну пацьвердзілі каранавірус

Жыхары райцэнтру Лельчыц Гомельскай вобласьці паведамілі Свабодзе, што зь іх райцэнтру і суседняй вёскі праз каранавірус забралі каля сотні чалавек.

Учора афіцыйна пацьвердзілі COVID-19 толькі ў дырэктара адной з гаспадарак. Як стала вядома ад інфармаванай крыніцы Свабоды, сёньня каранавірус пацьвердзілі ў пяці жыхароў вёскі. Цалкам чытайце тут>>

12:09 31.3.2020

Чаму мыць рукі менавіта 20 сэкундаў? Вось як гэта працуе

Адзін з самых эфэктыўных спосабаў абараніць cябе ад COVID-19 – часьцей мыць рукі. Чаму адмыслоўцы раяць мыць іх з мылам ня менш як 20 сэкундаў? Вось як мыла ваюе зь вірусам.

11:37 31.3.2020

Былы дырэктар віцебскага тэатру: і пасьля сьмерці калегі артыстаў гоняць на рэпэтыцыі

Заслужаны артыст Беларусі Рыгор Шацько паўтара дзясятка гадоў адпрацаваў дырэктарам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску. Увесь гэты час ён быў поруч зь Віктарам Дашкевічам, першай ахвярай пандэміі каранавірусу ў Беларусі.

Рыгор Іванавіч з сумам кажа, што цяпер на чарзе ўсе астатнія. Зь Міністэрства культуры прыйшоў загад працэсу не спыняць, рэпэтыцыі працягваць. Зыходзячы з дыягназу Віктара Дашкевіча, сябе Рыгор Іванавіч называе «наступным сьмяротнікам». Каранавірус паражае найперш хворыя лёгкія. У яго таксама хворыя лёгкія, плюс праблемныя ныркі. Але гатовы да таго, што паставяць дыягназ «запаленьне лёгкіх».

Інтэрвію цалкам >>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG